Нягледзячы на вайну, Украіна працягвае пастаўляць расейскі газ у Еўропу


Транзіт расейскага газу праз Украіну ў краіны Еўрапейскага Звязу дагэтуль працягваецца. Пра гэта заявіў у эфіры ранішняй «Студыі «Белсат» дырэктар энергетычных праграмаў украінскага Цэнтру Разумкова Уладзімір Амельчанка.

Аднак, паводле яго, пастаўкі ідуць не ў кантрактных аб’ёмах, якія прадугледжваюць прыкладна 109 млн кубаметраў за содні. Рэальна пастаўляецца каля 40 млн кубаметраў.

«Украіна гэта робіць з адной прычыны – праз вельмі вялікія просьбы нашых еўрапейскіх партнёраў», – распавёў Амельчанка.

Ён адзначыў, што ў выпадку спынення паставак цэны на газ у Еўразвязе яшчэ больш вырастуць, і «Еўропе будзе нашмат цяжэй дапамагаць Украіне».

«Украіна дапамагае і задавальняе гэтыя каласальныя просьбы з Еўрапейскага Звязу», – падкрэсліў эксперт.

Ён адзначыў, што Расея ўжывае супраць ЕЗ «газавую зброю», у выніку чаго вельмі моцна растуць кошты на газ. Але, паводле яго, у Еўразвяз павялічваюцца пастаўкі газу з іншых краінаў, якія маюць замяніць расейскі.

«Расейскі «Газпром» хоча надыхацца перад сваёй смерцю на еўрапейскім рынку. Апошні глыток паветра для «Газпрому» перад тым, як ён пакіне еўрапейскі рынак і ягоная капіталізацыя будзе знішчаная», – адзначыў Амельчанка.

Пры гэтым, дадаў ён, азіяцкі рынак няздольны кампенсаваць для РФ страту еўрапейскага.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў