За фота аэрадрому ў Зябраўцы мясцоваму жыхару прысудзілі 9 гадоў калоніі


Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме вынес прысуд жыхару вёскі Зябраўка Гомельскага раёну, 32-гадоваму Яўгену Глушкову. У яго тэлефоне знайшлі фота вайсковага аэрадрому ў Зябраўцы, на якім з пачатку вайны размяшчаюцца расейскія вайскоўцы. Адтуль былі зафіксаваныя запускі ракетаў па ўкраінскай тэрыторыі і з якога выляталі вайсковыя самалёты.

Яўген Глушкоў. Крыніца: spring96.org

Яўгена Глушкова абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356 КК) і садзейнічанню экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 КК). Справу разглядаў суддзя Алег Харошка, паведамляюць праваабаронцы.

Па інфармацыі некаторых медыяў, у ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пасля яго пачаліся праверкі мясцовых жыхароў. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі кантакты розных украінцаў і стары здымак аэрадрому, які ён рабіў з дрону. Праз гэта яго і затрымалі.

Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаны на тэрыторыі Гомельскага і Рэчыцкага раёнаў наўмысна аказаў дапамогу замежнай дзяржаве ў правядзенні дзейнасці, загадзя накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, збіраў, фіксаваў і аналізаваў інфармацыю разведвальнага характару аб аб’ектах ваеннай інфраструктуры і тэхнікі, і перадаў атрыманую інфармацыю ў чат-бот, кантраляваны замежнай арганізацыяй.

У выніку Яўгену Глушкову прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін дзевяць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў