Транспартная міліцыя ладзіць рэйды каля польскай мяжы


Транспартная міліцыя другі дзень актыўна правярае аўтобусы і маршруткі на мяжы з Польшчай. Людзі ў Беларусі спрабуюць скараціць час чакання ў чарзе і перасаджваюцца ў транспарт бліжэй да мяжы за грошы, што і непакоіць транспартнікаў. У чатах, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы, распавядаюць аб цэнах і спрачаюцца аб тым, добра гэта ці дрэнна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга на польска-беларускай мяжы з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў каля пераходу «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Вялізныя чэргі на выездзе ў Польшчу ўжо звычайная справа апошнім часам. 11 чэрвеня, напрыклад, было адразу 50 аўтобусаў, якія чакалі ўезду ў Польшчу. 12 чэрвеня – 36 аўтобусаў. Магчымасць падсаджвацца наперад моцна скарачае час чакання. Калі чаргу ад пачатку да канца можна стаяць содні і больш, то, падсеўшы наперад, можна прайсці мяжу за 8 гадзін ці нават менш.

У чатах пішуць, што цяпер магчымасць перасесці каштуе 100 рублёў, але «праходзяць рэйды транспартныя, высокая рызыка нікуды не з’ехаць», «могуць высадзіць з аўтобуса».

Некаторыя кіроўцы сталі баяцца браць пасажыраў, якія просяцца каля мяжы, але «падсаджваюцца і сёння», распавядаюць у чатах.

«Перасадкі – гэта нелегальна. Не будзе перасадак – запоўненыя аўтобусы будуць нармальна праязджаць, як і раней за 2-6 (максімум) гадзін», – падтрымлівае адзін з карыстальнікаў рэйды транспартнікаў.

Кажуць, што гэта нармальная магчымасць зэканоміць час, калі чалавек, напрыклад, спазняецца на самалёт. Усё роўна ж падсаджваюцца ў аўтобусы, якія адстаялі чаргу.

«Чэргі ўтвараюцца з-за дрэннай працы польскага боку, а не з-за пустых рэйсавых аўтобусаў. Яны як ішлі па сваім раскладзе, так і ідуць. А як толькі польскі бок пачынае ладзіць аперацыі “Мігрант” праз дзень, так і збіраецца чарга, што потым разграбаюць тыднямі», – піша іншы карыстальнік.

Польская памежная служба сапраўды паведамляла «Белсату», што была вымушаная адправіць частку супрацоўнікаў на стрымліванне патоку мігрантаў, якія ідуць з Беларусі. Таму памежны пераход «Тэрэспаль» працуе павольней.

Раней вандроўцы распавядалі «Белсату», што прадаюць месцы і ў чэргах легкавых аўтамабіляў за 150 еўраў.

Агляд
У Польшчу з Беларусі за шэсць гадзін. Ёсць варыянты не стаяць у чэргах на мяжы
2024.04.28 07:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў