Журналіста Дзмітрыя Семчанку пакаралі трыма гадамі калоніі


Абвешчаны прысуд журналісту Дзмітрыю Семчанку: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Аб гэтым паведамляе «Вясна».

Дзмітрый Семчанка.
Фота: «Вясна» / viasna96

23 сакавіка абвешчаны прысуд у справе былога кіраўніка «прэзідэнцкага пулу» дзяржаўнага тэлеканалу АНТ журналіста Дзмітрыя Семчанкі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы»). Суддзя Яўген Пісарэвіч пакараў журналіста трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Як паведамляў 22 сакавіка «Белсат», менавіта такі тэрмін запрасіў для Дзмітрыя пракурор. На меркаванне дзяржаўнага абвінавачвання, «учыненае Семчанкам злачынства адносіцца да злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва».

Журналіста затрымалі 15 верасня 2022 года разам з жонкай. Пасля двух арыштаў за «дробнае хуліганства» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на яго завялі крымінальную справу за «распальванне варажнечы». Нагодаю сталі публікацыі ў ягоных сацсетках, якія, на меркаванне сілавікоў, «фармавалі ў грамадскасці нянавісць да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў і прадстаўнікоў улады».

У 2020 годзе Семчанку ўжо арыштоўвалі на 15 содняў за ўдзел у пратэсным маршы, у той час ён яшчэ працаваў на АНТ. Пасля звальнення з дзяржтэлебачання ён працаваў у кампаніі «Белагра».

Hавiны
Дзмітрыя Семчанку прызналі палітвязнем
2022.11.29 11:56

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў