У Берасці журналістку БелТА пакаралі 3 гадамі зняволення


БАЖ паведамляе, што 7 верасня 2022 года ў Берасцейскім абласным судзе агучаны вырак Іне Можчанка, якая да затрымання працавала ў дзяржаўным інфармацыйным агенцтве БелТА. Справа супраць яе была распачатая за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцара.

Іну Можчанку абвінавачвалі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і часткі 1 артыкула 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці розніцы»). Справу разглядала суддзя Вера Філонік.

Іна Можчанка.
Фота: baj.by

Пра Іну Можчанка вядома, што яна ўваходзіць у праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі і да затрымання ў верасні 2021 года працавала ў БелТА, дзе займала пасаду начальніка сектара працы з электроннай інфармацыяй аддзела падтрымкі і развіцця інтэрнет-рэсурсаў.

Разам з тым, Іна Можчанка актыўна вяла сацыяльныя сеткі, дзе ў тым ліку пакідала пратэставыя каментары і іранізавала над музыкамі, якія выступаюць у савецкай вайсковай форме.

Падставай для затрымання Іны Можчанкі з’явіліся падзеі 28 верасня 2021 года, звязаныя са «справай Зельцара». На гэтую гісторыю Можчанка адрэагавала допісамі ў сацыяльных сетках і ўжо 29 верасня да яе прыйшлі сілавікі. З таго часу жанчына сядзіць за кратамі і там сустрэла свой 45-ты дзень нараджэння.

Якія менавіта допісы былі абразлівыя – дакладна не вядома, бо на судзе яны цалкам не агучваліся. Паводле пракурора Аляксандр Бацюшкі, Іна Можчанка нібыта мела на ўвазе і ўхваленне ўчынку Андрэя Зельцара, і «падбухторвала да гвалтоўных дзеянняў над праваахоўнікамі».

Суддзя Вера Філонік пакарала Іну Можчанку 3 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафам памерам 100 базавых велічыняў (3200 рублёў).

Hавiны
Бібліятэкарка з Крупак атрымала два гады калоніі ў «справе Зельцара»
2022.07.24 11:29

Нагадаем, што за каментары пасля гібелі супрацоўніка КДБ у Беларусі затрымалі больш за 200 чалавек. Судовыя працэсы пачаліся яшчэ ў студзені 2022 года. З тых часоў суды адбываюцца рэгулярна, і часцей за ўсё каментатарам прызначаюць менавіта пазбаўленне волі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў