Башар Асад, які кіраваў Сірыяй 24 гады, уцёк з краіны і, як кажуць у Маскве, склаў з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта. Ён пратрымаўся толькі 11 дзён пасля пачатку наступу апазіцыйных узброеных груповак. Чаму так хутка і што цяпер чакае Сірыю?
27 лістапада групоўка «Хаят Тахрыр Аш-Шам» абвесціла пачатак наступу на пазіцыі лаяльных прэзідэнту Башару Асаду сілаў у правінцыі Алепа, і ўжо 8 снежня з'явіліся паведамленні пра ўцёкі палітыка з краіны. Расейскія дзяржаўныя медыі са спасылкамі на «крыніцы ў Крамлі» перадалі, што Асад разам з сям'ёю ў Маскве.
«Расея, зыходзячы з меркаванняў гуманітарнага характару, дала ім прытулак», – паведаміла агенцтва ТАСС.
Падзеі ў Сірыйскай арабскай рэспубліцы развіваліся імкліва, і такі хуткі крах улады Асада, бадай, стаўся нечаканым для ўсяго свету. Ён кіраваў краінаю 24 гады, яшчэ 29 гадоў да гэтага прэзідэнтам быў ягоны бацька Хафэз.
«Рэжым Асадаў запомніцца як рэжым злачынцаў, галаварэзаў і забойцаў, бо галоўным спосабам кіравання для іх абодвух было задушэнне апазіцыі, задушэнне любой нязгоды. Яны абодва ў свой час выкарыстоўвалі масавыя рэпрэсіі, масавы гвалт. А Башар Асад, як паведамлялася, ужываў хімічную зброю супраць уласнага насельніцтва. Гэта вельмі бязлітасны рэжым. Думаю, амаль ніхто ў Сірыі не будзе згадваць яго добрым словам», – сказала ў эфіры «Вот Так» усходазнаўца, рэдактарка ізраільскага выдання «Детали» Аляксандра Апельберг.
Фактычна Сірыя цяпер падзеленая на некалькі частак, якія кантралююцца рознымі сіламі. Там іх столькі і яны настолькі адрозніваюцца, што без адмыслоўцаў не разабрацца. Некага падтрымоўвае Турэччына і Катар, некага – ЗША. Усходазнаўца, аўтарка Telegram-каналу «Фалафельная» Марыяна Беленькая тлумачыць «Белсату», што галоўная ўдарная сіла – пратурэцкая «Хаят Тахрыр Аш-Шам»:
,,«Гэтая арганізацыя прызнаная тэрарыстычнай ЗША, Расеяй і яшчэ шэрагам краінаў. Шмат гадоў групоўка кантралявала большую частку правінцыі Ідліб на поўначы Сірыі. У свой час гэтая групоўка вырасла з „Аль-Каіды“. То бок гэта джыхадысцкая ісламісцкая групоўка».
На баку Асада была Расея і Іран, а таксама праіранская групоўка «Хізбула». Масква занятая Украінаю, ПВК «Вагнэр», якая ваявала ў Сірыі, не існуе, а Іран і «Хізбула» зазналі страты праз удары Ізраілю. Што датычыць сірыйскага войска, што падпарадкоўвалася ўладам у Дамаску, дык яно і не было здатнае аказаць сур'ёзны супраціў, адзначае Беленькая:
«Войска, як бы дзіўна ні гучала, за гады вайны, за выняткам некаторых падраздзяленняў, што трэнавала Расея, так і засталася неарганізаванаю. Сірыйскае войска – непрафесійнае, туды заўсёды ішоў набор, людзі ішлі з невялікім імпэтам, атрымоўвалі вельмі мала. Агулам войска даўно ўгразла ў карупцыі, за выняткам некаторых падраздзяленняў».
Апельберг дадае: «Для бальшыні жыхароў Сірыі рэжым Башара Асада быў абсалютна злачынным і скрайне непапулярным, таму ён з такой лёгкасцю і паў».

Менавіта ў разрозненасці сілаў, што скінулі Асада, галоўная праблема. Цяпер яны аб'ядналіся дзеля адной мэты, аднак вялікае пытанне, ці здолеюць яны дамовіцца ў мірным жыцці.
«Невідавочна, што яны здолеюць навесці нейкі парадак. Пакуль гэта хаос з пробліскам надзеі. Незразумела, ці змогуць гэтыя групоўкі кіраваць краінаю, бо адна справа – захапіць гарады, а іншая – наладзіць дзяржаўнае кіраванне, наладзіць жыццё людзей», – заўважае Аляксандра Апельберг.
Яна не выключае, што стане яшчэ горш:
,,«Існуе небяспека, што з пункту гледжання лютасці яны могуць не толькі не саступіць, а і пераўзысці папярэдні рэжым».
Тым часам частку сірыйскай тэрыторыі – буферную зону на Галанскіх вышынях – заняў Ізраіль. Паводле прэм'ер-міністра Бэньяміна Нэтаньягу, гэта зроблена найперш для аховы мяжы, бо «сірыйскія вайскоўцы пакінулі свае пазіцыі». Цагаль абяцае, што гэта «часовая захада» – да стабілізацыі сітуацыі ў Сірыі.
Рыторыка груповак, што зрынулі Асада, пакуль даволі міралюбная: маўляў, мы не ворагі сірыйскаму народу, не ворагі Ізраілю, дый з Расеяй праблемаў няма. Аднак усходазнаўца Аляксандра Апельберг папярэджвае: да такіх заяваў варта ставіцца са скепсісам.
«Навіны пра тое, што Башар Асад апынуўся ў Маскве і што Расея дала яму прытулак, могуць вельмі не спадабацца людзям, якія супраць яго змагаліся і хацелі б нават не бачыць яго жывым. Той факт, што Расея яму дапамагла, можа згуляць супраць расейцаў, якія цяпер ў Сірыі. У Крамлі не мусяць быць упэўненыя, што бяспека расейцаў там забяспечаная», – адзначыла экспертка.
Міжнародны рэдактар брытанскай тэлерадыёкарпарацыі BBC, адмысловец у пытаннях Блізкага Усходу Джэрэмі Боўэн канстатуе: тое, што адбываецца ў Сірыі, уплывае на ўсіх суседзяў і на ўвесь свет з увагі на ейнае знаходжанне «ў самым цэнтры рэгіёну»:
«Цяпер пытанне, ці здолеюць гэтыя паўстанцы дзеяць разумна? Ці могуць яны забяспечыць стабільнасць? Яны заявілі, што не будуць помсціць меншасцям, аднак давайце паглядзім, што будзе адбывацца. Дрэнны сцэнар нагадае тое, што адбылося ў Лівіі пасля падзення Кадафі ў 2011 годзе і Садама Хусэйна ў Іраку пасля 2003 года, а гэта былі гады і гады пакутаў, кровапраліцця і грамадзянскай вайны».
Цягам 14 гадоў у падзеі ў Сірыі ўмешваліся ЗША, Расея, Турцыя, Іран, ААЭ, Саудаўская Аравія. Дзяржавы свету мусяць дзеяць у інтарэсах Сірыі, а не карыстацца ейнай крохкасцю, падсумаваў аналітык.
Сцяпан Кубік belsat.eu