Валер Сахашчык: Мы абралі Лукашэнку. Мы ўсе адказваем


Беларусы абралі Лукашэнку, і мы таксама адказваем за ягоныя дзеянні. Так лічыць Валер Сахашчык, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі. Ён таксама каментуе заяву прэзідэнта Літвы пра Беларусь як губерню Расеі. Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з падпалкоўнікам Валерам Сахашчыкам запісалі ў Вільні пасля саміту NATO.

Cяргей Пеляса: Наколькі Беларусь важная для бяспекі NATO?

Валер Сахашчык: Я разумею, што нейкі час таму на нас не звярталі ўвагі, але дзякуючы апошнім дзеянням Лукашэнкі, звязаным з ядравай зброяй і Групаю Вагнэра, Беларусь увайшла ў парадак дня ўсіх краін NATO, і цяпер усе спрабуюць выпрацаваць стратэгію адносна Беларусі.

Якія ёсць праблемы, звязаныя з Беларуссю і якія ўплываюць на бяспеку дзяржаваў NATO?

Найвялікшая праблема – непрадказальнасць дзеянняў Лукашэнкі. Нельга нічога пралічыць і зразумець, што ён зробіць заўтра. Гэта моцна непакоіць усіх.

А калі лічыць, што ён марыянетка Крамля, ён выконвае загады свайго гаспадара з Масквы. Ці згодны вы з гэтым?

Так было даўно, усе прызвычаіліся да гэтага. Але калі ягоныя дзеянні ўкладаліся ў нейкую логіку, гэта была адна справа. Цяпер яны не паддаюцца ніякай логіцы, і гэта вялікая праблема.

Пасля таго, як Лукашэнка і ягоны рэжым сталі суўдзельнікамі ў вайне Расеі супраць Украіны, зʼявілася рыторыка пра ядравую зброю ў Беларусі і магчымае перакідванне вагнэраўцаў на тэрыторыю Беларусі. Ці заўважылі вы большую зацікаўленасць на Захадзе, у NATO праблематыкай, звязанай з бяспекай і Беларуссю?

Так, пэўна, бо раней гэта была нібы ўнутраная праблема Беларусі, і ўсім было трошку шкада беларусаў, але гэта была праблема нацыі і ўсе. Цяпер гэта пагроза для ўсяго цывілізаванага свету, і гэта іншая сітуацыя.

Саміт NATO скончыўся і ў камюніке некалькі разоў згадваецца Беларусь у розных кантэкстах. Гэта і сўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны, і магчымае зʼяўленне ядравай зброі і вагнэраўцаў. Як вы ацэньваеце, ці правільна, што ў гэтай рыторыцы выкарыстоўваецца Беларусь? Што Беларусь абвінавачваюць у суўдзеле ў агрэсіі ды іншых грахах, а не рэжым Лукашэнкі.

Мы ўсе хацелі б, каб за гэта адказваў толькі Лукашэнка і ягоны рэжым. На жаль, мы ўсе адказваем, бо ўвесь цывілізаваны свет мысліць у такі спосаб: мы абралі Лукашэнку. Кожны народ варты свайго кіраўніка, і мы адказваем за ягоныя дзеянні. Вельмі цяжка для іншаземцаў раздзяліць, што Лукашэнка не рэпрэзентуе ані інтарэсаў беларускай нацыі, ані што нацыя не можа адказваць за ягоныя ўчынкі, але гэта цяжкая справа і, думаю, будзе патрэбны час, каб усе зразумелі.

Гаспадар саміту Літва і літоўскі прэзідэнт перад самітам зрабілі досыць гучную заяву, якая выклікала шмат спрэчак і дыскусій у інтэрнэце. Гітанас Наўседа назваў Беларусь губерняй Расеі, маўляў, Беларусь страціла незалежнасць і ператварылася ў губерню. Вы згодны з такой ацэнкай або неяк інакш апісалі б тую праблему, з якой сутыкнулася Беларусь, калі Лукашэнка аддае частку незалежнасці – Расеі.

Мне цяжка чуць такія словы, і я думаю, што большасць беларусаў адчуваюць сябе пакрыўджанымі, бо я ведаю, што большасць беларусаў не хоча быць у складзе Расеі і браць удзел у вайне, не хоча ядравай зброі і вагнэраўцаў на сваёй тэрыторыі. Беларусы мірныя і хацелі б быць у складзе Еўропы і нармальна жыць, так, як жывуць усе краіны Еўропы. На жаль, мы чуем тое, чаго вартыя. Насамрэч сёння залежнасць эканомікі Беларусі ад Расеі ўжо каля 100 %. Вайсковая залежнасць таксама вельмі высокая. І гэта вялікая праблема, якой трэба займацца і кіраваць дзеянні ў нармальным напрамку.

Украіна ў NATO – даволі рэальная перспектыва. Мы не ведаем, калі гэта адбудзецца, але, хутчэй за ўсё, адбудзецца. Беларусь у NATO – наколькі рэальная перспектыва ў будучыні? Што трэба зрабіць, каб беларусы маглі зрабіць выбар – далучыцца да NATO ці не?

Па-першае, беларусы ўжо шмат чаго робяць. Шмат нашых людзей змагаюцца з расейскім агрэсарам ва Украіне. Мы будуем свае вайсковыя часткі ва Украіне паводле стандартаў NATO. Мы працуем са зброяй NATO, і гэта першы крок. Усе нашыя саюзнікі, украінскія пабрацімы бачаць нашае імкненне працаваць з імі паводле такіх стандартаў. Хацелася б, каб больш людзей у Беларусі імкнуліся да атрымання рэальнай інфармацыі, не згаджаліся з тым, што на іх з тэлевізараў льецца лукашэнкаўская прапаганда, цікавіліся ў родных і знаёмых, якія жывуць у Еўропе, каб разумелі рэальную сітуацыю, а не тое, што брэшуць лукашэнкаўскія прапагандысты. Каб у нас разуменне нашай нацыі стала еўрапейскім. І тады, я ўпэўнены, што гэты працэс пройдзе вельмі хутка. Для мяне наша нацыя – еўрапейская, я ў гэтым упэўнены. І я спадзяюся, што мы хутка пройдзем шлях у Еўропу і ў NATO.

Інтэрв’ю з адмысловага выдання праграмы «ПраСвет» ад 13.07.2023

belsat.eu

Стужка навінаў