Лукашэнка распавёў пра расейскія ракетныя комплексы ў Беларусі


Пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь паставіла на баявое дзяжурства перададзеныя Расеяй комплексы С-400 і «Іскандэры», піша ТАСС.

Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр».
Фота: mil.ru

Па выніках сустрэчы ў Менску Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка зрабілі некалькі заяваў, якія датычацца эканамічнай супрацы. Таксама яны распавялі і пра павелічэнне вайсковай супрацы. У прыватнасці Лукашэнка заявіў, што Беларусь ужо паставіла на баявое дзяжурства перададзеныя Расеяй комплексы С-400 і «Іскандэр».

Насамрэч ракетныя комплексы «Іскандэр» і С-400 Расея размясціла ў Беларусі яшчэ восенню сёлета. У лістападзе пра гэта распавядалі прадстаўнікі Збройны сілаў Украіны. А анансавалі разгортванне ракетных комплексаў прадстаўнікі Мінабароны Беларусі яшчэ 7 кастрычніка. У гэты ж час пра ракетныя комплексы, якія нібыта ўжо ёсць на тэрыторыі Беларусі, распавядаў Барыс Грызлоў, амбасадар РФ у РБ.

Расейскія «Іскандэр-М» могуць несці не толькі звычайную зброю, але ў тым ліку і ядравую.

Комплексы разгарнулі нібыта дзеля аховы паветранай прасторы Беларусі.

Таксама Пуцін распавёў, што РФ будзе разглядаць верагоднасць падрыхтоўкі экіпажаў баявых самалётаў арміі Беларусі, якія ўжо пераабсталяваныя для магчымага прымянення боепрыпасаў паветранага базавання са спецыяльнай баявой часткай (ядравай зброі).

Пуцін таксама дадаў, што Расея і Беларусь дамовіліся працягваць практыку сумесных ваенных вучэнняў, а таксама разам змагацца з санкцыямі, але яго перабіў Лукашэнка.

«Мы ўдваіх – суагрэсары, самыя шкодныя і таксічныя людзі на гэтай планеце. У нас толькі адна спрэчка: хто больш. Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што я. Я пачаў думаць, што ён. Ну прынялі рашэнне, што разам, аднолькава», – сказаў Лукашэнка.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў