Лакальныя поспехі бакоў па ўсёй лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 605-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 21 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Данецк, тэрыторыя Украіны, кантраляваная Расеяй, 21 кастрычніка 2023 г.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны ініцыятыва захоўваецца за Узброенымі сіламі РФ. Паводле ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі больш за 20 атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Іванаўка ў Харкаўскай вобласці, і 5 – каля Надзеі ў Луганскай.

Акрамя гэтага ўкраінскія вайскоўцы не дапусьцілі прарыву сваёй абароны ў ваколіцах Невельскага.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што таксама УС РФ аднавілі наступальныя аперацыі на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва. Адначасова з гэтым адзначаецца, што войскі РФ змянілі наступальную тактыку на гэтым участку фронту: цяпер яны атакуюць пры дапамозе вялікай колькасці малых пяхотных групаў па шырокім участку фронту, што нагадвае іхную тактыку падчас баёў за Бахмут.

Самыя ўкраінцы на купянскім і ліманскім кірунках засяродзіліся на вядзенні актыўнай абароны: у Міністэрстве абароны РФ паведамілі пра адбіццё 15 атак праціўніка.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду)

На паўночным фланзе Бахмуту цягам апошніх содняў большай актыўнасцю валодалі расейскія вайскоўцы: ва ўкраінскім камандаванні паведамілі пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка і Хромава.

У гэты ж час на поўдні ад гораду працягваецца наступальная аперацыя Збройных сілаў Украіны.

У Deepstate фіксуюць частковы поспех ЗСУ за чыгуначнай лініяй у ваколіцах сяла Клішчыеўка. Пры гэтым спробы расейцаў вярнуць страчаныя пазіцыі не далі выніку.

Салдаты 59-й матарызаванай брыгады ўкраінскай арміі рыхтуюцца адкрыць агонь па расейскіх пазіцыях з ракет «Град». Данецкая вобласць, Украіна, 20 кастрычніка 2023 г.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку Узброеныя сілы РФ працягваюць наступальную аперацыю ў ваколіцах аднайменнага гораду, імкнучыся атачыць яго з захаду.

Генштаб ЗСУ піша пра няўдалыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Новакалінавае, Стэпавое і Первамайскае.

Між тым у Deepstate адзначаюць частковы поспех УС РФ каля Краснагораўкі (на поўначы ад Аўдзееўкі). Тут баі ідуць за тэрыкон і ваколіцы чыгуначнай лініі.

Тэлеграм-канал «Белорусский силовик» піша, што найцяжэйшыя баі на аўдзееўскім кірунку ідуць на поўдні ад гораду, але тут прасоўванні войскаў РФ нязначныя, адной з прычынаў чаго з’яўляецца густая сетка мінных палёў.

На суседнім мар’інскім кірунку расейцы ціснуць каля самой Мар’інкі, а таксама побач з Новаміхайлаўкай. Тут за апошнія содні войскі РФ правялі каля 20 атак, але поспеху не дасягнулі.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці)

На бярдзянскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, УС РФ атакавалі каля населеных пунктаў Залатая Ніва, Старамаёрскае і Раўнопаль.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў дадае інфармацыю пра атакі на поўначы ад Прыютнага, дзе ім удалося дасягнуць тактычнага прасоўвання.

Тэлеграм-канал «Воин DV» удакладняе, што расейцы прасунуліся на адлегласць да некалькіх соцень метраў

Іншая крыніца – «Рыбарь» – гаворыць пра ўкраінскія контратакі, а таксама адзначае, што баявыя дзеянні на бярдзянскім кірунку набылі характар сітуацыйнай пазіцыйнай барацьбы. Пры гэтым ніводны з бакоў цяпер не мае сілаў для таго, каб перахапіць ініцыятыву.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На захадзе мелітопальскага кірунку расейцы правялі штурмавыя дзеянні каля сяла Палтаўка ў Запарожскай вобласці, але ўкраінскім вайскоўцам удалося спыніць праціўніка.

Пры гэтым па-ранейшаму найбольш актыўныя баі на кірунку ідуць у ваколіцах гораду Арэхаў.

Аналітыкі Deepstate фіксуюць баі каля сёлаў Навапрокапаўка і Вэрбовае.

У Генштабе ЗСУ адзначаюць няўдалыя спробы расейцаў вярнуць раней страчаныя пазіцыі каля Работына.

Сямён Пегаў піша ўкраінцы пры падтрымцы артылерыі прасунуліся на захадзе ад сяла Навафёдараўка. Цяпер ад самога населенага пункту іх аддзяляе каля шасці кіламетраў. Атакуючы тут, ЗСУ імкнуцца зайсці ў тыл групоўкі праціўніка на вышынях на паўночным захадзе ад Вэрбовага.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

На херсонскім кірунку Збройныя сілы Украіны працягваюць замацоўвацца на левым беразе Дняпра.

«Рыбарь» піша пра баі на захадзе і ўсходзе ад сяла Крынкі, пры гэтым на поўдні ўкраінцы кантралююць каля аднаго кіламетра лесапаласы. Акрамя гэтага яны прысутнічаюць у самім населеным пункце.

Таксама ЗСУ замацаваліся на поўначы ад гораду Алэшкі ўздоўж берагу ракі Конка цяпер акапваюцца.

«Белорусский силовик» удакладняе сітуацыі ў Крынках: асноўныя сілы ўкраінцаў знаходзяцца на поўначы сяла, а ў іншых частках прысутнічае толькі невялікая група вайскоўцаў.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што таксама ЗСУ атакуюць каля сяла Пішчанаўка (на ўсход ад Алэшкаў).

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu

Стужка навінаў