СССР распаўся, але Расея – не. Турма народаў прагне вярнуць уцекачоў у свае камеры

Сёння ў Расеі – выходны з нагоды свята: Дзень Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці з гарадскога клуба «Лета перамог» выстройваюцца ў чаргу, каб скласці слова «Расея» і выканаць гімн, падчас святкавання Дня Расеі ў Музеі Другой сусветнай вайны. Масква, Расея. 12 чэрвеня 2024 года.
Фота: Alexander Zemlianichenko / AP Photo / East News

Здавалася б, зусім нядаўна гэта было – 12 чэрвеня ў 1990-м. Тады на першым з’ездзе народных дэпутатаў РСФСР прынялі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР. На практыцы гэта азначала, што Вярхоўны Савет РСФСР атрымаў больш улады ад цэнтральнага апарату СССР. Гэта быў перыяд, калі ўся савецкая краіна сачыла за сутычкаю Гарбачова і Ельцына. Абранне Барыса Ельцына старшынём Вярхоўнага Савету РСФСР сурʼёзна аслабіла пазіцыі каманды Міхаіла Гарбачова. Тады, каб уратаваць сітуацыю, Гарбачоў націснуў на партыйны актыў, бо зʼявіліся два цэнтры ўлады, якія змагаліся паміж сабой, а застацца мог толькі адзін з іх. Кажучы простаю моваю, адзін цэнтр спрабаваў супрацьстаяць заканадаўчым актам другога. Хто тады наагул мог уявіць сабе, што ніякай рэальнай незалежнасці Расеі ад СССР і не меркавалася? Хто мог тады ўявіць сабе, што знікне неўзабаве і сам СССР?

Затое ўласна Дэкларацыя аб суверэнітэце запусціла «парад суверэнітэтаў». Таварышы, якія прысутнічалі на нарадзе ў Гарбачова, задумаліся пра свае аналагічныя дэкларацыі і захацелі мець свае прэзідэнцкія пасады. Ну а чым яны горшыя? Дайшло да таго, што не толькі рэспублікі, якія ўваходзілі ў склад СССР, прынялі дэкларацыі аб суверэнітэце, але нават аўтаноміі ў самой Расеі падпісалі Акты аб незалежнасці.

У выніку Расея сталася незалежнаю не ад СССР, а ад сваіх былых калоніяў. І вось ужо апошнія 30 гадоў яна спрабуе ўсімі сіламі вярнуць сабе тыя калоніі, якімі кіравала з Масквы да 1991-га. Расея выкарыстоўвае для гэтага ўсе сродкі: ад дэстабілізацыі сітуацыі ў Грузіі, Малдове, Азербайджане, Кыргызтане, Казахстане, Беларусі да беспасярэдняга ваеннага ўварвання ва Украіне.

Гэтая дата выклікае перыядычна дыскусіі сярод расейскіх палітолагаў. Самы вядомы выраз належыць Віталію Траццякову, калі ён сказаў, што «ў былых калоніяў ёсць дні незалежнасці, але ў былых каланізатараў няма». Ён настойваў на тым, што расейскія камуністы і нацыяналісты ўбачылі пагрозу распаду СССР і назвалі дэкларацыю днём незалежнасці ўлады ад народу. Яны тады ўвесь час казалі, што расейскае кіраўніцтва прадалося Захаду. Але Ельцын у адказ заяўляў, што СССР насамрэч разваліў жнівеньскі путч 1991 года.

Як бы там ні было, але юрыдычна РСФСР выйшла са складу СССР толькі праз паўтара года, калі былі падпісаныя Белавежскія пагадненні.

Але што гэта значыць для былых калоніяў? Ці магла за нейкія 30 гадоў знікнуць імперская ідэалогія, якая зараджалася яшчэ ў Маскоўскім княстве? Яна мацнела ў Маскоўскім царстве, якое сталася Расейскай імперыяй, а потым тым самым СССР. Савецкі Саюз выйшаў пераможцам з Другой сусветнай вайны. Ён пакарыў палову Еўропы і палову Азіі. Экспансія і толькі экспансія як спосаб існавання…

Згадайма, як называлі Расейскую імперыю ў ХІХ стагоддзі. Усяго пару назваў, затое якіх ёмістых: «Расея – турма народаў» і «Расея – жандар Еўропы». Турмою народаў яе сталі называць пасля публікацыі кнігі Астольфа дэ Кустына пра падарожжа па Расеі ў 1839 годзе на запрашэнне імператара Мікалая І. Кажучы сучаснай мовай, аўтар казаў пра сваволле ўладаў, недасканалую судовую сістэму, дыскрымінацыйнае становішча народаў і адсутнасць грамадзянскай супольнасці, якая адзіная магла б супрацьстаяць уладзе манарха.

А жандарам Еўропы Расея сталася пасля здушэння паўстання ва Угоршчыне. Імператар лічыў, што павінен змагацца з рэвалюцыйным злом. Заўсёды з радасцю даваў сваё войска для здушэння паўстанняў у еўрапейскіх краінах. Паралелі напрошваюцца самі сабою.

Што азначае Дзень Расеі для беларускага народу? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба спытаць, куды падзеліся школы на нацыянальнай мове навучання. Чаму сёння вучаць дзяцей падручнікі гісторыі? Ці не пры Ельцыну, як толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, перапісваліся падручнікі, якія пераўзышлі размахам фальсіфікацыі нават расейскія? Што там можна прачытаць пра нацыянальна-вызваленчы рух? Ды ўсё тое ж, што і пры цару: польскія ўсё гэта былі паўстанні, якія ж яшчэ! Расказваючы пра паўстанне Каліноўскага, дзецям прапануюць партрэт Мураўёва-вешальніка на ўсю старонку, называючы яго мудрым і дальнабачным палітыкам. Праўда, даюць паглядзець і на маленькі партрэцік недзе скраю – Кастуся Каліноўскага. Ельцын пра гэта не ведаў? Проста так былыя выкладчыкі КПСС тэхнічных ВНУ кінуліся перапісваць школьныя падручнікі, хаця раней маглі публікаваць хіба што метадычкі на кафедры і нікому не цікавыя манаграфіі пра барацьбу пралетарыяту?

Што ні кажы, але бальшавікі хаця б дэкларатыўна і хоць на самым мінімальным узроўні давалі магчымасць захоўваць сваю культуру. Што гэта, калі не рэванш за тую дэкларацыю?

Згадайма, як людзі ў 2020-м, няхай запінаючыся, але спрабавалі размаўляць на роднай мове, якая цікавасць тады ўзнікла да роднай культуры, як разбіралі тады ў бібліятэках кнігі беларускіх пісьменнікаў. Ну і рэакцыя за гэта, якая яшчэ для беларусаў так і не скончылася. Любымі сродкамі спрабуюць забіць у людзях пачуццё нацыянальнай годнасці. Украінскі палітычны аглядальнік Віталій Портнікаў сказаў з гэтай нагоды: «Я заўсёды бачыў, што ў Расеі прадстаўнікам народаў – умоўна кажучы, ад народаў Паволжа да народаў Каўказу і Сібіры – заўсёды імкнуліся адмовіць менавіта ў гэтым пачуцці ўласнай годнасці. Не заўважаючы ні на іхныя культурніцкія дасягненні, ні на гістарычныя дасягненні, ні на іхныя магчымасці. Заўсёды дзівіліся, што, аказваецца, ёсць феномен якуцкага кіно. Чаму якуцкае кіно павінна быць горшым за тое, якое здымаюць у цэнтральнай Расеі? Адкуль гэты шаблон? Аказваецца, ёсць цудоўная дагестанская паэзія. А чаму яе не павінна быць? Што гэта ўвогуле? Што гэта за каланізатарскае мысленне ў XXI стагоддзі?»

Гэтае пачуццё нацыянальнай годнасці выбіваецца рознымі спосабамі. Тыя, хто вырваўся і даў магчымасць сваім дзецям вучыцца на роднай мове, вымушаныя са зброяй у руках абараняць сваю зямлю. Гінуць тысячамі. Іншых, як у Беларусі, выціскаюць з краіны або кідаюць гніць у турмы. А ў самой Расеі – якое гэта свята для яе народаў?

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў