«Беларусы і ўкраінцы». Сярод затрыманых у Польшчы расейскіх шпіёнаў расейцаў не было


Крыніцы газеты «Rzeczpospolita» паведамілі, што сярод дзевяці асобаў, затрыманых у Польшчы за супрацу з расейскімі спецслужбамі, няма расейцаў. «Расея вербавала ў шпіёнскую групу беларусаў і ўкраінцаў», – напісала выданне.

Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW).
Фота: gov.pl

Напярэдадні зрабілася вядома пра затрыманне ў Польшчы дзевяці асобаў, якія, на думку польскіх спецслужбаў, рыхтавалі дыверсіі на замову расейскай выведкі. Паведамлялася, што сярод падазраваных – трое беларусаў.

Газета «Rzeczpospolita» сёння напісала, што ў «шпіёнскай групе былі толькі беларусы і ўкраінцы». Крыніцы выдання адзначаюць, што Масква наўмысна вербавала грамадзянаў іншых краінаў, бо асобы з расейскімі пашпартамі «адразу кідаліся б у вочы».

«Шпіёнаў завабілі грошы. У Агенцтве ўнутранай бяспекі ёсць доказы таго, што яны стала атрымлівалі ўзнагароджанне ад расейскіх спецслужбаў», – гаворыцца ў артыкуле выдання «Rzeczpospolita».

Разбор
Сярод затрыманых у Польшчы тры беларусы. Адзін дакладна звязаны з КДБ. Што пра іх вядома
2023.03.16 15:47

Пракуратура выставіла затрыманым абвінавачванне ў шпіянажы на карысць Расеі і ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы. Максімальнае пакаранне – 10 гадоў турмы. Шасцёра фігурантаў справы ўжо арыштаваныя, найбліжэйшым часам, пасля завяршэння допытаў, такую ж меру стрымання следчыя папросяць для астатніх трох падазраваных.

Раней міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы, каардынатар спецслужбаў Мар’юш Каміньскі паведаміў, што агенты дзеялі ў Падкарпацці, на чыгуначных маршрутах у бок памежных пераходаў з Украінай. Акурат гэтым шляхам ідзе і вайсковая тэхніка, і гуманітарная дапамога Украіне.

«У задачы групы ўваходзіла дакументаванне транспартавання зброі, якое ажыццяўляецца для Украіны. Падазраваныя таксама рыхтаваліся да дыверсійных дзеянняў, накіраваных на паралізацыю перадачы тэхнікі, зброі і дапамогі Украіне», – заявіў міністр.

Hавiны
За шпіянаж і рыхтаванне дыверсіяў у Польшчы затрымалі 9 «замежнікаў з-за ўсходняй мяжы»
2023.03.16 13:30

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў