У лагеры вагнэраўцаў пад Асіповічамі размяшчаецца больш за 750 адзінак тэхнікі


У лагеры ПВК Вагнэра пад Асіповічамі больш за 750 адзінак тэхнікі, падлічылі журналісты радыё «Свабода». Яны прааналізавалі новыя спадарожнікавыя здымак намётавага лагеру вагнэраўцаў у вёсцы Цэль пад Асіповічамі.

Параўнанне колькасці тэхнікі ў лагеры вагнэраўцаў. Злева – 10 ліпеня 2023 года, справа – 25 ліпеня 2023 года. Крыніца: svaboda.org

Журналісты параўналі здымкі, зроблены сэрвісам «Planet», у 8:12 раніцы 25 ліпеня са здымкам ад 10 ліпеня.

На свежым здымку ўдалося налічыць 754 адзінкі тэхнікі, сярод якіх:

  • 62 фуры;
  • 534 машыны (пікапы, мікрааўтобусы, легкавыя);
  • 33 аўтобусы;
  • 99 грузавікоў;
  • 26 грузавых машынаў ці транспартавых сродкаў, памерам падобных да «Уралаў», «КамАЗаў» або бронеаўтамабіляў.

Таксама зазначаецца, што ў параўнанні са здымкам ад 19 ліпеня колькасць тэхнікі вырасла прыкладна на 269 адзінак.

Паводле звестак маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», у лагер з Расеі паступова прыбылІ ўжо 11 калон вагнэраўцаў. Раней паведамлялася, што ў 10 калонах у Беларусь прыбыло 670–700 адзінак аўтамабільнай тэхнікі. Апошняя, 11-я калона, прыбыла ў Беларусь увечары 25 ліпеня і налічвала мінімум 29 адзінак тэхнікі.

Таксама паводле ацэнак «Беларускага Гаюна», у Беларусі цяпер прынамсі 3500–3700 баевікоў групы Вагнэра. У адным з тэлеграм-каналаў, блізкіх да ПВК Вагнэра, сцвярджалася, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч наймітаў.

Раней Міністэрства абароны Беларусі паведамляла ў сваім тэлеграм-канале, што беларускія вайскоўцы праводзяць трэнаванні разам з байцамі ПВК Вагнэра на палігоне Берасцейскі, які размешчаны ўсяго за некалькі кіламетраў ад мяжы з Польшчай і недалёка ад мяжы ўкраінскай. У Галоўным упраўленні выведкі Украіны мяркуюць, што асноўная функцыя, якую будуць выконваць вагнэраўцы ў Беларусі, якраз і будзе зводзіцца да правядзення інструктажу беларускіх вайскоўцаў, а таксама застрашвання суседніх краінаў NATO.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў