Вадзім Мажэйка: Лукашэнка хоча паўтарыць лёс паўночнакарэйскага Кіма, а не лёс Кадафі


У пасланні народу і парламенту Лукашэнка закрануў даволі шмат тэмаў. На працягу 4,5 гадзінаў ён разважаў пра праблемы ўнутры краіны, пра вонкавапалітычныя аспекты. Аналітыкі, кажуць, што слухаць прамову было даволі складана, цяжка яе і аналізаваць. Але галоўныя моманты – гэта вайна ва Украіне, размяшчэнне ядравай зброі і заканчэнне палітычнага крызісу ў Беларусі, які распачаўся яшчэ ў 2020 годзе.

Аляксандр Лукашэнка падчас звароту да беларускага народу. Менск, Беларусь. 31 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка ў пасланні народу і парламенту заявіў, што будзе самастойна карыстацца ядравай зброяй, якую ў Беларусь можа паставіць Расея. Але праз некалькі гадзінаў пасля яго заявы ў ААН беларускі і расейскі прадстаўнікі сказалі, што РФ не паставіць Беларусі ядравую зброю, але толькі размесціць і кіраваць, абслугоўваць і карыстацца ёю будзе менавіта Расея.

Аналітык Вадзім Мажэйка, каардынатарам сеткі «Наша меркаванне» ў эфіры «Белсату» выказаў меркаванне, што Расея не будзе проста так аддаваць самую моцную ў свеце зброю, асабліва ў час вайны.

«Бо ёсць сумневы, што ў беларускага войска ёсць кампетэнцыі па абслугоўванні яго. Гэта ўсё мары Лукашэнкі, які лічыць, што нібыта сам будзе распараджацца зброяй. Будзе хутчэй як у часы СССР, калі ядравая зброя была на тэрыторыі Беларусі, але вырашаў усё менавіта Крэмль», – кажа Вадзім Мажэйка.

У сваёй прамове Лукашэнка таксама заявіў, што расейскія войскі не акупавалі Беларусь, што яны навучаюцца ў беларускіх афіцэраў. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі бадай упершыню ўзяў на сябе адказнасць за саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны і пацвердзіў гэты ўдзел.

«Падобна, што Лукашэнка ўжо не верыць у магчымасць пазбегнуць адказнасці за ўдзел у вайне, а імкнецца атрымаць ядравую зброю, што абароніць яго, як і кіраўніцтва Расеі. Паколькі невядома, як можа атрымаць перамогу над дзяржавай, якая мае ядравую зброю. Лукашэнка спадзяецца паўтарыць лёс паўночнакарэйскага Кіма, а не на лёс Кадафі», – кажа Вадзім Мажэйка.

Аналітыка
Курс на таталітарызм і ядравы шантаж. У чым сэнс звароту Лукашэнкі
2023.03.31 21:14

Адна з тэмаў, якая прагучала на пасланні з вуснаў Лукашэнкі – гэта абмен палітвязня Анджэя Пачобута на Паўла Латушку. Кіраўнік НАУ таксама адрэагаваў на гэтую прапанову.

Вадзім Мажэйка кажа, што адказ Латушкі выглядае даволі палітычна прыгожа. Але крыху гэта і папулізм. Паколькі прагучалі вельмі гучныя заявы, але яны нерэалістычныя. Польшча не можа прыняць умовы аб абмене. А Лукашэнка ў сваю чаргу не выпусціць палітвязняў.

«Калі глядзець агулам, то стратэгічна ўсе разумеюць, што трэба пераадольваць крызіс, які распачаўся ў 2020 годзе. Але пакуль бачым, што прапановы нерэалістычны, бо кожны з бакоў патрабуе ад іншага больш, чым той можа выканаць. Прымусіць Лукашэнку скласці ўладу не ўдалося. Прапановы Алеся Бяляцкага, Іосіфа Сярэдзіча пра дыялог і прымірэнне пакуль таксама не знаходзяць прыхільнікаў у кожным з бакоў. Ніхто да прымірэння не гатовы. Адпаведна, рэальнага прымірэння ў беларускім грамадстве пакуль не будзе», – кажа аналітык.

І сітуацыя з крызісам значна зацягваецца. Але аўтарытарызм пасля таго як распачаў вайну ва Украіне імкліва пачаў набліжаць свой канец, лічыць Вадзім Мажэйка. Бег гісторыі стаў больш хуткім, далей усё будзе залежыць ад грамадства.

Каментар
Лукашэнка пагражае ядравай зброяй, але выступае за мір
2023.03.31 21:45

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў