Сёння ў Беларусі і Расеі Дзень Перамогі адзначаецца ў стылі «победобесия». Аднак ад пачатку ён такім не быў і праходзіў без парадаў і новапрыдуманых георгіеўскіх стужак. Гэта быў дзень франтавікоў, якія дамагліся перамогі, дзень памяці пра загінулых. Але ў 1947 годзе Сталін адмяніў гэтае свята за яго пагрозу савецкаму ладу і дыктатару асабіста.
Напачатку было два Дні Перамогі – 9 траўня і 3 верасня
Спачатку ў СССР было два «Святы Перамогі» – над нацысцкай Нямеччынай і над Японіяй.
8 траўня 1945 года Прэзідыум Вярхоўнага Савету СССР прыняў загад аб абвяшчэнні 9 траўня Святам Перамогі, а 2 верасня быў прыняты загад аб прызначэнні яшчэ аднаго Свята Перамогі на 3 верасня. Абодва дні абвяшчаліся выходнымі і шырока адзначаліся ў СССР з салютамі, але без парадаў і маршаў.

Аднак 23 снежня 1947 года Іосіф Сталін раптоўна адмяніў святочныя і выходныя дні 9 траўня і 3 верасня ды замяніў іх… Новым годам. У маладой краіне Саветаў у 1926 годзе Новы год і Раство былі забароненыя як святы царскага часу (не пашкадавалі нават ялінкі), але ў 1935 годзе Новы год аднавілі выключна ў выглядзе свята для дзяцей. З 1 студзеня 1948 года Новы год быў самым любімым савецкім святам. Аднак чаму Свята Перамогі трапіла ў сталінскую апалу?

Несацыялістычнае свята
Каб перамагчы ў Другой сусветнай вайне, савецкім уладам на чале з Іосіфам Сталінам давялося ў шмат якіх аспектах адысці ад сваёй ідэалогіі, бо яна не мела належнага падтрымання. Замест гэтага пачалі эксплуатаваць нацыянальныя пачуцці народаў СССР. Гэтак, у Беларусі партызаны друкавалі шматлікія газеты па-беларуску, а Панцеляймон Панамарэнка ўвогуле прапанаваў ідэю стварэння беларускай нацыянальнай арміі.
Прыйшлося нават часова зменшыць антырэлігійную барацьбу і да заканчэння вайны не закрываць праваслаўных цэркваў, адкрытых ва ўмовах нямецкай акупацыі. Гэта, вядома, не адпавядала ідэалам галоўнага дзяржаўнага свята СССР – 7 лістапада, Дня Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, але чаго толькі ні зробіш дзеля перамогі.
Яскрава гэта бачна на тым, як у часе вайны акцэнт спачатку рабіўся на вырашальную ролю «савецкага народу» і савецкай арміі ў вайне ды толькі пасля – на «вялікага палкаводца, правадыра і настаўніка таварыша Сталіна». Пасля перамогі вызначальнымі пачалі называць «моц савецкага грамадскага ладу», Камуністычную партыю і «правадыра» Сталіна.
,,«Нашая перамога азначае перадусім, што перамог наш савецкі грамадскі лад, што савецкі грамадскі лад з поспехам вытрымаў выпрабаванне ў вогнішчы вайны і даказаў сваю поўную жыццяздольнасць», – заявіў Сталін 9 лютага 1946 года падчас перадвыбарчага сходу выбарнікаў Сталінскай выбарчай акругі Масквы.
Усё таму, што гэты «правадыр», якога газеты называлі «творцам Перамогі», саступаў у папулярнасці сярод грамадзянаў СССР маршалу Георгію Жукаву. Менавіта з гэтым вайскоўцам асацыяваліся ўзяцце Берліну, падпісанне капітуляцыі нацысцкай Нямеччынай і Парад Перамогі 24 чэрвеня 1945 года. І з кожным годам папулярнасць Жукава толькі расла. Сталін не жадаў дапусціць у краіне Саветаў выбудоўвання яшчэ аднаго культу асобы, што стварала пагрозу ягонай уладзе, таму пастанавіў дзеяць прэвентыўна. Аднак гэта было не адзінай праблемай з «Днём Перамогі».
Свята адмянілі праз інвалідаў і франтавікоў
На канец вайны Чырвоная армія дасягнула колькасці 11 млн чалавек, якая скарачалася пасля верасня 1945 года напалову. Што рабіць з гэтымі людзьмі, асабліва з франтавікамі, роля якіх у грамадстве была дастаткова высокай і пагражала ролі прадстаўнікоў Камуністычнай партыі? Нездарма ж для кантролю арміі ў часе вайны працаваў інстытут палітрукоў, якія назіралі за настроямі ў войску і прыбіралі ўсіх нязгодных. Аднак рабіць гэта было складаней, калі мільёны савецкіх грамадзянаў пабачылі тое, як жыве Заходняя Еўропа, няхай і разбураная вайной. Іосіф Сталін добра ведаў гісторыю і тое, як пасля паходу расейскай арміі на Парыж у 1814 годзе вайскоўцы пачалі ствараць таемныя таварыствы і ўрэшце ўзнялі паўстанне на Сенацкай плошчы ў Пецярбурзе ў 1825 годзе.

Да таго ж у СССР па выніках вайны 500 тысяч былых вайскоўцаў засталіся інвалідамі, але дзяржава не мела сродкаў для забеспячэння ім належнай пенсіі. І тым больш не было гаворкі пра павелічэнне іхнай ролі ў краіне.
Расейскі гісторык Канстанцін Залескі тлумачыў: «У сталінскія ж часы ўзнікла вось якая сітуацыя: у краіне каля 500 тысяч інвалідаў трох групаў. Ім плоцяць капейкі – 180 або 160 рублёў, – таму што самі людзі зусім бескарысныя для сацыялізму, гэта значыць яны не могуць працаваць на карысць сацыялістычнай Айчыны. А грошы ім плаціць трэба. Так, яны жывуць у надгаладзь, яны жабруюць на вуліцах.
Значыць, калі мы ганарымся перамогай, то мы павінны плаціць гэтым людзям нармальную пенсію, каб яны нармальна жылі. У краіны на гэта грошай няма. Калі мы ганарымся перамогай, то людзей, якія ўнеслі ў яе ўклад (а іх відаць, яны ордэны носяць), павінны паважаць, павінны з імі лічыцца. Што, Іосіф Вісарыёнавіч будзе лічыцца з гэтай вельмі вялікай колькасцю маршалаў і генералаў? Тады ім трэба даваць добрыя пасады ў партыйным апараце, з імі трэба раіцца. Калі мы ганарымся перамогай».
Сталін не збіраўся дапусціць на кіроўныя пасады ў краіне франтавікоў-інвалідаў, мноства з якіх было пакрыўджанае на савецкую ўладу, прайшло праз ГУЛАГ, палон, і асабліва з улікам іхнага досведу знаходжання за мяжой. Нездарма ўжо на згаданым паседжанні 9 лютага 1946 года Сталін заявіў: «Кажуць, што пераможцаў не судзяць, што іх не трэба крытыкаваць, не трэба правяраць. Гэта няправільна. Пераможцаў можна і трэба судзіць, можна і трэба крытыкаваць і правяраць. Гэта карысна не толькі для справы, але і для саміх пераможцаў: менш будзе зазнайства, больш будзе сціпласці». Вынікам гэтага была адмена 10 верасня 1947 года льготаў і перавагаў, якія давалі ордэны і медалі, прычым у стылі савецкай сістэмы – «улічваючы шматлікія прапановы» тых, хто быў узнагароджаны.

Свята «со слезами на глазах»
У лютым 1946 года Іосіф Сталін прызнаў, што ў гады Другой сусветнай вайны Савецкі Саюз страціў загінулымі 7 млн чалавек. Гэта была велізарная лічба, але яна зусім не адпавядала рэчаіснасці, што ведалі як удзельнікі вайны, так і тыя, хто перажыў яе на акупаваных тэрыторыях. Аднак раскрываць сапраўдныя лічбы пра ахвяраў, сабраныя ў выніку дзейнасці надзвычайных камісіяў для падліку стратаў, савецкія ўлады не наважыліся. Усё таму, што ў такім разе перамога ў вайне выглядала б зусім не той Перамогай, вобраз якой ужо фармавала прапагандысцкая машына.
У 1956 годзе падчас закрытага для звычайных людзей ХХ з’езду КПСС Мікіта Хрушчоў назваў лічбу стратаў 20 млн, але афіцыйна ў падручніках і газетах заставаліся 7 млн.
Толькі ў 1965 годзе Леанід Брэжнеў агучыў новыя шакавальныя звесткі пра страты СССР. У 1990 годзе Міхаіл Гарбачоў павялічыў лічбу да 27 млн, і яна працягвае расці. Гэтак, 6 траўня сёлета Аляксандр Лукашэнка агучыў лічбу «больш чым 28 мільёнаў савецкіх грамадзянаў».
Халодная вайна
Пасля вайны былыя хаўруснікі, якія ўжо паспелі падзяліць Еўропу, ператварыліся ў ворагаў. СССР нават адмовіўся ад «плану Маршала», прапанаванага Злучанымі Штатамі ў 1947 годзе для аднаўлення пацярпелых ад вайны краінаў. Гэта пазбаўляла ў тым ліку Беларусь магчымасці шпарчэйшага аднаўлення. А былі знішчаныя 9200 вёсак і разбураныя 209 з 270 гарадоў. Агулам толькі страты ў нашай краіне ацэньваліся на 75 млрд рублёў (паводле 1941 года), або 35 бюджэтаў рэспублікі 1940 года.
Таму цяжар аднаўлення цалкам лёг на плечы простых людзей, якіх савецкая ўлада выкарыстоўвала напоўніцу. Напрыклад, у 1942 годзе ў СССР была ўведзеная абавязковая падпіска на вайсковыя пазыкі, паводле якой адзін месячны заробак на год адбіраўся ў працоўных на патрэбы развіцця вайсковай прамысловасці. Гэты ж механізм працягваў працаваць і пасля перамогі, што аргументавалася патрэбаю ў хутчэйшым аднаўленні краіны.
Якраз патрэбаю аднаўлення краіны, а не святкавання Сталін аргументаваў скасаванне вольных дзён на 9 траўня і 3 верасня, а пад гэтыя дні рабочыя «давалі слова таварышу Сталіну» працаваць больш і лепш.

Пра стаўленне Сталіна да Перамогі і «пераможцаў» сведчыць тое, што пры ім у СССР не паўставалі помнікі ў гонар «Вялікай Айчыннай вайны», затое прысвечаныя яму як «творцу Перамогі» раслі як грыбы пасля дажджу.
Першы ж Вечны агонь быў запалены толькі пасля ягонай смерці, 9 траўня 1957 года, у пасёлку Першамайскі Тульскай вобласці, і далей яны паўсталі па ўсім Саюзе. Толькі з пачатку 1960-х пачалі масава з’яўляцца абеліскі і разнастайныя помнікі, як Курган Славы пад Менскам (1969) ці мемарыяльны комплекс «Хатынь» (1969).
Першы ж вайсковы парад на Дзень Перамогі прайшоў толькі 9 траўня 1965 года на загад Леаніда Брэжнева, а зноў выходным гэты дзень зрабіўся ў 1970 годзе. Усяго ж у савецкі час Парады Перамогі на 9 траўня праводзіліся тройчы: у 1965, 1985 і 1990 годзе. У Расеі ж з 1995 года яны сталіся штогадовымі. Пры гэтым у Беларусі захавалі савецкую традыцыю часоў Брэжнева ладзіць Парады Перамогі на 9 траўня толькі ў юбілейныя гады.
У 1947 годзе Сталін прыбраў Свята Перамогі з ліку найважнейшых дзяржаўных, але людзі працягвалі яго адзначаць, узгадваючы ў гэты дзень пра трагедыю, якую перажылі яны і якой не перажылі шматлікія іх родныя. 17 гадоў гэты дзень заставаўся ў ценю іншых савецкіх святаў, пакуль не нарадзілася пакаленне новых савецкіх грамадзянаў, выхаваных ужо на новых канонах створанага вобразу «Вялікай Айчыннай вайны», дзе роля Сталіна адышла ў цень кіроўнай Камуністычнай партыі і пагрозы трэцяй сусветнай вайны. Аднак працягвала захоўвацца сямейная памяць, калі жывыя сведкі тых падзеяў распавядалі тое, чаго нельга было прачытаць у падручніках ці пабачыць у кіно. І гэта было галоўнай перашкодай на шляху да «победобесия».
Барыс Булат belsat.eu