Пракурор запатрабавала для журналіста Дзмітрыя Семчанкі 3 гады калоніі


Пракурор запатрабавала для журналіста, колішняга кіраўніка пулу Лукашэнкі Дзмітрыя Семчанкі 3 гады калоніі, перадае БелТА. Дзяржаўнае абвінавачванне мяркуе, што такі тэрмін зняволення паспрыяе «выпраўленню асобы, якая ўчыніла злачынства». Семчанку абвінавачваюць у распальванні варажнечы.

Дзмітрый Семчанка.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Менскім гарадскім судзе трывае разгляд справы журналіста, колішняга кіраўніка пулу Лукашэнкі Дзмітрыя Семчанкі. Працэс вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч.

На сённяшнім пасяджэнні пракурор запатрабавала для фігуранта 3 гады калоніі агульнага рэжыму. На меркаванне дзяржабвінавачвання, «учыненае Семчанкам злачынства адносіцца да злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва».

«Мэты крымінальнай адказнасці, а менавіта выпраўленне асобы, якая ўчыніла злачынства, і папярэджанне ўчынення іншага злачынства абвінавачаным ды іншымі асобамі, будуць дасягнутыя пры прызначэнні Семчанку меры пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі», – піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Журналіста затрымалі 15 верасня летась. Пасля двух арыштаў за «дробнае хуліганства» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на яго завялі крымінальную справу за «распальванне варажнечы». Нагодаю сталі публікацыі ў ягоных сацсетках, якія, на меркаванне сілавікоў, «фармавалі ў грамадскасці нянавісць да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў і прадстаўнікоў улады».

У 2020 годзе Семчанку арыштоўвалі на 15 содняў за ўдзел у пратэсным маршы.

Пасля звальнення з ОНТ ён працаваў у кампаніі «Белагра».

Hавiны
Дзмітрыя Семчанку прызналі палітвязнем
2022.11.29 11:56

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў