навіны

Трамп пастанавіў зняць санкцыі з Сірыі і сустрэўся з часовым прэзідэнтам

Кронпрынц Саудаўскай Аравіі Мухамэд бін Сальман (справа) назірае, як прэзідэнт ЗША Доналд Трамп паціскае руку часоваму прэзідэнту Сірыі Ахмаду аш-Шара ў Эр-Рыядзе
Кронпрынц Саудаўскай Аравіі Мухамэд бін Сальман (справа) назірае, як прэзідэнт ЗША Доналд Трамп паціскае руку часоваму прэзідэнту Сірыі Ахмаду аш-Шара ў Эр-Рыядзе, Саудаўская Аравія. 14 траўня 2025 года. Фота: Bandar AL-Jaloud / Saudi Royal Palace / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Зняцце санкцыяў з Сірыі дапаможа не толькі сірыйскай эканоміцы, але і Саудаўскай Аравіі, і, магчыма, Ізраілю.

Жыхар Сірыі, які жыве ў Турцыі, чакае з дзіцём у чарзе на памежным пераходзе «Джыльвэгёзю» (Cilvegözü) на турэцка-сірыйскай мяжы. 9 снежня 2024 года. Фота: Ozan Kose / AFP / East News
Сірыйскія бежанцы вяртаюцца дадому пасля падзення рэжыму Асада. Фатаграфіі навіны

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп 14 траўня падчас візіту ў Саудаўскую Аравію анансаваў зняцце санкцыяў з Сірыі і сустрэўся ў Эр-Рыядзе з часовым прэзідэнтам Сірыі Ахмадам аш-Шара.


Са словаў Трампа, кіраўнік Срыі – «малады прывабны хлопец, круты мужык», за якім «моцная мінуўшчына» і «рэальны шанец сабраць разам» Сірыю. Трамп адзначыў, што зняць санкцыі з Сірыі яго прасілі кіраўнікі Саудаўскай Аравіі і Турэччыны.


Башар аль-Асад кіраваў Сірыяй з 2000 года, прыйшоўшы на змену свайму бацьку, які кіраваў з 1971-га. Рэжым Башара аль-Асада раптоўна абрынуўся ў канцы 2024 года. Паўстанцы канчаткова ўзялі ўладу 8 снежня, Асад уцёк у Расею, уладу ўзялі падтрыманая Турэччынай групоўка «Хаят Тахрыр Аш-Шам» пад кіраўніцтвам Ахмада аш-Шара. Адносна новай улады ў Сірыі былі перасцярогі: хоць рыторыка была даволі міралюбнай, той жа аш-Шара да 2013 года быў у амерыканскім спісе глабальных тэрарыстаў.


Са студзеня 2025 года Саудаўская Аравія заклікала зняць санкцыі з Сірыі, асобныя краіны Еўропы прапаноўвалі прынамсі прыпыніць дзеянне санкцыяў. Але ў лютым Еўразвяз толькі часткова скасаваў свае санкцыі – у ключавых галінах. У сакавіку – красавіку санкцыі часткова зняло Злучанае Каралеўства. Заяву Трампа пра скасаванне санкцыяў ЗША сірыйцы літаральна святкавалі.

Як і калі Трамп здыме санкцыі з Сірыі, невядома, але ён сказаў, што «мы здымаем іх усе», бо для Сірыі прыйшоў час «заззяць» і «паказаць нам нешта вельмі асаблівае».


«Al Jazeera» лічыць, што свет атрымае сігнал наконт таго, што ў Сірыі можна рабіць бізнес. Ці будуць інвеставаць у Сірыю самі Штаты, невядома, але канал чакае павелічэння інвестыцыяў з Турэччыны і арабскіх краінаў.


Карэспандэнт персідскай службы Бі-Бі-Сі тлумачыць, што наладжванне стасункаў ЗША і Сірыі – гэта магчымасць замацаваць саудаўскае бачанне будучыні Блізкага Усходу. Падзенне рэжыму Асада было адчувальнай паразай для Ірану, але каб абмежаваць іранскі ўплыў у рэгіёне, патрэбны стабільны ўрад у Сірыі. Скасаванне санкцыяў і асабістая сустрэча з Трампам – першая за 25 гадоў сустрэча кіраўнікоў ЗША і Сірыі – паспрыяюць умацаванню пазіцыяў часовага прэзідэнта.


Паводле крыніцы «Axios», Ізраіль выступаў супраць зняцця санкцыяў з Сірыі, з якой тэхнічна застаецца ў стане вайны аж з 1948 года, і цяпер вядзе на тэрыторыі Сірыі ваенную аперацыю. Трамп жа заклікаў Сірыю падпісаць пагадненне аб нармалізацыі стасункаў з Ізраілем.


Сітуацыя ў рэгіёне складаная: напрыклад, Ізраіль сярод іншага імкнецца захаваць расейскія базы ў Сірыі, каб процідзеяць Турэччыне. Сірыя ж імкнецца адужаць пасля працяглай грамадзянскай вайны: паводле ацэнак Управы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у справе каардынацыі гуманітарных пытанняў, 16,5 млн з 23,7 млн жыхароў Сірыі маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10