Лукашэнка падагнаў з перарэгістрацыяй некамерцыйных установаў, бо прыхільнікі патрабуюць «зачыстку»


У час нарады аб дзяржаўнай службе 6 траўня Аляксандр Лукашэнка «прывёў адмоўны прыклад выканаўчай дысцыпліны» дзяржаўных службоўцаў, перадае ягоная прэс-служба: падначаленыя за месяц не адрэагавалі на ягоны заклік перарэгістраваць некамерцыйныя ўстановы.

«Вы што, чакаеце новай хвалі? – абураўся Аляксандр Лукашэнка. – Нам ужо палітолагі, нашы прыхільнікі, дэпутаты і іншыя, пальцам паказваюць, ужо патрабуюць: вы зачысціце грамадства, мы бачым, што адбывалася. А мы чаго чакаем? Вы ж ведаеце, што праз гэтыя структуры ідзе фінансаванне гэтых бандытаў унутры краіны».

Пра якія менавіта ўстановы і якіх бандытаў ішла гаворка, не паведамляецца, як і не ўдакладняецца, «новай хвалі» чаго менавіта баіцца Лукашэнка.

Два дні таму Лукашэнка казаў прэм’ер-міністру аб даручэнні ўраду «паглядзець на дзейнасць» заходніх гуманітарных праграмаў і назваў некамерцыйныя арганізацыі «замежнымі агентамі, рознага кшталту бандытамі, якія чыняць тут абдзіралаўку і іншае». Кіраўніку сваёй адміністрацыі ён даручыў перарэгістраваць гэтыя арганізацыі, а таксама сродкі масавай інфармацыі. А тры месяцы таму Лукашэнка патрабаваў перарэгістраваць палітычныя партыі.

Hавiны
Рэферэндум сумесцяць з мясцовымі выбарамі, а папярэдне перарэгіструюць партыі
2021.02.12 14:37

Паводле Міністэрства юстыцыі, на 1 студзеня 2021 году ў Беларусі было 3021 грамадскае аб’яднанне і 43 865 арганізацыйных структураў грамадскіх аб’яднанняў, 26 522 прафсаюзных структураў 25 прафсаюзаў, 15 палітычных партыяў і 1198 партыйных арганізацыяў, 42 асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў і 227 фондаў, з якіх 18 – міжнародныя. Апошні раз новую палітычную партыю ў Беларусі рэгістравалі 21 год таму.

АА belsat.eu

Стужка навінаў