Амерыканскае фінансавае выданне «Bloomberg» са спасылкай на ананімнага прадстаўніка Еўразвязу расказала 26 траўня пра планы на новы пакет еўрапейскіх санкцыяў – цяпер у адказ на захоп Беларуссю самалёта «Ryanair» і арышт журналіста Рамана Пратасевіча.
Афіцыйных пацверджанняў ці абвяржэнняў інфармацыі выдання пакуль не было. Прадстаўнік «Беларуськалію» ў лісце выданню назваў інфармацыю «занадта спекулятыўнай».
Паводле Bloomberg, «больш жорсткія захады могуць быць накіраваныя на калійную вытворчасць». Калій з’яўляецца галоўным экспартным таварам Беларусі, які забяспечвае вялікую долю еўрапейскага попыту, і адзінай мінеральнай сыравінай, на якую багатая Беларусь, піша выданне. «Беларуськалій» – адна з найвялікшых дзяржаўных кампаніяў Беларусі. Санкцыі таксама могуць закрануць авіякампанію «Белавія».
Акрамя таго, наступныя санкцыі маюць уключаць людзей, звязаных з захопам самалёта «Ryanair», піша Bloomberg. Чакаецца, што гэтыя санкцыі прымуць 21 чэрвеня.
«Апошнім часам наладжванне адзінагалосся паміж урадамі Еўразвязу аказалася складаным, і некалькі краінаў імкнуліся пазбегнуць шкоды для сваёй эканомікі і не выклікаць утварэнне супярэчлівых палітычных альянсаў», – піша «Bloomberg» і адзначае, што праз гэта прапановы аб санкцыях павінны быць вельмі дакладнымі і адназначнымі.
Санкцыі супраць беларускага калію могуць узняць цэны на калійныя ўгнаенні ў Еўропе, бо Беларусь забяспечвае каля 25% еўрапейскага попыту на іх. Але беларускую прадукцыю можа даволі хутка замяніць расейская, кажа аналітык.
АА belsat.eu