Журналіста Генадзя Мажэйку асудзілі да трох гадоў зняволення


23 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе прагучаў вырак журналісту «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзю Мажэйку – 3 гады зняволення за «распальванне варожасці». Узгадваем, што вядома пра абвінавачванне і суд.

Генадзь Мажэйка ў судзе.
Фота: Sputnik

Затрымалі за журналісцкую працу

Працэс супраць Генадзя Мажэйкі вяла суддзя Таццяна Фалькоўская. Яна вядомая тым, што прысудзіла былой журналістцы АНТ Ксеніі Луцкіной 8 гадоў пазбаўлення волі.

Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Масквы і вярнулі ў Беларусь.

Падставаю для пераследу журналіста паслужыў матэрыял, апублікаваны на афіцыйным сайце «Комсомольской правды» неўзабаве пасля таго, як стала вядома пра страляніну ў кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Менску, у выніку якой загінулі IT-спецыяліст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. У журналісцкім матэрыяле аднакласніца Зельцара Вера Салаўёва дзялілася добрымі ўспамінамі пра забітага айцішніка.

Матэрыял выклікаў абурэнне ўладаў: «КП в Беларуси» абвінавацілі ў «абяленні тэрарыста» і «прапагандзе экстрэмізму». Раніцай 29 верасня 2021 года сайт kp.by быў заблакаваны, а 5 кастрычніка маскоўскае кіраўніцтва «КП» абвесціла пра закрыццё свайго прадстаўніцтва ў Беларусі.

6 кастрычніка 2021 года беларускія праваабаронцы прызналі Генадзя палітвязнем. Дэпутат Еўрапарламенту Лукас Мандль стаў ягоным сімвалічным хросным.

За кратамі сустрэў 40-годдзе

Генадзь Мажэйка. Крыніца: baj.by

Генадзя спачатку адвезлі ў Менск на Акрэсціна, потым змясцілі ў Следчую турму № 8 у Жодзіна.

Першым абвінавачваннем, якое выставілі Генадзю Мажэйку пасля затрымання, было распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці (ч.1 арт.130 КК РБ).

Гісторыі
Журналіст Генадзь Мажэйка ўжо год у СІЗА за матэрыял пра Андрэя Зельцара. Што вядома пра справу?
2022.10.01 08:30

Пазней Генадзю да абвіначвання дадалі яшчэ адзін артыкул – 368, 1 частку – «Абраза прэзідэнта». Падставай для яго сталі дыктафонныя запісы, якія знайшлі падчас ператрусу ў кватэры Генадзя. Адзін з запісаў быў з сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерам Варанецкім, якая адбылася яшчэ ўлетку 2020 года – Генадзь рабіў рэпартаж з падзеі.

Следчыя зачапіліся за наступную фразу на запісу, прамоўленую мужчынскім голасам: «З аўтаматам бегаць… Хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць? Гэта вар’ят». Судовая фонаскапічная экспертыза паказала, што голас нібыта належыць Генадзю Мажэйку.

У канцы снежня 2021 года журналіста перавялі з Жодзіна ў СІЗА № 1 у Менску на вуліцы Валадарскага. За кратамі 11 траўня 2022-га Генадзю споўнілася 40.

У СІЗА ні на што скардзіцца і наадварот падбадзёрвае блізкіх і калегаў

Генадзь Мажэйка.
Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

21 верасня адбылося кароткатэрміновае спатканне Генадзя з бацькамі. Паводле знаёмага сям’і, Генадзь трымаўся бадзёра, знаходзіў сабе ў СІЗА розныя заняткі. Першы час найбольш цярпеў ад нястачы інфармацыі, але потым больш-менш адаптаваўся. Адзначаў, што на Валадарцы побытавыя ўмовы лепшыя, чымся ў Жодзіне. Ні на што асабліва не скардзіўся і наадварот падбадзёрваў блізкіх і калегаў.

Суд над Генадзем распачаўся 1 снежня 2022 года. На першым жа паседжанні журналіст сказаў, што не прызнае віну, а таксама не казаў тую фразу, за якую яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта. Гэта пацвердзілі на судзе і сведкі – іншыя журналісты, якія былі на той сустрэчы і сядзелі побач з Генадзем.

Адвакат і калегі Генадзя настаялі на паўторнай экспертызе, бо знайшлі відэа з той сустрэчы, на якім было бачна, што тую фразу сказаў іншы чалавек. У судзе на паўтара месяца быў абвешчаны перапынак.

Абвіначванне ў «абразе прэзідэнта» знялі

Генадзь Мажэйка.
Фота: Геннадий Можейко / VK

На паседжаннях 27 лютага і 15 сакавіка эксперты заявілі ў судзе, што не знайшлі дакладных пацверджанняў ідэнтычнасці голасу на запісу і голасу Генадзя. Абвінавачванне ў «абразе прэзідэнта» з журналіста знялі.

15 сакавіка пасля спрэчак бакоў пракурор запатрабаваў для журналіста 3 гады пазбаўлення волі.

Суд над Генадзем Мажэйкам адзначыўся яшчэ і тым, што ягонай сям’і акурат пасярод працэсу давялося шукаць новага адваката – Лізавету Мацвееву, якая абараняла Генадзя на дасудовым этапе і на пачатку разгляду справы, пазбавілі ліцэнзіі.

Генадзь нежанаты, у яго няма дзяцей. Да зняволення жыў разам з бацькамі. Працаваў у «Комсомольской правде в Беларуси» больш за 10 гадоў. Хоць паводле адукацыі ён не журналіст (скончыў БДУіР), але яшчэ з дзяцінства любіў пісаць, кажа знаёмы, а потым сур’ёзна захапіўся журналістыкаю. Стаў пісаць пра музыку, музычныя фестывалі, аўтамабілі, вайсковую тэхніку. Паступова перайшоў на сталую працу ў «КП».

Акрамя журналістыкі, Генадзь захапляецца фатаграфаваннем, атрымліваў узнагароды на адпаведных конкурсах.

Паколькі да вынясення канчатковага прысуду 23 сакавіка журналіст ужо паўтара года адбыў за кратамі і з улікам, што на кожны дзень у следчым ізалятары налічваецца каэфіцыент «1,5», у калоніі яму застанецца адбыць крыху больш за год.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў