Што стаіць у Зябраўцы? «Беларускі Гаюн» пералічыў расейскую тэхніку


Падобна, 11 жніўня на аэрадроме пад Гомлем быў знішчаны танк Т-72 або падобны. Але там застаецца яшчэ шмат расейскай тэхнікі, якую могуць выкарыстаць супраць Украіны. Магчыма, Расея рыхтуе вялікі ракетны ўдар па Украіне.

Вайсковая тэхніка на аэрадроме Зябраўка, Гомельскі раён, Беларусь. 12 жніўня 2022 года. Выява: MAXAR / Oliver Alexander / Twitter

Вынікі аналізу маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн» спадарожнікавых здымкаў з аэрадрому ў Зябраўцы, што пад Гомлем, апублікаваў праект «МотолькоПомоги».

Як піша «Гаюн», 11 жніўня каля 00.25 былі бачныя 8 сполахаў, чутныя выбухі. Спадарожнікавыя здымкі кампаніі MAXAR дазваляюць ідэнтыфікаваць на месцы выбуху танк Т-72 або падобны. Але побач з месцам выбуху бачная і іншая тэхніка. На 12 жніўня на аэрадроме ўсё яшчэ былі:

  • зенітна-ракетныя комплексы С-400 «Трыумф» – 10-14 адзінак;
  • зенітны ракетна-гарматны комплекс «Панцыр» – 2 адзінкі;
  • радыёлакацыйная станцыя «48 Я6 Падлёт» – 2 адзінкі;
  • радыёлакацыйная сістэма РПН 92Н6Е;
  • радыёлакацыйная сістэма КАСТА-2Е2;
  • верталёт Мі-8;
  • вышкі з радыёлактарам падсвятлення і навядзення 5Н66 і 92Н6Е;
  • ад 15 да 60 ракет для С-400 (з пачатку жніўня ракеты падвозілі пяць разоў).
Вайсковая тэхніка на аэрадроме Зябраўка, Гомельскі раён, Беларусь. 12 жніўня 2022 года. Выява: MAXAR / Беларускі Гаюн
Вайсковая тэхніка на аэрадроме Зябраўка, Гомельскі раён, Беларусь. 12 жніўня 2022 года. Выява: MAXAR / Беларускі Гаюн
Вайсковая тэхніка на аэрадроме Зябраўка, Гомельскі раён, Беларусь. 12 жніўня 2022 года. Выява: MAXAR / Беларускі Гаюн
Вайсковая тэхніка на аэрадроме Зябраўка, Гомельскі раён, Беларусь. 12 жніўня 2022 года. Выява: MAXAR / Беларускі Гаюн

Таксама ў ваколіцах мае быць аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр», але яго на здымках не відаць. Але каля месца выбуху бачна браняваную рамонтна-эвакуацыйную машыну БРЭМ-1 і аўтакран.

У ваколіцах аэрадрому, у лесе за ўзлётна-пасадачнай паласой стаяць таксама танкі Т-72 і БМП 11-й і 120-й гвардзейскіх асобных механізаваных брыгадаў са Слоніма і Менску, салдаты Узброеных сілаў Беларусі ахоўваюць аэрадром у адзенні без знакаў адрознення, піша «Гаюн». Расейскія салдаты ж займаюцца ў Зябраўцы найперш сродкамі супрацьпаветранай абароны, жывуць у намётавым мястэчку на аэрадроме і здымаюць кватэры ў Гомлі (па-за аэрадромам перасоўваюцца ў цывільным адзенні і на цывільных машынах).

Як лічыць «Гаюн», Расея рыхтуецца да масаванага ракетнага ўдару па Украіне: ракеты для С-300/400 усё падвозяць, а апошні абстрэл быў 28 ліпеня.

Аналітыка
«Беларусь – гэта не Крым». Ці магла Украіна нанесці ваенны ўдар па аэрадроме ў Гомельскай вобласці?
2022.08.11 16:37

Афіцыйная версія здарэння 11 жніўня – «каля 23-й гадзіны падчас кантрольнага прабегу адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося яе ўзгаранне». Пры гэтым Зябраўка ў паведамленні фігуруе не як база і не пункт дыслакацыі, а проста ўчастак мясцовасці.

Украінскі бок не пацвярджаў і не абвяргаў сваю датычнасць да ўзгарання ў Зябраўцы. Заяўлялі толькі, што маюць адносна здарэння толькі тыя звесткі, якія агучваюць міністэрствы абароны Беларусі і Расеі. Але неафіцыйна «намякалі» на тое, што выбухі ў Беларусі і Крыме звязаныя.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра аэрадром у Зябраўцы. Афіцыйна там адбылося «ўзгаранне рухавіка»
2022.08.11 16:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў