Вынікі пошуку для:

Журналісты за кратамі. Колькі прадстаўнікоў медыяў цяпер у няволі?

Дзясяткі журналістаў знаходзяцца ў няволі. За кратамі з палітычных прычынаў таксама і шэраг блогераў, і людзей, звязаных з журналісцкімі справамі. Гэты тэкст быў напісаны 19 траўня. Але ён пастаянна абнаўляецца. Бо журналістаў, фатографаў, блогераў у нашай краіне працягваюць арыштоўваць.

3 чэрвеня сілавікі прыйшлі да вядоўцы Валярыны Куставай. Самой яе ў гэты час не было ўдома. Міліцыянты таксама наведваліся на працу да ейных бацькоў. Акрамя таго, невядомыя прыходзілі да кватэры бацькоў. 16 чэрвеня Валярына распавяла, што цяпер знаходзіцца ў бяспечным месцы, а таксама, што на яе завялі прынамсі дзве крымінальныя справы. Паводле Куставай, на ёй «дзве з хвосцікам крыміналкі. І вялікая цікавасць СК, КДК, міліцыі і ГУБАЗіКу». Сама Валярына цяпер за мяжою: «некалькі сутак дабіралася ў бяспечнае месца – без тэлефона, рэчаў і сродкаў, мяне эвакуявалі лясамі ды балотамі».

21 траўня сілавікі зладзілі налёт на студыю, у якой здымалася праграма «Белсату» «Кожны з нас» ў Менску. Былі затрыманыя тэхнічныя супрацоўнікі: гукарэжысёр і чатыры аператары, а таксама адміністратар памяшкання. Іх затрымалі і абвінавацілі ў парушэнні Закону аб сродках масавай інфармацыі (арт. 23.5 КаАП). Па выніку судоў кожнаму супрацоўніку «Белсату» прысудзілі па 15 содняў арышту. У суботу, 5 чэрвеня, усе шасцёра выйшлі на волю.

Праз магчымы пераслед з боку беларускіх уладаў з Беларусі з’ехала вядоўца праграмы «Шчыра кажучы» Арына Маліноўская. Яе пачалі шукаць пасля выпуску пра сiлавiкоў. Цяпер ёй пагражаюць праз сваякоў.

Раніцай 19 траўня на волю пасля 6 месяцаў за кратамі выйшла журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч, асуджаная ў «справе нуль праміле».

«Справа TUT.by»

Зачыненыя і залепленыя дзверы менскага офісу TUT.by, 18 траўня. Фота: Белсат

У межах крымінальнай справы, звязанай нібыта з «ухіленнем ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» праз удзел кампаніі «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» ў «Парку высокіх тэхналогіяў», вядома пра наступныя затрыманні, якія адбыліся 18 траўня:

  • Марына Золатава – галоўная рэдактарка TUT.by. СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
  • Вольга Лойка – рэдактарка TUT.by. СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
  • Алена Талкачова – журналістка TUT.by. СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
  • Людміла Чэкіна – генеральная дырэктарка «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
  • Ірына Рыбалка – намесніца дырэктара «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
  • Аляксандр Дайнэка – намеснік дырэктара «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» ў тэхнічных пытаннях. СІЗА КДБ;
  • Анжэла Асад – галоўная бухгалтарка «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». СІЗА КДБ;
  • Марыя Новік – намесніца галоўнага бухгалтара «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
  • Ала Лапатка – галоўная інжынерка «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
  • Кацярына Ткачэнка – юрыстка «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». На 1 чэрвеня вядома, што яна мае забарону на ажыццяўленне пэўных дзеянняў. Якіх менавіта (напрыклад, кіраваць аўто ці выходзіць з дому) – невядома. Вядома, што яна не ў СІЗА;
  • Андрэй Аўдзееў – менеджар «Паблішэр бокс», які дапамагае TUT.by у супрацы з рэкламнымі сеткамі. СІЗА КДБ;
  • Сяргей Павалішаў – дырэктар Hoster.by. СІЗА КДБ;
  • Дар’я Данілава – дырэктарка звязанага з TUT.by стартапу Rocket Data. У СІЗА КДБ;
  • Юлія Чарняўская – удава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера. Была дастаўленая пад канвоем сілавікоў у лякарню, пасля знікла. 20 траўня яе дапыталі ў ДФР, вечарам таго ж дня стала вядома, што яна пад хатнім арыштам.
  • Ірына Касцючэнка – былая юрыстка кампаніі. Была затрыманая на новай працы 20 траўня. На 1 чэрвеня вядома, што яна мае забарону на ажыццяўленне пэўных дзеянняў. Якіх менавіта (напрыклад, кіраваць аўто ці выходзіць з дому) – невядома. Вядома, што яна не ў СІЗА.

Усе яны не выйшлі на волю праз 10 дзён па затрыманні – то значыць, ім мусілі выставіць абвінавачванні. Сайт TUT.by – адзін з найпапулярнейшых сродкаў масавай інфармацыі Беларусі – з 18 траўня заблакаваны.

Да «справы TUT.by» і пасля яе

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова на судзе. 18 лютага 2021 году. Фота: АВ / Белсат
  • Ігар Лосік – блогер («Беларусь головного мозга») і кансультант «Радыё Свабода», затрыманы 25 чэрвеня 2020 году, абвінавачваюць ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» і «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», цяпер у СІЗА № 3 (Гомель), двойчы трымаў галадоўку;
  • Кацярына Андрэева – журналістка «Белсату», затрыманая 15 лістапада 2020 году, асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі за стрым з разгону акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі;
  • Дар’я Чульцова – журналістка «Белсату», затрыманая 15 лістапада 2020 году, асуджаная за рэпартаж з разгону акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі на 2 гады пазбаўлення волі;
  • Юлія Слуцкая – заснавальніца «Прэс-клубу», затрыманая 22 снежня 2020 году ў межах «справы Прэс-клубу», цяпер у СІЗА №1 у Менску (вул. Валадарскага);
  • Сяргей Альшэўскі – дырэктар «Прэс-клубу», затрыманы 22 снежня 2020 году ў межах «справы Прэс-клубу», цяпер у СІЗА №1 у Менску;
  • Ала Шарко – праграмная дырэктарка «Прэс-клубу», затрыманая 22 снежня 2020 году ў межах «справы Прэс-клубу», цяпер у СІЗА №1 у Менску;
  • Пётр Слуцкі – аператар «Прэс-клубу», затрыманая 22 снежня 2020 году ў межах «справы Прэс-клубу», цяпер у СІЗА №1 у Менску;
  • Ксенія Луцкіна – былая карэспандэнтка дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь–2», сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, затрыманая 22 снежня 2020 году ў межах «справы Прэс-клубу», цяпер у СІЗА №1 у Менску;
  • Андрэй Аляксандраў – журналіст і медыяменеджар, затрыманы 12 студзеня 2021 году ў межах «справы By_help», таксама затрыманая яго дзяўчына Ірына Злобіна. Цяпер у СІЗА №1 у Менску;
  • Дзяніс Івашын – журналіст «Новага часу» і «InformNapalm», затрыманы 12 сакавіка 2021 году і абвінавачаны ва «ўздзеянні на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці, цяпер у турме № 1 у Горадні;
  • Анджэй Пачобут – журналіст «Gazeta Wyborcza», затрыманы 25 сакавіка 2021 году ў межах справы супраць Саюзу палякаў, цяпер у следчай турме № 8;
  • Раман Пратасевіч – былы галоўны рэдактар каналаў «Nexta» і рэдактар Telegram-каналу «Беларусь головного мозга». Затрыманы 23 траўня ў выніку інцыдэнту з самалётам «Ryanair», які кіраваўся з Афінаў у Вільню, але атрымаў паведамленне пра бомбу ад менскага дыспетчара і сеў у Менску.
  • Глафіра Жук – журналістка, якая супрацоўнічала з «Народнай Воляй» і асвятляла суд у «справе студэнтаў» Затрыманая 29 траўня. 31 траўня, у дзень яе народзінаў, ёй прысудзілі 30 содняў.

На волі пад падпіскай аб нявыяздзе, але ў статусе абвінавачанага Сяргей Гардзіевіч – журналіст «Першага рэгіёну», затрыманы 22 снежня 2020 году, абвінавачаны ў крымінальнай справе за «абразу прэзідэнта», пасля 5 месяцаў хатняга арышту вызвалены.

Акрамя таго, у няволі яшчэ чатыры сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў: публіцыст і палітолаг Аляксандр Фядута (затрыманы у межах «справы аб перавароце»), старшыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», публіцыст і пісьменнік Павел Севярынец (асудзілі на 7 галоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў»), былы ўладальнік «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан (асуджаны на 2,5 гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу за «паклёп» на міліцыянтаў), праваабаронца Леанід Судаленка (падазраваны ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).


Ілюстрацыйнае фота, затрыманне журналіста Алеся Сабалеўскага. Магілёў, 30 жніўня 2020 году. Фота: Belsat.eu

Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама паведамляе пра два напады на журналіста ў канцы студзеня. Імя журналіста па яго просьбе не называюць, але паведамляюць, што першы раз нападнік схапіў журналіста за горла і спрабаваў кудысьці ўцягнуць, але збег пры з’яўленні сведкі, а другі раз два невядомыя ў масках напалі на журналіста, ударылі аб сцяну, пагражалі адносна працы, але ўрэшце збеглі.

«Рэпарцёры без межаў» летась прызналі Беларусь самай небяспечнай краінай Еўропы для журналістаў. Са жніўня па снежань 2020 году арганізацыя налічыла 449 выпадкаў парушэнняў свабоды слова ў Беларусі, 368 журналістаў за той перыяд прайшлі праз арышты. За ўвесь 2020 год Беларуская асацыяцыя журналістаў налічыла 481 затрыманне журналістаў. А з пачатку 2021 году БАЖ налічыла 55 затрыманняў журналістаў і агулам 109 выпадкаў нападу на СМІ.

Агулам у Беларусі 396 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, а праваабаронцы працягваюць аналізаваць справы іншых людзей на адпаведнасць паняццю «палітвязень».

АА belsat.eu

Hавiны