Бальшыня жыве сваім звычайным жыццём: а быццам да 2020 года было інакш?

Калі ты тры гады за мяжою, цяжка не страціць сувязі з радзімай. Я стараюся гэтага не рабіць. Размаўляю з людзьмі з беларускіх гарадоў і вёсак – і разумею, што жывуць яны ў фактычнай акупацыі. А што рабіць? Трэба жыць, неяк прыстасоўвацца, выжываць, тым больш і не такое ў нашай гісторыі перажывалі. Згадайма, напрыклад, час Другой сусветнай вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі едуць у трамваі ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Памятаю, у нас на ток-шоу «План: Б» пра тыя падзеі трапна выказаўся журналіст і пісьменнік Сяргей Дубавец:

«Расея – гэта аграмадны тыл, які жыве па сутнасці мірным жыццём, хоць у ваенным становішчы, і гэтак далей. У Беларусь прыйшла новая ўлада, нічым не лепшая за папярэднюю. Уся нацыя беларуская думала, як жыць, трэба было наладзіць жыццё, трэба пячы хлеб, вучыць дзяцей, трэба дарогі ўрэшце рэмантаваць, таксама інфраструктуру нейкую наладжваць, нейкія заводзікі, дзе працаваць. Трэба неяк выжываць. Расея гэтага не ведала, яна ў глыбокім тыле штампавала снарады. Ці ўзяць другую глабальную з’яву ў нас – Галакост. Кожнае беларускае мястэчка – гета, не кажу ўжо пра гарады. Страшнае знішчэнне, людзі ўсё гэта бачаць. Што з гэтым зрабіць?»

Я не ведаю, наколькі карэктна параўноўваць гэтыя сітуацыі: ясна, што яны розныя. Фармальна і вайны няма: з аднаго боку, сёння Беларусь ператварылася ў расейскі тыл, з другога – сілавікі Лукашэнкі кожны дзень чыняць рэпрэсіі. Давайце прызнаем: ёсць нейкае падабенства. Побач ідзе вайна, Расея не ўспрымае Беларусь як незалежную краіну і жорстка праводзіць сваю палітыку на беларускіх землях, лукашэнкаўскія сілавікі – збольшага фанаты Пуціна, прыхільнікі ідэі «русского мира», яны збіваюць і кідаюць у турмы людзей за падтрыманне Украіны і за ўсё нацыянальнае. Для іх ты безумоўна мусіш любіць і падтрымліваць два злачынныя рэжымы: быць лаяльным ужо мала. Няма законаў: яны ўрываюцца да звычайных людзей са зброяй, і ты цалкам пад іхнай уладай, ты нічога не можаш зрабіць. Яны судзяць мёртвых і знішчаюць у сваіх вязніцах жывых. Як гэта можна назваць? Можна па-рознаму. Для мяне гэтыя сілавікі – звычайныя бандыты, злодзеі і акупанты, і я не магу назваць іх беларусамі: хутчэй уладальнікамі беларускіх пашпартоў.

Людзі бачаць іхныя злачынствы. А што з гэтым можна зрабіць? А што ты зробіш, калі ў цябе няма зброі? Застаецца толькі чакаць, а пакуль – гадаваць дзяцей, пячы хлеб і рамантаваць дарогі.

Меркаванні
Цяпер для спартоўцаў важна, якая ў цябе палітычная пазіцыя
2024.06.01 09:00

Пішу знаёмаму ў Беларусь.

– Як вы там?

– Вельмі чакаем вас, здаецца глабальна жыце не змянілася, але людзі сталі больш піць і паміраць. Памятаеш Гену з шостай кватэры?

– Так.

– Памёр! А Толіка з суседняга падʼезду?

– Так!

– І ён памёр.

І яшчэ некалькі імёнаў. І ў выніку ў доме з 80 кватэраў памерлі 12 чалавек. Гэта больш як 10 % у час, калі няма вайны.

Іншы знаёмы з Беларусі кажа, што сітуацыю ў краіне можна акрэсліць трыма «з». Запужаны народ! Злы народ! Заробку няма!

Іншы знаёмы кажа, што ў чэргах у крамах збольшага ўсе маўчаць, бо страшна, але ўсе з вялікаю надзеяй шукаюць некралог на першай старонцы дзяржаўных газетаў, бо іншых не засталося.

«У крамах прадуктаў дастаткова, у кавярнях шмат людзей, на футбол прыходзіць поўны стадыён, будуюцца новыя раёны і адкрываюць новыя бізнесы, я няблага зарабляю, толькі вось размаўляць пра палітыку апошнія гады я не рызыкую», – кажа мне знаёмы ў Беларусі.

Бальшыня жыве звычайным жыццём: а быццам да 2020 года было інакш? Астатнія – як падчас акупацыі: прыстасаваліся і таксама жывуць. А што застаецца? Пры гэтым вайна з народам не спыняецца, кожны дзень, як зводкі з фронту, прыходзіць інфармацыя пра затрыманых, асуджаных. І пакуль цяжка сказаць, як усё гэта можна спыніць, застаецца толькі берагчы сябе, спрабаваць захаваць краіну і чакаць некралогу на першай старонцы дзяржаўных газетаў.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў