Расея абмежавала адгрузку нафты з Казахстану праз порт у Новарасійску. Гэта асноўны маршрут для транспартавання казахстанскай нафты ў Еўропу.
Афіцыйнай прычынай абмежавання сталі тарпеды і міны часоў Другой сусветнай вайны, знойдзеныя ў акваторыі побач з тэрміналам, дзе заканчваецца нафтаправод з Казахстану. Працы размінавання, што могуць трываць да канца месяца, прызначаныя на 20 чэрвеня, піша «Коммерсантъ».
Таксама стала вядома, што Казахстан прыпыніў транзіт расейскага вугалю. Так, улады Казахстану заблакавалі на сваёй тэрыторыі 1700 вагонаў з вугалем, перадае «Можем объяснить».
Між тым у Камітэце транспарту Міністэрства індустрыі і інфраструктурнага развіцця Казахстану заявілі, што паведамленні пра блакаванне расейскіх вагонаў з вугалем – фэйк.
«На тэрыторыі Казахстану няма 1700 вагонаў з расейскім вугалем. На шляхах РЖД таксама няма вагонаў з вугалем, што стаяць у кірунку Казахстану або з РК», – заявілі ў ведамстве, перадае «Orda».
У ведамстве таксама дадалі, што «ўсё ў штатным рэжыме, ніякіх затрыманняў у экспарце і імпарце няма».
Усё гэта адбываецца на фоне рэзкіх заяваў прэзідэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева падчас эканамічнага форуму ў Санкт-Пецярбурзе. Такаеў, сярод іншага, 17 чэрвеня падчас сесіі з Уладзімірам Пуціным публічна заявіў пра недапушчальнасць прызнання ягонай краінай самаабвешчаных ДНР і ЛНР.
Якуб Хруст belsat.eu