Расейцаў правакуюць на злачынствы ад імя Украіны. Падобна, за гэтым стаіць ФСБ


Справы аб спробах падпалаў адміністрацыйных будынкаў у Расеі нярэдка адбываюцца з удзелам правакатараў, якія нібыта ўкраінцы. Праект «Вот Так» разгледзеў дзве такія справы – вельмі імаверна, што пад выглядам «украінцаў» людзей правакуюць на злачынствы супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Машына ФСБ Расеі. Гегаркунік, Азербайджан. 14 верасня 2022 года.
Фота: ArturPetrosyan1988 / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

У Яраслаўлі 29 ліпеня за «тэракт» асудзілі на 6 гадоў зняволення 19-гадовую Валерыю Золатаву. Паводле следства, яна збіралася падпаліць пункт збору дапамогі для расейскіх вайскоўцаў. Ейная сяброўка расказвае: Валерыя перапісвалася ў Telegram з нейкім Андрэем, які назваўся супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны і прапаноўваў штосьці падпаліць ці ўзарваць дзеля дапамогі Украіне. Пазней Валерыі напісала нейкая Карына, з якой яны нібыта сустракаліся раней, і якая таксама падбухторвала яе на падпал.

15 лютага дзяўчына ўсё ж пагадзілася за грошы падпаліць пункт збору дапамогі вайскоўцам: хацела прынесці на месца бутэлькі з падфарбаванай вадой для справаздачы Андрэю (перапіску пра гэта паказвалі ў судзе), але Карына пераканала купіць сапраўдны бензін. Таксама Карына сказала, што дамовілася са знаёмым таксоўцам, каб той іх падвёз. Каля будынку іх чакалі супрацоўнікі ФСБ: затрымалі Валерыю, а Карыну і «таксоўца» не чапалі. Карына і «таксовец» у выніку сталі асноўнымі сведкамі абвінавачання.

Пазней супраць маці Валерыі таксама завялі дзве крымінальныя справы: за каментары ў інтэрнэце як за «заклікі да тэрарызму і яго апраўданне» і за «заклікі да экстрэмізму».

У снежні мінулага года ў Нявіннамыску, што ў Стаўрапольскім краі, затрымалі 19-гадовага Міхаіла Балабанава родам з Казані. Яго вінавацяць у «падрыхтоўцы тэракту», яму пагражае да 10 гадоў зняволення. Пасля абвяшчэння мабілізацыі Міхаіл знайшоў відэа ад імя ўкраінскага праекту «Хочу жить», патэлефанаваў па пазначаным у ім украінскім нумары – ніхто не адказаў, але пазней яму напісаў Telegram-акаўнт з нікам «Хочу жить», назваўся супрацоўнікам украінскай выведкі з пазыўным Бэн. Той паабяцаў Міхаілу, што дапаможа з’ехаць з Расеі ў абмен на выкананне некалькіх заданняў.

«Выведнік» даў Міхаілу заданне паехаць у Нявіннамыск і зняць там кватэру, запісаць для ўкраінскай выведкі відэа згоды аб супрацы. У горадзе Міхаілу даручылі здымаць на відэа будынкі ФСБ і ваенкамату, энергетычныя аб’екты, чыгунку, зрабіць запальную сумесь. Калі Міхаіл атрымаў чарговае заданне зняць ваенкамат на відэа, на месцы яго чакалі сілавікі.

Hавiны
ФСБ Расеі абвесціла аб перадухіленні забойства прапагандыстак Маргарыты Сіманьян і Ксеніі Сабчак
2023.07.15 18:09

Прадстаўнік праекту «Хочу жить» Віталь Матвіенка лічыць, што сітуацыя з Міхаілам «на 99,9 % падобная на аперацыю ФСБ, якая такім чынам спрабуе дыскрэдытаваць праект і ГУР МОУ агулам». Міхаілу дапамагае праваабарончы праект «Зона салідарнасці», удзельніца якога Яўгенія Шаміна расказвае, што ФСБ часта прадстаўляецца нейкімі іншымі арганізацыямі,  – напрыклад, расейскім партызанскім рухам «Чорны мост» або нават Расейскім добраахвотніцкім корпусам. Для фабрыкацыі справы аб падпале, адзначае яна, не абавязкова нешта падпальваць, а дастаткова толькі паказаць падрыхтоўку – таму і просяць вырабляць або набываць запальныя сумесі.

Сузаснавальнік «Зоны салідарнасці» Іван Асташын кажа, што пра некаторыя такія справы праваабаронцы даведваюцца выпадкова: так, асуджаны на 8,5 гадоў зняволення (першыя тры ў турме, наступныя ў калоніі строгага рэжыму) за спробу падпалу будынку ФСБ у Краснадары Ігар Пяскар расказаў, што сядзіць разам з хлопцам Яўгенам, якога асудзілі на 6,5 гадоў калоніі строгага рэжыму за спробу далучыцца да легіёну «Свабода Расеі», што ваюе на баку Украіны.

Расейскія партызаны расказалі праекту «Вот Так», што не плацяць за падпалы фіксаваных сумаў, а кампенсуюць выдаткі пасля дыверсіі, і канкрэтных заданняў не даюць, а прапаноўваюць самастойна выбраць цэлі. Праваабаронца раіць таксама не называць меркаваным партызанам ці выведнікам, з якімі ідзе перапіска ў Telegram, свайго сапраўднага імя, прасіць ананіма назваць свае кантакты «з другога боку» (з СБУ, ГУР ці РДК), весці ліставанне праз абаронены мэсэнджар Signal з функцыяй аўтавыдалення паведамленняў.

Hавiны
ФСБ: Грамадзянін Расеі рыхтаваў замах на кіраўніка Крыму Аксёнава
2023.07.03 12:02

belsat.eu

Стужка навінаў