Менчука Руслана Трыбухоўскага затрымалі, калі ён шпацыраваў па горадзе з 9-га на 10-ае жніўня. Дадому ён вярнуўся толькі праз тыдзень. Перажытае падчас заключэння апісвае не інакш як катаванне ў некалькіх стадыях. Ён распавёў «Белсату», што з ім адбывалася падчас арышту.
Руслана Трыбухоўскага затрымалі ў ноч з 9-га на 10-ае жніўня. Зараз ён кажа, што яму «пашанцавала» – маўляў, узятых першага дня пасля выбараў катавалі менш жорстка, чымся тых, каго прывозілі 11-га і 12-га чысла.
«Нас па аднаму закідвалі ў аўтобус, забіралі тэлефон, і прапускалі праз шэраг амапаўцаў, якія лупілі нас кулакамі і дубінкамі, свяцілі ў вочы лампай».
Далей – больш. З затрыманых людзей пастанавілі зрабіць інсцэнізацыю фільму «Чалавечая шматножка».
«Нас змусілі скруціцца на падлозе абаранкам, упёршыся ў азадак чалавека перада мною. Я ўпёрся тварам не ў азадак, а ў боты. Гэта было больш брудна, але менш зневажальна».
На гэты ланцуг, наверх, накідвалі яшчэ і яшчэ людзей. І ўсё суправаджалася збіваннем. Калі партыю затрыманых трэба было перакінуць у аўтазак, то паміж аўтобусам і аўтазакам вышыхтоўваўся шэраг амапаўцаў, праз які людзей прапускалі і закідвалі ў аўтазак.
У так званым «стакане», які разлічаны на 4 чалавекі, знаходзілася 12 асобаў.
«Палохалі, што вязуць на расстрэл. Дыхаць не было чым, мы задыхаліся ў літаральным сэнсе. Тых, хто скардзіўся – білі. Трэба было маўчаць».
Ужо на Акрэсціна арыштаваных ізноў прапусцілі праз калідор дубінак, паставілі да сцяны на калені. Галаву трэба было апусціць максімальна ўніз, а рукі падняць на сцяну.
«Пад каленямі было дробныя каменне, а ў шортах было балюча. Але мы не проста стаялі, нам трэб было пастаянна варушыцца на каленях улева, па дробным каменні. Паралельна нас білі дубінкамі. Так працягвалася тры гадзіны».
Руслан яшчэ раз кажа, што яму вельмі пашанцавала. Пасля катавання камянямі іх адразу павялі ў падвал. Там людзей хапалі за валасы, падымалі, апускалі галаву амаль да каленяў, заломваючы рукі да вывіху ў суставах. У такой пазіцыі яны мусілі стаяць прыкладна гадзіну.
«Чаму пашанцавала? Бо тых, каго прывозілі пасля нас, яшчэ і моцна збілі перад гэтым».
Ён згадвае, што потым бачыў на Акрэсціна лужыны крыві, а ў іх – даўжэзныя пасмы валосся і выбітыя зубы. Яны належалі тым, каго збівалі ў наступныя дні.
Тых, каго затрымалі ў першы дзень пратэстаў, ставілі да іншай сценкі ў скляпенні, падкошвалі ногі, каб чалавек рэзка падаў каленамі на кафлю. У позе эмбрыёна, распранутымі да майткоў, змушалі стаяць, не адрываючы ад кафлі локцяў і каленяў. Калі нехта адрываў – білі.
«Тых, хто скардзіўся на боль у спіне – білі па спіне яшчэ мацней. Адзін хлопец папрасіў яго не біць па левай ягадзіцы, бо там была рана. Дык яму на азадку джынсы выразалі квадратам, каб біць менавіта туды».
У выніку без апісання ў людзей адабралі ўсе каштоўныя рэчы, шнуркі, дзягі. І кінулі ў камеры.
Далейшыя катаванні праходзілі без кантакту з карнікамі. Але ўяўлялі сабою ўскоснае ўздзеянне на арганізм. Руслан іх апісвае як «сістэмныя катаванні, вывераныя і адточаныя гадамі і дзесяцігоддзямі існавання ізалюючых установаў савецкага ўзору».
Перрадусім гэта катаванне праз абмежаваную прастору ў камеры. Яна была разлічаная на 6 чалавек, але на той момант людзей у ёй было 27.
«У той момант мне здавалася, што гэта вельмі шмат, і гэта не зусім нармальна. Я быў шчыра перакананы, што гэтая сітуацыя – часовая і нас нагрузілі ў яе як у хаб, каб пазней размяркоўваць па камерах. Тады я яшчэ не разумеў, што знаходзіўся ў даволі прыстойных умовах».
Потым у камеру пачалі дадаваць людзей. У пэўны момант нас стала каля 40. Не было магчымасці нават выцягнуць ногі на падлозе – трэба было спаць звярнуўшыся абаранкам.
Руслан спачатку меркаваў, што тры яскравыя пражэктары не згасілі на ноч выпадкова. Ад святла моцна балела галава. Тым не менш сон у першы дзень быў бадай што самым доўгім за ўвесь час прыбывання – паспаць атрымалася ажно 3 гадзіны. Далей працягвалася сапраўднае катаванне сном. Затрыманых будзілі ўначы, змушалі станавіцца на калені, галаву – у падлогу. Усе гэтыя дзеянні суправаджаліся лаянкаю з боку адміністрацыі ЦІПу.
У дадатак затрыманых не кармілі ўвогуле і не давалі ім вады. Колькі зараз часу – яны таксама не ведалі.
Гук аўтазакаў, якія пад’язджалі, суправаджаўся жудаснымі крыкамі і стогнамі. Часам з камеры выводзілі іншых арыштаваных. Проста заходзіў назіральнік і чытаў некалькі прозвішчаў са спісу. Звычайна тыя, чые імёны прагучалі, болей не вярталіся. Білі толькі ўначы.
«Потым я сустрэўся з некаторымі з гэтых хлапцоў. Двух з іх проста перавялі ў іншую камеру, яшчэ двух вывелі ў двор і збілі да такога стану, што хадзіць стала нерэальна. Ногі былі падобныя на чырвонае месіва. Што ж з імі зрабілі потым? Выкінулі за парог турмы і сказалі, што ёсць пяць хвілінаў, каб схавацца. Бо інакш выйдуць на паляванне».
Камусьці ўдалося ўцячы. Аднак частка людзей нават не здолела падняцца. Што з імі цяпер, не вядома. Адзін з гэтых хлопцаў змушаны рабіць аперацыю на ногі, бо ў яго ўтварыліся крывяныя каўбасы. Яму будуць рэзаць ногі.
Руслан згадвае, што яшчэ затрыманых катавалі не аказаннем медычнай дапамогі.
«Яны яўна не былі зацікаўленыя, каб мы здохлі. Але ў астатнім было абсалютна напляваць на нашае здароўе».
Як доказ ён згадвае адзін дзень, калі ў камеры было каля 40 чалавек, а на вуліцы было вельмі горача. У пакоі не было чым дыхаць. Адзін мужчына паклікаў лекара, казаў, што ягонае сэрца зараз не вытрымае. Яму далі лек, які аніяк не падзейнічаў. Іншаму хлапцу не дапамаглі з ранаю ад аскепка гранаты.
Супрацоўнікі ЦІП маглі выліць вядро халоднай вады ў вельмі душную камеру. Гэта пераўтварала яе ў сапраўдную лазню.
Раніцаю 13 жніўня Руслана разам з іншымі вывялі з камеры і павезлі ў іншае месца. Куды дакладна – не ведалі нават амапаўцы, якія суправаджалі. У выніку яны прыехалі ў слуцкі Лячэбна-працоўны прафілакторый. На фоне Акрэсціна ён выглядаў ледзь не як санаторый.
«Было бачна, што вартаўнікі самі не разумеюць, што адбываецца і яны нам спачуваюць. Яны не маглі ўцяміць, чаму нармальныя інтэлігентныя хлопцы ад 18 да 25 гадоў такія вельмі збітыя і параненыя і што яны тут робяць?».
Толькі там іх пакармілі, далі памыцца і паспаць. На наступны дзень пачалося вызваленне. Пад вечар калонаю падвялі да выхаду, дзе сядзелі супрацоўнікі МУС. Яны выдавалі арыштаваным паперу пра крымінальную адказнасць за ўдзел у мітынгах.
Але ўсе рэчы засталіся на Акрэсціна: людзі былі без грошай, ключоў, тэлефонаў, дакументаў. Некаторых людзей утрымлівалі абсалютна незаконна – нават без пратаколаў і судоў.
«У іх няма аніякіх дакументаў, што над імі здзекаваліся. Аніякіх увогуле!», – абураецца Руслан.
Руслан схуднеў на 10 кілаграмаў за час затрымання. Свой псіхалагічны стан апісвае як няважны.
«Спачатку, калі выйшаў, як ні дзіўна, было добра. Але цяпер я разумею што проста знаходзіўся ў прастрацыі. Потым пачало накрываць галаўнымі болямі, апатыяй і іншымі цікавінкамі. Цяпер няма апетыту і сну, вельмі трывожныя думкі, што яны прыйдуць зноў, бо ў нас амаль ва ўсіх неадседжаныя содні», – прызнаецца мужчына.
Ён жыве ў прыватным доме, і гук грузавіка ўначы на вуліцы змушае ўскочыць і апранацца.
«Думаю, што гэта аўтазак».
Ён не выключае, што звернецца па псіхалагічную дапамогу.
«Першапачаткова не планаваў звяртацца па дапамогу. Меркаваў, што па-геройску сам спраўлюсяа. Аднак некаторыя моманты не трэба закопваць глыбей, таму сапраўды дапамога патрэбная».
***
Паводле звестак МУС каля 7000 чалавек былі затрыманыя ў перыяд з 9 па 12 жніўня. Шмат хто з іх быў жорстка збіты, паранены гумавымі кулямі або аскепкамі гранатаў.
Ахвяры катаванняў і рэпрэсіяў могуць звярнуцца да шэрагу ініцыятываў па бясплатную псіхалагічную дапамогу. Напрыклад, вось сюды.
Ксенія Тарасевіч, belsat.eu