Не першая «бавоўна»: улетку-2022 штосьці выбухнула на аэрадроме «Зябраўка» каля Гомля


Ранкам 26 лютага на аэрадроме «Мачулішчы» штосьці выбухнула. Як сцвярджае «ByPol», удзельнікі плану «Перамога» атакавалі дронамі расейскі самалёт А-50 – «лятучы радар». Паўгода таму ў нечым падобнае здарэнне было на іншым беларускім аэрадроме.

Вайсковая тэхніка на аэрадроме «Зябраўка», Гомельскі раён, Беларусь. 12 жніўня 2022 года. Выява: MAXAR / Беларускі Гаюн

Што бахнула на «Зябраўцы»?

У ноч на 11 жніўня 2022 года каля аэрадрому «Зябраўка» былі заўважныя выбухі і выбліскі. У Міністэрстве абароны Беларусі заявілі, што «10 жніўня каля 23:00 падчас кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося яе ўзгаранне». Пацярпелых, паводле ведамства, не было, але маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» сцвярджала, што ад выбухаў пацярпеў прынамсі адзін чалавек.

На спадарожнікавых здымках пасля былі відаць сляды пажару на ўзлётнай паласе – адзін з аналітыкаў разглядзеў на тых фота штосьці падобнае да згарэлага танка Т-72.

Амерыканскія аналітыкі са спасылкаю на ўласныя крыніцы, звязаныя з выведкаю, сцвярджалі, што там «узарвалася магутным выбухам» расейская РЛС, кіравання агнём 92Н6 (да гэтай версіі схілялася і ў «Гаюне»), а ўкраінскі вайсковы аглядальнік пісаў, што ў Зябраўцы нібыта «рэшткі ЗРК «Панцыр – 1С» і пары ПУ ЗРК С-300 […] расцягвалі ўсю ноч».

Чыіх рук справа?

Пра такія здарэнні, звязаныя з расейскім войскам, дзяржаўныя медыі Расеі і Беларусі паведамляюць неахвотна, выказваюць часам абсурдныя апраўданні, напрыклад, «флагман Чарнаморскага флоту патануў, бо хтосьці неасцярожна пакурыў». Пра выбухі ў такіх выпадках не пішуць – ужываюць слова «хлопóк». Украінцы ж дражняцца і перакладаюць слова «хлóпок» як «бавовна»: у здарэннях нярэдка можна западозрыць украінскі след.

У Генеральным штабе Украіны адмаўлялі датычнасць украінскіх войскаў да выбухаў на аэрадроме «Зябраўка», хоць намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны Аляксей Громаў адзначаў, што за такую аперацыю кожны вайсковец «імкнуўся б сабе зорачку намаляваць». Дарадца міністра абароны Украіны Аляксей Капыцька жартаваў: на аэрадроме «Зябраўка» праходзяць «раней неаднаразова анансаваныя вучэнні СПА і ВПС», таму «любыя «хлопки» і да т. п. – выключна ў межах гэтых вучэнняў».

Але дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк засцерагаў: «Эпідэмію тэхнічных здарэнняў на вайсковых аэрадромах у Крыме і Беларусі варта разглядаць як папярэджанне расейскай арміі зверху». А спікер камандавання паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат у каментары «Белсату» пра выбухі на вайсковым аэрадроме «Зябраўка» згадваў, што ў Беларусі ёсць «надзвычай добрыя, разумныя і кемлівыя людзі, якія ўжо надзвычай добра дапамагаюць нашай дзяржаве, Збройным сілам Украіны».

Памочнік міністра абароны Беларусі ў ідэалагічнай рабоце Леанід Касінскі потым абураўся «ўсімі гэтымі неймавернымі версіямі, якія з разумным выглядам транслююць розныя псеўдаэксперты».

Аналітыка
Што трэба ведаць пра аэрадром у Зябраўцы. Афіцыйна там адбылося «ўзгаранне рухавіка»
2022.08.11 16:05

Што было на «Зябраўцы» потым?

У адрозненне ад цяперашняга здарэння на «Мачулішчах», пасля выбухаў на «Зябраўцы» паведамленняў пра актыўнасць сілавікоў было не так шмат. Цяпер вядома аб прынамсі адным затрыманні ў Мачулішчах, паведамляюць пра паходы сілавікоў па дамах, узмоцненае правяранне на выездзе з Беларусі і кантроль сацыяльных сетак на негатыўныя каментары пра выбух. Аляксандр Лукашэнка на наступны дзень пасля здарэння ў Мачулішчах склікаў нараду з галоўнымі сілавікамі.

Паўгода таму вакол «Зябраўкі» не было столькі шуму. Але рэпрэсіі, звязаныя з ёй, усё ж былі. Гэтак, у студзені-2023 за фота аэрадрому як за здраду дзяржаве мясцоваму жыхару Яўгену Глушакову прысудзілі 9 гадоў калоніі.

З пачатку поўмамаштабнай вайны ва Украіне расейскія войскі выкарыстоўвалі «Зябраўку» ды іншыя месцы ў Беларусі для нанясення ўдараў па ўкраінскіх вайскоўцах і цывільным насельніцтве: жыхары Гомля і Мазыра з гаўбцоў бачылі запускі ракетаў. На «Зябраўцы» стаялі не толькі самалёты і верталёты, але і зенітна-ракетныя комплексы, радыёлакацыйныя станцыі.

Пасля здарэння ў мінулым жніўні «Зябраўку» сталі актыўна разбудоўваць: павялічылася колькасць вайсковых цяжкавікоў, пашырылася тэрыторыя вайсковага лагеру, узводзіліся насыпы з пяску. Пад канец года актыўнасць расейскіх вайскоўцаў у Гомельскай вобласці значна знізілася, але захавалася ля аэрадромаў каля Зябраўкі і ў Мазырскім раёне. У студзені 2023 года мясцовы жыхар расказваў, што з аэрадрому выгналі ўсіх беларускіх жаўнераў, «увялі нешта накшталт рэжыму сакрэтнасці» – «з напружання вайскоўцаў заўважна, што да чагосьці рыхтуюцца».

Аэрадром «Зябраўка» 16 кастрычніка 2022 года. Крыніца: svaboda.org

Былі і іншыя здарэнні з расейскай авіяцыяй у Беларусі

2 сакавіка 2022 года каля Рагачова ўпаў ці то самалёт, ці то верталёт Вайскова-касмічных сілаў Расеі, які вяртаўся з Украіны. «Беларускі Гаюн» публікаваў перахоп размоваў пра пошук экіпажу.

10 сакавіка 2022 года каля Лунінца разбіўся расейскі самалёт Су-34 – самалёт згарэў, але пілоты катапультаваліся і выжылі. «Гаюн» публікаваў перахопы перамоваў і пра гэтае здарэнне.

4 красавіка 2022 года са згаданай «Зябраўкі» вылецеў расейскі верталёт Мі-8, які, мяркуючы з перахопленых перамоваў, адхіліўся ад курсу. Спачатку меркавалася, што лётчык уцякаў ва Украіну, скраўшы верталёт, але пазней выявілася, што ў той самы дзень загінуў расейскі пілот, які меў такое ж імя, як чалавек з перахопленай размовы.

7 красавіка 2022 года ў Гомельскай вобласці блізу межаў Беларусі, Расеі і Украіны паведамлялі пра падзенне нейкага паветранага апарата, мясцовыя жыхары чулі выбух. Дэталі таго здарэння невядомыя.

Двойчы былі здарэнні з расейскім самалётам МіГ-31К, прычым імаверна, што з адным і тым жа бортам: 25 снежня 2022 года ў такога самалёта на «Мачулішчах» гарэў рухавік, а 19 студзеня 2023-га над Маладзечнам штосьці бахнула – «Гаюн» мяркуе, што гэта быў не выбух, пампаж: парушэнне працы рухавіка, што суправаджаецца мікравыбухамі праз супрацьплынь газаў.

Беларускія праціўнікі вайны ва Украіне да здарэння 26 лютага не бралі на сябе адказнасці за дыверсіі, звязаныя з расейскай авіяцыяй. Але ўдзельнікі плану «Перамога» актыўна дзеялі супраць руху расейскай вайсковай тэхнікі на чыгунцы. Рэйкавых партызанаў каралі буйнымі тэрмінамі зняволення, некалькі партызанаў пры затрыманні былі параненыя, а прынамсі аднаму прастрэлілі каленныя суставы – не выключана, што ўжо пасля затрымання.

Аналітыка
Ад вывешвання сцягоў да рэйкавай вайны. Як беларусы змагаліся ў 2022 годзе
2022.12.28 16:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў