Страты Украіны ад вайны перавысяць $ 1 трлн


Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль у інтэрвʼю «Интерфакс-Украина» адзначыў, што верагодныя страты Украіны праз вайну складуць каля аднаго трыльёна долараў. Шмыгаль адзначыў, што разлік пакуль экспертны, але страты структураваныя.

Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.
Фота: kmu.gov.ua

«Страты, падлічаныя ўскосна, з улікам стратаў за бліжэйшыя гады, – гэта больш за трыльён долараў», – сказаў ён.

Паводле ўкраінскага прэмʼера, першы складнік стратаў – пашкоджанні інфраструктуры.

Палітык адзначыў, якім чынам зʼявілася такая астранамічная лічба:

«Гэта тое, што мы страцілі ў выніку прамога разбурэння: масты, дарогі, жыллё, будынкі, але гэтыя лічбы растуць з кожным днём. Цяпер наша ацэнка складае каля 120 мільярдаў долараў. Калі ўлічыць вайсковую інфраструктуру і іншыя цывільныя выдаткі, больш за 270 мільярдаў долараў».

Кіраўнік украінскага ўраду ўдакладніў, што для дэталёвага разліку створаны рэестр страчанай маёмасці, частка будзе працаваць праз «Дію», дзе кожны зможа зарэгістраваць страты, нанесеныя ягонай уласнасці. Украінскія ўлады жадаюць весці дакладны ўлік усіх пашкоджанняў.

Ён дадаў, што другім складнікам зʼяўляецца падлік стратаў ва ўкраінскай эканоміцы.

«Гэта падзенне ВУП за месяц, калі мы будзем працягваць ваенныя дзеянні. Гэта страты прыбытку і адсутнасць інвестыцый на нашых прадпрыемствах. Паводле нашых ацэнках, гэта больш за 290 мільярдаў долараў», – пракаментаваў сітуацыю Шмыгаль.

Паводле яго, трэцяя частка – гэта страты, якія панясе дзяржава ад зніжэння ВУП у будучыні.

Кіраўнік украінскага ўраду адзначыў, што даваенныя планы развіцця эканомікі краіны былі фактычна знішчаныя. Прыбытковыя прадпрыемствы, якія стваралі працоўныя месцы, разбураюцца ракетнымі ўдарамі. Таму пасля вайны ў эканамічным развіцці Украіну чакаюць, на думку Шмыгаля, істотныя змены.

Паводле звестак Дзяржстату Украіны, у 2021 годзе ВУП Украіны вырас на 3,4 % пасля зніжэння на 3,8 % у 2020 годзе, яго намінальны абʼём склаў каля 200 мільярдаў долараў.

Стужка навінаў