Журналіста Паўла Падабеда абвінавачваюць ва ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання


Беларускай асацыяцыі журналістаў стаў вядомы дакладны крымінальны артыкул, на падставе якога ўтрымліваюць за кратамі відэааператара-фрылансера Паўла Падабеда. Яму інкрымінуюць «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання».

Журналіст Павел Падабед.
Фота: spring96.org

Пра абвінавачванне стала вядома з копіі пастановы на арышт прыватнага аўтамабіля Паўла Падабеда, экспертыза і ацэнка якога, як аказалася, праводзіліся яшчэ на пачатку сакавіка.

У пастанове пазначана, што журналісту прад’яўленае абвінавачванне паводле ч.3 арт. 361-1 КК РБ – «Уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)». Па гэтым артыкуле журналісту пагражае да 6 гадоў у калоніі.

Таксама ў пастанове гаворыцца, што Павел Падабед «удзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях/дзеяннях 14 ліпеня 2020 года і ў наступныя дні». У згаданыя даты праходзілі пратэсныя акцыі супраць рашэння Цэнтрвыбаркаму Беларусі адмовіць у рэгістрацыі прэтэндэнтам на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу. Тады і незалежныя, і дзяржаўныя СМІ актыўна асвятлялі перадвыбарчыя баталіі, таму знаходжанне на вуліцы відэааператара Паўла Падабеда цалкам лагічнае, зазначае БАЖ.

Сам Павел Падабед паведамляў у лістах, што адмовіўся сведчыць супраць сябе і цяпер чакае перадачы справы пракурору і ў суд. За кратамі відэааператар утрымліваецца ўжо тры месяцы. Затрымалі яго 20 студзеня. Спачатку яго пакаралі 15 соднямі арышту паводле арт.19.11 КаАП РБ («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») за рэпосты ў сацсетках у 2012 годзе. Напярэдадні дня вызвалення журналісту прад’явілі абвінавачванне па крымінальнай справе.

28 лютага беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Падабеда палітвязнем.

Павел Падабед больш за два дзясяткі гадоў у якасці фатографа і відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, па стане на 20 красавіка за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 33 журналісты і супрацоўнікі медыя.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў