Журналісту Анджэю Пачобуту прысудзілі 8 гадоў калоніі


Суддзя Гарадзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык агучыў вырак палітзняволенаму Анджэю Пачобуту – 8 гадоў з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна». Журналіста, актывіста незалежнага Саюзу палякаў прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцыяў. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

У Гарадзенскім абласным судзе агучылі вырак Анджэю Пачобуту. Паводле абвінавачання ў распальванні варожасці і закліках да санкцыяў яму прысудзілі 8 гадоў з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Працэс вёў суддзя Дзмітрый Бубенчык. Суд быў закрытым – гэтага запатрабаваў пракурор.

У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што ў медыях Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Яму таксама інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў выданні «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м.

16 студзеня, калі пачаўся суд, МЗС Польшчы распаўсюдзіла заяву, у якой абвінавачанні супраць Пачобута названыя непраўдзівымі ды палітычна матываванымі. У ведамстве адзначылі, што гэты працэс – «чарговы прыклад інструментальнага выкарыстання сістэмы правасуддзя насуперак усім дэмакратычным стандартам, а таксама адзін з элементаў антыпольскай кампаніі».

Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Горадні пасля ператрусу ў ягоным доме. З таго часу журналіст пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, яго змяшчалі ў карцар. Таксама яму фактычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.

У кастрычніку летась КДБ дадаў Пачобута ў «спіс тэрарыстаў».

Журналісту прапаноўвалі выехаць за мяжу ў абмен на вызваленне, некалькі разоў – напісаць прашэнне аб памілаванні, аднак ён адмовіўся.

Гісторыі
«Кожны крок у турме – і ты бліжэй да дому». Правілы жыцця журналіста Анджэя Пачобута
2023.01.16 07:21

belsat.eu

Стужка навінаў