У грамадзянаў «вялікая колькасць пытанняў». Ваенкамы запэўніваюць, што мабілізацыі ў Беларусі няма. А што ёсць?


У Беларусі з кастрычніка па канец снежня праходзіць зверка звестак ваеннаабавязаных грамадзянаў, якія знаходзяцца на воінскім уліку. Пры гэтым вайскоўцы ўпэўніваюць, што аніякай мабілізацыі ў краіне не праводзяцца. Адпаведныя артыкулы выйшлі ў свет на старонках адразу некалькіх рэгіянальных медыяў.

Ваеннаабавязаныя падчас зверкі звестак.
Фота: edinstvo.by

Ваенны камісар Баранавічаў, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Вадзім Каролік патлумачыў, што для праверкі грамадзянаў выклікаюць у ваенкамат пераважна позвамі, а таксама па тэлефоне або праз кадравы аддзел прадпрыемства. У сярэднім зверка даных займае не больш за 15 хвілін, пасля чаго грамадзяне адпраўляюцца на працу або дадому, паведамілі ў Баранавіцкім гарвыканкаме.

Да персанальных звестак воінскага ўліку ваеннаабавязанага адносіцца: прозвішча і імя, дата нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар, звесткі пра месцы працы, рэгістрацыі, жыхарства, удакладненне нумароў тэлефонаў і ступені прыдатнасці.

Аб’ектыў
Да чаго рыхтуюцца беларускія ваенкаматы?
2022.11.16 22:06

Як растлумачыў ваенны камісар Барысаўскага і Крупскага раёнаў Валерый Раманоўскі, яўка ажыццяўляецца ў намечаным рэжыме. Ваеннаабавязаныя добрасумленна прыбываюць на пункт папярэдняга збору, падаюць неабходныя дакументы, паведамляе «Адзінства».

У сваю чаргу старшы лейтэнант Кацярына Шалтанюк адзначыла, што асноўны акцэнт зроблены на ўдакладненне звестак аб афіцэрах запасу, прызначаных для даўкамплектавання падраздзяленняў. Паводле яе, падчас зверкі звестак атрымліваецца «ўдакладніць не толькі цікавую для нас інфармацыю, але і ацаніць агульны настрой асабістага складу».

Звяраюць рэгулярна, але ёсць нюанс

Ваенны камісар Гомельскага раёну Дзмітрый Калеснікаў выданню «Маяк» распавёў, што падобныя падзеі ладзяцца рэгулярна, але адметнай рысай сёлетніх мерапрыемстваў стаў адначасовы выклік большай, чым звычайна, колькасці ваеннаабавязаных. Паводле яго, «гэта спарадзіла мноства фэйкаў, якія распаўсюджваюцца ў інтэрнэце, пра нібы мабілізацыю, якая праводзіцца ў Беларусі».

«Не варта давяраць чуткам, бо ніякіх мабілізацыйных мерапрыемстваў у Беларусі не праводзіцца», – заявіў Калеснікаў.

Таксама і Андрэй Пухальскі, ваенны камісар Лепельскага і Ушацкага раёнаў, у артыкуле на сайце «Лепельскага краю» піша, што зверка звестак ваеннаабавязаных «маюць выключна планавы характар», а «мабілізацыйныя мерапрыемствы не праводзяцца».

Пры гэтым Пухальскі адзначыў, што выклік у ваенкамат для зверкі звестак юрыдычнай адказнасці «не нясе», разлік выключна на «свядомых грамадзянаў». А недакладныя ці састарэлыя звесткі «могуць аказаць негатыўнае ўздзеянне на работу ваеннага камісарыяту».

Пухальскі таксама прызнаў, што «пры зверцы даных гучыць вялікая колькасць пытанняў», якія «ў асноўным датычацца сённяшняй сітуацыі».

«Мы ўсіх супакойваем з улікам таго, што ў нас ніякіх утоеных мерапрыемстваў не праводзіцца», – заявіў ваенком і падкрэсліў: «мерапрыемствы мабілізацыі ў рэспубліцы не праводзяцца».

Але таксама прызнаў: колькасць ваеннаабавязаных, якіх выклікаюць для зверкі, большая, чым звычайна.

Аб’ектыў
Вайсковы камісарыят Берасцейскай вобласці абвесціў тэндары на друк мабілізацыйных позваў
2022.11.15 22:40

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў