У праўладных тэлеграм-каналах з’явілася «пакаяннае» відэа з вайскова-палітычным аглядальнікам Ягорам Лебядком, пра затрыманне якога стала вядома ўвечары 13 ліпеня, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
На відэа Ягор кажа, што ён вайскова-палітычны аглядальнік, вядзе свой канал, які асвятляе пытанні вайсковай бяспекі, дае інтэрв’ю каналам, «якія прызнаныя ў нас экстрэмісцкімі, на тэму вайны ва Украіне і на іншыя пытанні». Таксама затрыманы кажа, што ў жніўні 2020 года наведваў «недазволеныя заканадаўствам масавыя мерапрыемствы».
Аўтары праўладных тэлеграм-каналаў заяўляюць, што Лебядок «паліваў брудам расейскую і беларускую армію».
Увечары 13 ліпеня імя Ягора Лебядка з’явілася ў спісе затрыманых на Акрэсціна, размешчаным у тэлеграм-канале @spiski_okrestina.
Ягор Лебядок – вайскова-палітычны аглядальнік, неаднойчы каментаваў у СМІ вайну ва Украіне і сітуацыю ў Беларусі, вядзе свой тэлеграм-канал. Фізік паводле адукацыі, скончыў БДУ. У 2005–2007 гадах служыў у 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь на пасадзе камандзіра ўзводу. Потым працаваў у Інстытуце фізікі АН РБ, адкуль быў звольнены ў студзені бягучага года.
З 2010 да 2014 года быў дэпутатам Смалявіцкага раённага савету дэпутатаў 26-га склікання ад Жодзінскай выбарчай акругі № 1.
Лебядок заставаўся ў Беларусі і жыў у Смалявічах пад Менскам.
Марыя Міхалевіч belsat.eu