Андрэй Гнёт, якога могуць экстрадаваць у Беларусь, пра сербскую турму і шанцы на ратаванне


Беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, які быў затрыманы ў Сербіі на запыт уладаў Беларусі, перавялі з цэнтральнай турмы Бялграду пад хатні арышт. Але рашэнне сербскага суду аб яго экстрадыцыі ў Беларусь, можа з’явіцца хоць заўтра. Пра гэта, а таксама пра жудасную сербскую турму і шанцы на ратаванне ад рэжыму Лукашэнкі Андрэй Гнёт распавёў «Белсату».

Андрэй Гнёт.
Фота: andrewgnyot / Instagram

«Пабачыў, што маю рэальны параліч нагі»

«Я размаўляю з Офісам Ціханоўскай, камандай Латушкі, дыпламатамі, юрыстамі, да мяне прыходзіць паліцыя – цырк на дроце», – апісвае свае справы пасля пераводу на хатні арышт Андрэй Гнёт.

Ён пацвярджае інфармацыю аб тым, што за кратамі ў яго пачаліся сур’езныя праблемы са здароўем.

«У сербскай турма самае жахлівае – гэта медычная дапамога, таму што яе там амаль не існуе. Ігнаруюцца абсалютна любыя запыты з боку зняволеных. Напрыклад, каб атрымаць лекі супраць мігрэні, я зрабіў дзесяць пісьмовых запытаў за 24 дні. Каб мне проста выпісалі рэцэпт – кавалачак паперы, які я б змог перадаць адвакатам. Перадаць лекі можна толькі адзін раз на тыдзень з 10 да 11 гадзінаў раніцы», – кажа Андрэй Гнёт.

Пісьмова прасіць лекі ён пачаў 1 траўня, а атрымаў іх толькі 5 чэрвеня. Акрамя таго, што працэс зацягваецца праз вельмі павольную рэакцыю персаналу турмы, яшчэ і на ўсе лекі, вітаміны і нават берушы і нітку для зубоў патрэбны рэцэпт лекара.

«Дабіцца гэтага рэцэпту амаль немагчыма. А 14 красавіка я ўбачыў, што ў мяне не рухаецца, як звычайна рухаецца, левая нага. Я пабачыў, што маю рэальны параліч нагі на 50 %. 16 красавіка, калі была добрая паліцэйская змена, я дабіўся таго, каб была размова з лекарам. Той сказаў, што гэта вельмі сур’езна і ён адправіць мяне на медычнае даследаванне ў шпіталь, бо ў турме такога абсталявання няма, бо гэта неўралагічная праблема. Па сённяшні дзень я не бачыў ніякага абследавання. Канешне, цяпер я больш шчаслівы, бо з рэзідэнцыі Аду я перайшоў у звычайную кватэру. Але ўсе мае праблемы са здароўем засталіся са мной», – расказвае Гнёт.

Даведка

Андрэй Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр. Яго называюць сузаснавальнікам «Свабоднага аб’яднання спартоўцаў SOS BY», якое абвешчанае ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Інтэрпол затрымаў Андрэя Гнёта ў кастрычніку 2023 года ў Сербіі на запыт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У Беларусі Гнёта абвясцілі ў вышук нібыта па справе аб падатках.

Сербскі Суд першай інстанцыі ў снежні 2023 года ўхваліў дэпартацыю Андрэя Гнёта Беларусь, аднак у сакавіку 2024 года Вышэйшы суд адмяніў гэтае рашэнне і адправіў справу на перагляд.

Інтэрпол больш не шукае, але шукае Беларусь

Каб займацца здароўем, часу ў яго зусім няма, бо трэба вырашаць пытанне з экстрадыцыяй. Тым больш, з кватэры можна выходзіць толькі на гадзіну ў содні і толькі ў акрэслены час.

Перавод пад хатні арышт зусім нічога не азначае ў справе, падкрэслівае суразмоўца. Не вядома, што гэтаму паспрыяла, але Андрэй лічыць, што гэты вынік салідарнасці беларусаў.

«Тут два напрамкі – палітычны і народны. Палітычны напрамак, безумоўна, паспрыяў. Але народны беларускі напрамак, мабыць, аказаўся значна большы. Людзі, якія мне пісалі, якія выходзілі на акцыі пратэсту ў Бялградзе, Лондане, Берліне і Варшаве – гэта ўсё адна вялікая плынь, якая паспрыяла таму, што сербскі суд звярнуў на мяне ўвагу. Да гэтага я атрымліваў абсалютна стэрыятыпныя рашэнні суда аб тым, што, калі мяне перавядуць пад дамашні арышт, то я магу збегчы.

Але экстрадыцыю ніхто не адмяніў. Нават горш. Ёсць вялікая верагоднасць, што ў бліжэйшы час мы атрымаем рашэнне Вышэйшага суду Бялграду аб тым, што мяне можна экстрадаваць Беларусь», – працягвае Гнёт.

Разбор
«Датычыць тысяч беларусаў». Каго рэжым шукае праз Інтэрпол і што рабіць у выпадку затрымання?
2024.04.12 08:00

Цяпер застаецца толькі змагацца за сябе, нягледзячы на парадаксальнасць сітуацыі.

«Сербія не мае да мяне аніякіх прэтэнзіяў, што самае абсурднае. Пытанні ёсць у беларускага боку, з якім у Сербіі двухбаковыя пагадненні. Але сербскі бок павінен вызначыць, ці сапраўды яны маюць права выдаваць мяне Беларусі і ці адпавядае гэта міжнароднаму заканадаўству, сербскаму заканадаўству і маім правам чалавека.

Ёсць вялікі-вялікі юрыдычны казус. Справа ў тым, што арыштавалі мяне па запыце Інтэрполу, а Інтэрпол свой запыт заблакаваў 24 лютага», – расказвае Андрэй Гнёт.

Гэта азначае, што ні адна краіна з чальцоў Інтэрполу не можа карыстацца гэтымі дадзенымі для арышту.

«Згодна з гэтай паперай, Сербія не мае ніякага права мяне ўтрымліваць. Але сербскі суд спасылаецца на двухбаковае пагадненне паміж Беларуссю і Сербіяй. Але дата майго арышту – інтэрполаўская. Казус у тым, што, калі Інтэрпол адмяняе запыт на мой арышт, мяне павінны адпусціць і зноўку арыштаваць па беларускім запыце, але гэтага не адбылося. Таму мой юрыдычны статус вельмі цікавы, я нібыта без статусу», – кажа Андрэй.

Якія шанцы на вызваленне, ніхто не ведае, кажа ён.

«Я мяркую, што толькі міжнародны ціск і розгалас павялічвае шанцы на захаванне майго жыцця. Калі гэтага не будзе, то мяне экстрадуюць пад шумок. Я буду змагацца да апошняй кроплі крыві. У мяне ёсць, канешне, і план «Б», і план «Ж». Але гэта вельмі жудасныя планы, я не хацеў бы іх агучваць», – падводзіць рысу суразмоўца.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў