«BYPOL» паказаў, як атакавалі расейскі самалёт у Мачулішчах


«BYPOL» апублікаваў невялікі фрагмент відэа атакі дронамі расейскага вайсковага самалёта ДРЛА А-50У у Мачулішчах.

Тым часам стала вядома, што расейскі самалёт вылецеў з аэрадрому. «Беларускі гаюн» паведаміў, што самалёт А-50У перакрочыў мяжу Беларусі з РФ. Паводле папярэдняй інфармацыі, борт накіроўваецца на 325-ты Авіяцыйны рамонтны завод, які знаходзіцца ў Таганрозе. Менавіта ААТ «325 АРЗ» з’яўляецца прадпрыемствам, якое, у тым ліку займаецца рамонтам агрэгатаў самалётаў А-50.

Параўнанне фотаздымкаў самалёта А-50 да і пасля выбухаў у Мачулішчах.
Фота: «Беларускі Гаюн» / Telegram

Тым не менш, Мінабароны Беларусі вырашыла зняпраўдзіць гэтую інфармацыю і паведамляе, што нібыта А-50 у адпаведнасці з планам у суправаджэнні іншых самалётаў здзейсніў аблёт дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Кіраўнік арганізацыі «ByPol» Аляксандр Азараў у каментары «Белсату» адзначыў, што вылет самалёта не даказвае, што на борце працуе ўсё радыёлакацыйнае абсталяванне.

«Беларускі гаюн» таксама дадае, што афіцыйныя Менск і Масква вельмі жадаюць, каб усё думалі, што атакі не было і з самалётам усё ў парадку. Атака па адным з самых дарагіх расейскіх самалётаў – гэта таксама ўдар па іміджы рэжыму Лукашэнкі і войска Расеі, якія нібыта падавілі любое іншадумства ў Беларусі.

Каментар
«Гэта не даказвае, што абсталяванне цэлае». Кіраўнік «BYPOL» – пра вылет А-50 з Мачулішчаў
2023.03.02 13:57

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў