У Варшаве абмяркуюць праблемы беларускага бізнесу ў Польшчы і інструменты іх пераадолення


З якімі праблемамі сутыкаецца беларускі бізнес у Польшчы і якія ёсць магчымасці гэтыя праблемы пераадолець – гэтыя пытанні 14 снежня абмяркуюць у Варшаве ўдзельнікі сумесная імпрэзы Беларускай супольнасці бізнесоўцаў (БСБ) і Цэнтру Беларускай салідарнасці (ЦБС). Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал БСБ.

Адна з сустрэчаў-даследаванняў цэнтру BEROC. Красавік 2022 года, Варшава.
Фота: БСБ / Telegram / business2belarus

Беларуская Супольнасць бізнесоўцаў (БСБ) і Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС) праводзяць адкрытае мерапрыемства для беларускіх прапрымальнікаў у эміграцыі. У праграме – прэзентацыя вынікаў даследавання BEROC «Праблемы бізнесу з Беларусі ў Польшчы і пошук рашэнняў», якую зробіць сузаснавальніца БСБ і суаўтарка даследавання Наталля Красько. А Таццяна Хахелька з Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) раскажа аб адаптацыі праграм падтрымкі для рэлакаванага беларускага бізнесу ў Польшчу і ЕС.

«Гэтая сустрэча пачнецца з прэзентацыі вынікаў даследавання цэнтру BEROC, якое праводзілася ў трох краінах: Украіне, Польшчы, Літве. Падрабязней я спынюся на праблемах беларускага бізнесу ў Польшчы, а таксама задам аўдыторыі пытанне, якое праходзіла і праз даследаванне: «Ці здольныя мы, бізнесмены, якія выехалі разам са сваёй краіны, дзейнічаць разам за мяжой, і што нас можа абʼяднаць?» – паведаміла «Белсату» Наталля Красько. – Мы запрасілі на падзею і Таццяну Хахельку, якая пазнаёміць са змяненнямі праграмаў падтрымкі для бізнесу ад ЕБРР».

Красько нагадала, што 2022 год быў вельмі няпростым для беларускіх бізнесменаў: «Многія вымушаны былі змяніць краіну знаходжання альбо кірунак дзейнасці, некаторыя яшчэ не адышлі ад шоку альбо вагаюцца ў прыняцці пэўных важных рашэнняў. Для многіх, хто прыехаў жыць і весці бізнес у Польшчы, застаецца шмат пытанняў».

«Гэтыя пытанні можна будзе абмеркаваць 14 снежня. Мы спадзяемся на цікавую дыскусію і зацікаўлены дыялог, запрашаем да ўдзелу беларускіх бізнесоўцаў (і хто даўно тут, і толькі прыехаў), кансультантаў – юрыстаў, бугалтараў, кансультантаў па кіраванні. Будуць удзельнікі даследавання, будзе шмат карыснай інфармацыі і нетуоркінгу», – паведаміла сузаснавальніца БСБ.

Паводле яе адзнакі, бізнесменам сустрэча будзе цікавая тым, што яны «атрымаюць абагульненыя вынікі па праблемах у Польшчы, пачуюць аб магчымасцях вырашэння гэтых праблем з дапамогай праграм падтрымкі і пазнаёмяцца з беларускай бізнес-супольнасцю, выгодамі быць разам, даведаюцца аб прыярытэтах беларускіх прадпрымальнікаў у Польшчы».

Імпрэза пройдзе ў Цэнтры беларускай салідарнасці у сераду, 14 снежня, з 18:00 да 21:00. Уваход вольны, але патрэбна рэгістрацыя.

Раней паведамлялася, што колькасць беларускіх кампаніяў на польскім рынку апошнім часам пачала павялічвацца даволі хутка. Калі ў 2018 годзе ў Польшчы з’явілася 313 новых кампаніяў з беларускім капіталам, то ў 2020 годзе ўжо 462, а ў 2021-м адразу 912, яшчэ 437 кампаніі дадаліся сёлета па выніках пяці месяцаў. За пяць апошніх гадоў агульная колькасць новых кампаніяў беларускага паходжання склала больш за 4000.

Чытайце таксама:

Навошта беларускія прадпрымальнікі перабіраюцца ў Польшчу, і што яны тут знаходзяць

Антон Тачняк  belsat.eu

Стужка навінаў