Пасля выбуху на аэрадроме ў Мачулішчах затрымалі дзяўчыну


У Мачулішчах, дзе 26 лютага беларускія партызаны падарвалі расейскі самалёт, сілавікі затрымалі Крысціну Максіменку. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».

Аэрадром у Мачулішчах. Крыніца: BYPOL

Паводле звестак праваабаронцаў, дзяўчыну затрымалі 26 лютага. Прычыны затрымання і ейнае месцазнаходжанне пакуль невядомыя. Таксама пакуль незразумела, ці звязанае затрыманне з тым, што адбылося на аэрадроме.

Апроч таго, сілавікі пачалі пошук у сацсетках тых, хто «ў негатыўным ключы» каментуе паведамленні аб выбухах на аэрадроме ў Мачулішчах, папярэджвае аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BYPOL». Беларусаў заклікаюць быць асцярожнымі.

Назіраецца ўзмоцненае правяранне на выездзе з Беларусі, а раней з’яўлялася інфармацыя пра тое, што сілавікі хадзілі па дамах мясцовых жыхароў і спынялі аўты для правярання.

Абноўлена
«Гэта былі беларусы, яны ўжо за мяжою». Расейскі самалёт у Мачулішчах атакавалі з дронаў
2023.02.26 21:58

Вечарам 26 лютага кіраўнік аб’яднання «BYPOL» Аляксандр Азараў паведаміў «Белсату», што расейскі самалёт А-50 Паветрана-касмічных сілаў Расеі ў Мачулішчах атакавалі з паветра. Напад з дапамогай дронаў учынілі беларускія партызаны, удзельнікі плану «Перамога», якія цяпер не ў Беларусі і ў бяспецы.

Азараў паведаміў, што аперацыю рыхтавалі некалькі месяцаў, і выказаў думку, што цяперашнія ўлады ў Менску не назавуць гэтай атакі нагодай для наўпроставага ўдзелу беларускай арміі ў вайне ва Украіне.

Самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 выкарыстоўваюць для навядзення на цэлі, кіравання знішчальнікамі. Цяпер яны задзейнічаныя ў вайне ва Украіне. Беларускія і расейскія міністэрствы звестак пра атаку на самалёт пакуль ніяк не пракаментавалі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў