Новыя палітвязні і затрыманні за каментары пра Макея. Хроніка рэпрэсіяў 30 лістапада


Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 18 асобаў. Агулам цяпер у гэтым пераліку зняволеных – 1449 прозвішчаў. Сілавікі працягваюць затрыманні і крымінальны пераслед паводле палітычных матываў, а суды выносяць новыя выракі. «Белсат» сабраў выпадкі за дзень.

Новыя палітвязні ў Беларусі. Інфаграфіка: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра новыя прозвішчы ў спісе палітвязняў. У пералік дадалі 18 асобаў: Аляксей Кірэеў, Юрый Хрысталюбаў, Андрэй Фамін, Марыя Яшчанка, Багдан Каравец, Віктар Зігінаў, Дзяніс Сідарок, Раман Цыганкоў, Кірыл Казлоў, Аляксандр Кульбачка, Дзмітрый Каракін, Уладзімір Каракін, Давід Анташвілі, Аляксандр Пархоменка, Сяргей Макарэвіч, Яўгенія Старавойтава, Яўген Гурынаў, Ігар Бялаш. Цяпер у Беларусі 1449 палітвязняў.

ГУБАЗіК затрымаў сацыёлага, кандыдата навук Аксану Шэлест, а таксама архітэктара і ўрбаніста Кірылу Мальцава. Што ім ставяць у віну, невядома. Шэлест зараз у ізалятары на Акрэсціна. Дзе знаходзіцца Мальцаў, не кажуць.

Аксана Шэлест.
Фота: oksana.shelest.54 / Facebook

У Мёрах Віцебскай вобласці сілавікі зладзілі затрыманні на металапракатным заводзе, схапілі як мінімум пяць асобаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, іх абвінавачваюць у перадачы звестак «Чорнай кнізе Беларусі» і ў абразлівых каментарах у сацсетках. Вядомае прозвішча аднаго затрыманага – Сяргей Ерафееў.

У Гомлі адбыўся «хапун» у інкасатарскай фірме «ИНКАССО.ЭКСПЕРТ». «Знялі з маршрутаў 5 ці 6 чалавек. І павялі з сабой. Некаторых хлопцаў проста апытвалі. А некаторых адпусцілі, калі яны адпісаліся пры сілавіках ад «экстрэмісцкіх» каналаў», – распавялі крыніцы. У выніку 10 содняў арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» атрымалі тры супрацоўніка: Мікалай Ашарчук, Аляксандр Губарэвіч і Максім Баравікоў. Затрыманні адбыліся яшчэ 24 лістапада, але стала вядома пра гэта толькі сёння.

Высветлілася прычына «аблавы» у Паставах 24 лістапада, сярод затрыманых тады – Юры Дзіковіч, Уладзімір Лашчотка, Сяргей Ляўко. У праўладных Telegram-каналах апублікавалі «пакаяльнае» відэа з Ляўко, які «прызнаецца», што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года ў Менску. Мужчыну вінавацяць паводле «народнага» артыкулу «Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Пачаліся затрыманні за каментары пра смерць кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея. У ГУБАЗіКу сцвярджаюць, што высветлілі асобы 20 чалавек, якія, знаходзячыся ў Беларусі, напісалі ў сацсетках абразлівыя, на думку сілавікоў, пасты. «Пакаяльнае» відэа з першым затрыманым распаўсюдзілі ў праўладных Telegram-каналах. У допісах таксама адзначаецца, што ўстаноўленыя больш за 50 асобаў, што пісалі каментары пра Макея з-за мяжы.

Палітзняволенага лекара-неўролага Аляксандра Цялегу асудзілі за каментары другі раз. Першы вырак (4 гады калоніі) ён атрымаў за допісы пра суддзяў, чыноўнікаў, сілавікоў. Цяпер жа суддзя суда Пухавіцкага раёну Вольга Бабук прызначыла яшчэ паўгода пазбаўлення волі за ягоныя каментары на адрас вайскоўца, што застрэліў у жніўні 2020 года ў берасцейца Генадзя Шутава. Што праўда, на агульны тэрмін зняволення гэты прысуд не паўплываў.

Палітвязень Аляксандр Цялега.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

У судзе Цэнтральнага раёну Менску мужа і жонку Дзмітрыя і Кацярыну Ляўковічаў асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту. Суддзя Юліяна Шчэрба прызначыла ім па тры гады «хатняй хіміі». Дзмітрыя (ён прызнаны палітвязнем), які правёў больш за тры месяцы ў СІЗА, вызвалілі.

Кацярына і Дзмітрый Ляўковічы.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

Суддзя суда Бярозаўскага раёну Дзмітрый Кавалевіч прыгаварыў жыхара Жабінкі Аляксея Міхнюка да 1 года 6 месяцаў калоніі за абразу Аляксандра Лукашэнкі і ягонай прэс-сакратаркі Наталлі Эйсмант.

У Бярозаўскім раёне Уладзіміру Салдатаву прызначылі два гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі. Справу разглядала суддзя Людміла Рудзіна.

У Пружанах маці 13 дзяцей Вікторыю Онахаву-Жураўлёву арыштавалі на 10 содняў за «парушэнне адбыцця рэжыму». Яна цяпер адбывае 3 гады хатняй «хіміі» за каментар пра Лукашэнку.

Жыхарка Пружанаў Вікторыя Онахава-Жураўлёва са сваёй сям’ёю.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

Палітвязню Іллі Піражкову, якому раней прызначылі 3 гады ў калоніі адкрытага тыпу, хочуць змяніць пакаранне і накіраваць яго ў калонію агульнага рэжыму. Гэта пастанавіў Ленінскі суд Магілёва.

Генпракуратура Беларусі завяла дзве справы супраць колішняга пракурора, сузаснавальніка BYPOL Алега Талерчыка. Яго падазраюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «распальванні сацыяльнай варожасці». «Злачынствам» палічылі інтэрв’ю Талерчыка «Белсату» пра люстрацыю сілавікоў.

Ініцыятыву «Страна для жизни» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», паведамілі праўладныя Telegram-каналы. Яна нібыта нібыта падрыхтоўвае замах на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь.

Агляд
З ШІЗА – у рэанімацыю, 45 содняў для праваабаронцы, затрыманне дырэктара. Рэпрэсіі за 29 лістапада
2022.11.29 23:21

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў