Поспехі расейцаў на розных участках фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 705-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 29 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

forum-0761667753
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ignacio Marin / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Удзень 29 студзеня ў Міністэрстве абароны РФ афіцыйна паведамілі пра захоп сяла Табаеўка на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate сцвярджаюць, што расейцы так і не змаглі замацавацца ў самім населеным пункце і былі адкінутыя на ўсходнія ўскрайкі. Адзначаецца, што такая сітуацыя ў першую чаргу выкліканая асаблівасцямі мясцовага рэльефу: Табаеўка знаходзіцца ў нізіне, а з усходу і захаду ад яе – вышыні, якія кантралююцца, адпаведна, рознымі бакамі. Такім чынам фактычна сяло знаходзіцца ў так званай шэрай зоне.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што цяпер расейцы засяродзіліся на спробах прасунуцца да суседніх населеных пунктаў Бераставое і Пясчанае.

Акрамя гэтага на купянскім кірунку працягваюцца сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Сынькоўка. У Deepstate гавораць, што УС РФ дасягнулі поспеху ў лясным масіве на захадзе ад сяла. Цяпер сілы абароны Украіны праводзяць стабілізацыйныя мерапрыемствы на гэтым участку фронту, а таксама спрабуюць адбіць страчаныя пазіцыі.

Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што поспехі расейцаў на кірунку ў першую чаргу звязаныя з хаосам у дзеяннях саміх украінцаў, падраздзяленні якіх дрэнна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой.

На ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ цягам содняў шэсць разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Церны і Ямпалаўка ў Данецкай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

Аналітыкі Deepstate удакладняюць, што каля Цернаў расейцы наступалі калонай з тэхнікай, але былі разбітыя.

Між тым канал «Два майора» паведамляе, што УС РФ усё ж змаглі заняць некалькі лесапасадак, наступаючы каля Цернаў і Ямпалаўкі.

У гэты ж час Мінабароны РФ заяўляе пра шэсць няўдалых атак украінцаў каля сёлаў Белагораўка і Пераязное ў Данецкай вобласці.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Генштаб ЗСУ фіксуе чатыры безвыніковыя атакі праціўніка каля сёлаў Багданаўка і Іванаўскае.

Іншыя крыніцы дадаюць інфармацыю пра баі каля Клішчыеўкі. Пры гэтым зменаў па лініі фронту не адзначаецца.

У Deepstate пішуць, што цяпер войскі РФ сцягваюць рэзервы на кірунак, што сведчыць пра скорае павелічэнне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Па-ранейшаму найбольшая наступальная актыўнасць Узброеных сілаў РФ фіксуецца ў ваколіцах Данецку.

У Генштабе ЗСУ заявілі, што цягам апошніх содняў на аўдзееўскім кірунку сілы абароны краіны адбілі 21 атаку каля населеных пунктаў Ачэрэтына, Новабахмутаўка, Стэпавое і Аўдзееўка, а таксама яшчэ пяць – у ваколіцах Первамайскага і Невельскага.

Між тым у Deepstate адзначаюць адыход ЗСУ з часткі пазіцыяў з поўначы ад сяла Вопытнае (на паўднёвым захадзе ад Аўдзееўкі). Адначасова з гэтым, па словах аналітыкаў, расейцы замацаваліся ў частцы Первамайскага. Тут прасоўванні адбыліся цягам апошняга тыдня.

На суседнім мар’інскім кірунку ўкраінскі бок фіксуе 22 безвыніковыя атакі праціўніка каля Георгіеўкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі.

Пры гэтым у Deepstate зноў адзначаюць наяўнасць поспеху ў расейцаў – яны палепшылі сваё тактычнае становішча на поўначы ад Новаміхайлаўкі.

Самыя ўкраінскія байцы, якія трымаюць абарону на кірунку, звяртаюць увагу на тое, што апошнія трое содняў УС РФ не наносяць авіяцыйных удараў. Імаверна, ідзе назапашванне сілаў для масіраванай атакі. Пры гэтым удары артылерыі, мінамётаў і ракетных комплексаў наадварот узмацніліся.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў ідуць сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Прыютнае, пра што сведчаць паведамленні ўкраінскага і расейскага камандаванняў. Пры гэтым зменаў па лініі фронту не фіксуецца.

У цэльнай частцы Запарожскай вобласці абодва бакі канфлікту атакуюць з поўдня ад гораду Арэхаў у ваколіцах сёлаў Работына і Вэрбовае, але поспеху не маюць.

На херсонскім кірунку баі лакалізуюцца на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі: Генштаб ЗСУ піша пра восем няўдалых штурмаў сваіх пазіцыяў з боку праціўніка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў