Вядомы інфекцыяніст Мікіта Салавей пракаментаваў на сваёй старонцы ў Facebook пастанову Міністэрства аховы здароўя скасаваць абавязковы масачны рэжым у Беларусі.
На старонцы ў Facebook медык адзначае, што Мінздароўя прыняло гэтае рашэнне, «хутчэй за ўсё, нават не на піку захворвання, калі паліклінікі і стацыянары ўстановаў аховы здароўя ўсіх рэгіёнаў краіны захлынаюцца ад пацыентаў з COVID-19, нястачы кіслароду, лекавых сродкаў, калі прыпынілі дапамогу пацыентам практычна з усёй планавай паталогіяй, калі шмат якім пацыентаў нават з вострымі хваробамі дактары вымушаныя адпраўляць лячыцца дадому, бо фізічна няма куды шпіталізаваць».
Салавей кажа, што пазіцыя кіраўніцтва ведамства яго не здзіўляе:
«Ужо даўно асноўная мэта гэтага «міністэрства» – выслужыцца перад вышэйшымі чыноўнікамі, і дакладна не клопат пра людзей, усе паслядоўныя дзеянні ад фальсіфікацыяў статыстыкі пра захворванне і смяротнасць ад ковіду да дзіўна «тактычных» рашэнняў пра гэта яскрава сведчаць. Службовым асобам у недалёкай будучыні за гэта яшчэ давядзецца адказаць перад законам і беларускім народам».
Але вядомага інфекцыяніста здзіўляе пазіцыя вельмі многіх ягоных калегаў.
«Няўжо ў санітарна-эпідэмічнай службе, інфекцыйнай службе, анестэзіялогіі ды рэаніматалогіі, іншых галінах сярод штатных і пазаштатных спецыялістаў не засталося сапраўдных дактароў, для якіх здароўе і дабрабыт уласнага народу значна важнейшыя, чым імгненны дабрабыт купкі чыноўнікаў?
Колькі яшчэ трэба сотняў смерцяў пацыентаў за дзень, каб вы дасталі свае языкі з аднаго месца і нарэшце пачалі рабіць усё магчымае для спынення варʼяцтва, якое робіцца з ковідам?»
Салавей заклікаў беларусаў як мага хутчэй вакцынавацца, выкарыстоўваць маскі хоць бы ў транспарце і месцах масавага збору людзей, адмяніць неабавязковыя паходы ў крамы, гандлёвыя цэнтры, на забаўляльныя імпрэзы.
ІІ belsat.eu