«BYPOL»: Некаторых беларусаў не пускаюць у краіну


Некаторых грамадзянаў Беларусі не пускаюць у краіну пасля правярання на мяжы. «BYPOL» заяўляе, што такіх выпадкаў не менш чым 20. Людзей просяць паказаць тэлефоны, скануюць віды на жыхарства ў іншых краінах, а некаторых наогул не пускаюць у Беларусь.

Беларуская мяжа.
Фота: sb.by

«Вядома прынамсі пра 20 такіх выпадкаў. Шмат сітуацыяў, калі чалавеку прад’явіць і няма чаго, але нейкія да ягонай асобы падазрэнні ўзнікаюць – і прымаецца рашэнне не пускаць яго ў Беларусь. Прычынаў не тлумачаць», – распавёў прэс-сакратар «BYPOL» Аляксандр Кабанаў парталу «Зеркало».

Канкрэтных выпадкаў, на якіх пунктах пропуску гэта адбылося, Кабанаў не назваў, але дадаў, што гэтая інфармацыя прыходзіць у чат-боты супольнасці беларускай незалежнай паліцыі.

«Ёсць і тыя, хто сам нам пісаў, што праверылі пашпарт, глядзелі нейкую базу звестак, а пасля апытання не пусцілі ў краіну», – адзначыў прэс-сакратар «BYPOL».

Аляксандр Кабанаў мяркуе, што, відаць, існуюць нейкія спісы людзей і ўлады такім чынам спрабуюць не дапусціць пранікнення ў краіну «дыверсантаў». Ён адзначае, што правяранні на мяжы праводзяцца рандомна і звязвае іх правядзенне з папярэднім рыхтаваннем да магчымага канфлікту з Украінай.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў