Паравоз яшчэ не едзе. Пераходнаму кабінету ўжо два тыдні: што чуваць?


Два тыдні таму, 9 жніўня, Святлана Ціханоўская прызначыла чатырох часовых чальцоў Аб’яднанага пераходнага кабінету. Ініцыятыву падтрымала шырокая кааліцыя: Каардынацыйная рада, НАУ, BYPOL, каманда Віктара Бабарыкі ды іншыя. Што цяпер адбываецца ў Аб’яднаным пераходным кабінеце?

Латушка: Сістэму даводзіцца будаваць з нуля

Павел Латушко, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Павел Латушка, кіраўнік НАУ і сябра прэзідыуму КР, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адказны за транзіт улады. Спыталі яго, ці ўжо адчуваецца эфект ад стварэння Кабінету. Ён тлумачыць «Белсату»:

«Першае, што трэба зразумець: гэта не класічная сітуацыя, калі існуе ўся структура органу выканаўчай улады, ёсць яго апарат, сакратарыят, дзеюць міністэрствы і мяняецца толькі кіраўніцтва, якое прыходзіць у дзейную сістэму і ўносіць новыя палітычныя сэнсы ды кіраўнічыя рашэнні».

Паводле палітыка, сістэму даводзіцца ствараць практычна з нуля, таму не варта чакаць «прарыву» нават у першыя сто дзён. Кааліцыя, якая стварыла Кабінет, і чальцы цяпер выбудоўваюць сістэму. Пры тым раней сябры Кабінету казалі, што не спынялі і ранейшых сваіх справаў.

Аналітыка
7 рэчаў, якія трэба ведаць пра Аб’яднаны пераходны кабінет пры Ціханоўскай
2022.08.11 10:43

Сустрэчы поўным складам ладзяць раз на тыдзень, у меншым складзе – ці не штодзень: асабіста або праз відэасувязь. Латушка кажа, гэта «дазваляе выбудоўваць давер, лепшае ўзаемадзеянне, узгадняць падыходы, каб сістэма зарабіла больш эфектыўна».

Спадар Павел падрыхтаваў сабе план дзеяння з такіх блокаў:

  • перафарматаванне дзейнасці ў санкцыйным ціску;
  • крымінальна-прававы прымус, пытанні крымінальнай адказнасці за злачынствы рэжыму, за рэпрэсіі ды катаванні ў дачыненні беларускага народу, а таксама за захоп самалёта «Ryanair» і гібрыдную вайну супраць дзяржаваў Еўразвязу;
  • пытанні кадравай палітыкі – цяпер рыхтуецца і сістэматызуецца гэтая праца.

Гэты план мусіць зацвердзіць Кабінет. Паралельна з тым Латушка працуе над уласна транзітам улады: распрацоўвае канкрэтныя планы дзеянняў, звязаныя з пераходам улады да беларускага народу ў перыяд адпаведнай грамадска-палітычнай сітуацыі. Ён таксама распачаў кансультацыі ды сустрэчы з партнёрамі, скіраваныя на мэты і задачы Кабінету.

Каментар
«Гэта не раздача партфеляў». Латушка тлумачыць, што будзе рабіць Пераходны кабінет пры Ціханоўскай
2022.08.10 19:51

Рэгламент працы органу «гатовы на 99 %», кажа Латушка. Гэты асноўны закон мае вызначыць функцыі чальцоў Кабінету, парадак прыняцця пастановаў, узаемадзеянне чальцоў ды іншае. Таксама маюць з’явіцца новыя чальцы:

«Цяпер на ўсе вакантныя пазіцыі ў Кабінеце разглядаюцца кандыдаты, па некалькі кандыдатураў на кожную, у межах кааліцыі ідзе іх разгляд. Рашэнні кіраўніком Кабінету яшчэ не прынятыя, але думаю, у хуткай перспектыве яны стануць вядомыя грамадскасці».

Аналітыка
Рэжым не ў захапленні. Што дае беларусам (а чаго не дае) створаны ў Вільні Пераходны кабінет
2022.08.10 19:11

Азараў: Паравоз яшчэ трэба паставіць на рэйкі

Александр Азаров, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Аляксандр Азараў, прадстаўнік ініцыятывы BYPOL, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Прадстаўнік у справе аднаўлення правапарадку і прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў BYPOL Аляксандр Азараў так апісвае «Белсату» цяперашні стан Кабінету:

«Мы пабудавалі паравоз, а трэба яго паставіць на рэйкі, завесці, каб паехаў. Тады будзе лягчэй, а спачатку вельмі цяжка».

Прадстаўнікоў прызначылі, але ў прадстаўнікоў няма апарату, тлумачыць Азараў. Справа ідзе, але пакуль трывае «нарматворчая дзейнасць»: ствараюцца дакументы, якія будуць вызначаць працу Кабінету, яго рэгламент, мэты і задачы. Бліжэйшым часам гэтыя дакументы будуць апублікаваныя. Таксама трывае праца над штатам, пошукам кандыдатаў у прадстаўніцтвы (людзей у сваё прадстаўніцтва шукае і Азараў) і ўласна прадстаўнікоў – Ціханоўская прызначыла толькі палову.

Азараў падкрэслівае, што BYPOL не «ўліваецца» ў Кабінет ці прадстаўніцтва ў справе аднаўлення правапарадку – таксама, як і іншыя арганізацыі, звязаныя з іншымі прадстаўнікамі. Кабінет толькі каардынуе працу арганізацыяў, але не стварае «вертыкалі ўлады» над усімі. Гэтак, BYPOL усцяж працуе над планам «Перамога», а Кабінет выпрацоўвае стратэгію супольных дзеянняў.

Інтэрв’ю
Калі мірны пратэст пахаваны, то гвалт непазбежны? Спыталі Азарава і Кавалькову
2022.08.17 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў