Старшыня Еўракамісіі разам з 15 еўрадэпутатамі прыехала ў Кіеў


Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен і вярхоўны прадстаўнік Еўракамісіі ў справах замежнай палітыкі і бяспекі Жузэп Бурэль 2 лютага прыехалі ва ўкраінскую сталіцу. Яны апублікавалі фатаграфіі з цэнтральнага вакзалу Кіева.

Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен 2 лютага прыехала ў Кіеў.
Фота: vonderleyen / Twitter

«Прыемна вярнуцца ў Кіеў, у мой чацвёрты раз пасля ўварвання Расеі. На гэты раз з маёй камандай камісараў. Мы сабраліся тут разам, каб паказаць, што ЕЗ як ніколі цвёрда падтрымлівае Украіну. І для далейшага паглыблення нашага падтрымання і супрацы», – напісала Урзуля фон дэр Ляен у Twitter.

У допісе пра сваё прыбыццё ў Кіеў Жузэп Бурэль заявіў, што ЕЗ з пачатку вайны з Расеяй вылучыў Украіне 50 мільярдаў еўраў.

«Прыбыў у Кіеў, каб перадаць самае рашучае пасланне ЕЗ наконт падтрымання ўсіх украінцаў, якія абараняюць сваю краіну. Дапамога ЕЗ дасягнула 50 мільярдаў еўраў з пачатку вайны з Расеяй. Еўропа адзіная была з Украінаю з першага дня. І далей будзе стаяць з вамі, каб перамагаць і аднаўляць», – напісаў Жузэп Бурэль.

Заўтра, 3 лютага, у Кіеве мае прайсці саміт «Украіна – Еўразвяз». На ім плануецца абмеркаваць адносіны паміж Украінай і Еўразвязам і далучэнне краіны да ЕЗ.

«Візіт калегіі – моцны сімвал падтрымання Еўракамісіяй Украіны ва ўмовах несправакаванай і неапраўданай агрэсіі Расеі. Сустрэча паміж Камісіяй і ўкраінскім урадам дасць магчымасць абмяняцца думкамі ў многіх напрамках супрацы паміж ЕЗ і Украінай і абмеркаваць рэканструкцыю, а таксама еўрапейскі шлях краіны. Гэта таксама магчымасць паглыбіць далейшую супрацу з Украінай», – заявілі ў прэс-службе Еўракамісіі.

Нагадаем, што леташнім чэрвенем Украіна атрымлівала статус кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў