Аналітыка

Пакістан, з якога Лукашэнка абяцае прывезці 150 тысяч мігрантаў, можа ўвязацца ў вайну. Што адбываецца?

Сілы бяспекі стаяць напагатове праз дзень пасля таго, як 26 турыстаў былі забітыя ў даліне Байсаран каля Пэгэльгаму ў падкантрольнай Індыі частцы Кашміру. 23 красавіка 2025 года. Фота: Nasir Kachroo / NurPhoto vis Getty Images
Сілы бяспекі стаяць напагатове праз дзень пасля таго, як 26 турыстаў былі забітыя ў даліне Байсаран каля Пэгэльгаму ў падкантрольнай Індыі частцы Кашміру. 23 красавіка 2025 года. Фота: Nasir Kachroo / NurPhoto vis Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Паміж Пакістанам і Індыяй – дзвюма ядравымі дзяржавамі – можа пачацца вайна. Прычына ў тэракце, які адбыўся на спрэчнай, але кантраляванай Індыяй тэрыторыі. У атацы Нью-Дэлі дэ-факта абвінаваціў Пакістан, з тэрыторыі якога Аляксандр Лукашэнка запрасіў у Беларусь 150 тысячаў працоўных мігрантаў.

Аляксандр Лукашэнка падчас афіцыйнай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістану Шэгбазам Шарыфам. Менск, Беларусь. 11 красавіка 2025 года. Фота: president.gov.by

Замяніць беларусаў пакістанцамі – хітры план Лукашэнкі, які можа даць збой

Аналітыка

Да 1947 года Пакістан і Індыя былі часткаю адной калоніі – Брытанскай Індыі. Але атрымалі незалежнасць як асобныя краіны. Пераважна мусульманскія рэгіёны атрымаў Пакістан, а тэрыторыі з перавагай індуісцкага насельніцтва ўвайшлі ў склад Індыі. Пры гэтым спрэчнаю тэрыторыяй стаўся Кашмір, за кантроль над якім краіны ўжо неаднаразова ваявалі.

Войны паміж Індыяй і Пакістанам здараліся ў 1947–1948, 1965, 1971 і 1999 гадах, ахвярамі якіх сталіся дзясяткі тысяч асобаў. Апроч таго, неаднаразова здараліся памежныя канфлікты, паўстанні ды іншыя сутыкненні. Апошняе з іх – у лістападзе 2020-га – лютым 2021-га.

Актывісты і прыхільнікі кіроўнай партыі Кашміру «Нацыянальная канферэнцыя» трымаюць плакаты, выкрыкваючы антыпакістанскія і антываенныя лозунгі падчас акцыі пратэсту з нагоды забойства турыстаў. Шрынагар, Індыя. 23 красавіка 2025 года. Фота: Yawar Nazir / Getty Images
Актывісты і прыхільнікі кіроўнай партыі Кашміру «Нацыянальная канферэнцыя» трымаюць плакаты, выкрыкваючы антыпакістанскія і антываенныя лозунгі падчас акцыі пратэсту з нагоды забойства турыстаў. Шрынагар, Індыя. 23 красавіка 2025 года. Фота: Yawar Nazir / Getty Images

Цяперашняе абвастрэнне звязанае з тэрактам, які адбыўся 23 красавіка ў горадзе Пэгэльгам у Гімалаях, што ў падкантрольнай Індыі частцы Кашміру. Там узброеныя людзі расстралялі групу турыстаў – 26 чалавек загінулі і яшчэ 17 атрымалі раненні. Нападнікам удалося ўцячы, а сам тэракт стаўся найбуйнейшым за апошнія гады.

Індыйская паліцыя заявіла, што сярод чатырох нападнікаў двое – грамадзяне Пакістану, а адзін – мясцовы жыхар Кашміру. Каля 1500 чалавек у Кашміры былі затрыманыя для допыту, паведамілі Бі-Бі-Сі крыніцы ў паліцыі. У датычнасці да атакі вінавацяць і пакістанскія спецслужбы.

Прэмʼер-міністр Нарэндра Модзі паабяцаў адплаціць нападнікам: «Індыя выявіць, высачыць і пакарае кожнага тэрарыста і ягоных заступнікаў, і мы будзем пераследаваць іх да краю зямлі. Тэрарысты, якія стаяць за забойствамі, разам са сваймі заступнікамі атрымаюць пакаранне большае, чымся яны могуць сабе ўявіць».

Людзі збіраюцца ў доме 30-гадовага Адыля Хусэйна, забітага ў выніку нападу баевікоў каля Пэгэльгаму ў Паўднёвым Кашміры, Індыя. 23 красавіка 2025 года. Фота: Muzamil Mattoo / NurPhoto via Getty Images
Людзі збіраюцца ў доме 30-гадовага Адыля Хусэйна, забітага ў выніку нападу баевікоў каля Пэгэльгаму ў Паўднёвым Кашміры, Індыя. 23 красавіка 2025 года. Фота: Muzamil Mattoo / NurPhoto via Getty Images

У Ісламабадзе ў сваю чаргу заявілі пра адсутнасць «дакладнага расследавання і доказаў, якія правяраюцца», сувязі тэракту з Пакістанам. Пры гэтым падкрэсліваецца, што збройныя сілы Пакістану «застаюцца цалкам дзеяздольнымі і гатовымі абараняць свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласць». Дзеянні Індыі былі названыя «аднабаковымі, несправядлівымі, палітычна матываванымі, вельмі безадказнымі і пазбаўленымі юрыдычнай каштоўнасці».

Напружанасць нарастае

Нью-Дэлі і Ісламабад ужо распачалі шэраг узаемных варожых крокаў. Гэтак, яны анулявалі візы для грамадзянаў абедзвюх краінаў. Ім рэкамендавана як найхутчэй вярнуцца дадому. Таксама Індыя закрыла адзіны наземны памежны пераход з Пакістанам. А Ісламабад абвясціў індыйскіх дарадцаў у пытаннях абароны, вайскова-марскіх сілаў і авіяцыі персонамі нон-грата.

Апроч таго, Нью-Дэлі прыпыніў дзеянне дамовы аб водах Інду, падпісанай у 1960 годзе, што рэгулюе размеркаванне водных рэсурсаў паміж краінамі. Яно дзеяла нават падчас мінулых войнаў паміж краінамі, у 1965 і 1971 гадах.

У адказ Ісламабад закрыў паветраную прастору для ўсіх авіякампаніяў, «якія належаць або выкарыстоўваюцца Індыяй», і прыпыніў увесь гандаль з Індыяй, у тым ліку транзіт праз трэція краіны. Пакістан таксама папярэдзіў, што будзе лічыць парушэнне дамовы аб падзеле водных рэсурсаў за 1960 год падставаю для абвяшчэння вайны.

Супрацоўнік пакістанскай памежнай службы на варце на памежным пераходзе Торкхам паміж Афганістанам і Пакістанам, у правінцыі Нангаргар. 20 красавіка 2025 года. Фота: Wakil Kohsar / AFP / East News
Супрацоўнік пакістанскай памежнай службы на варце на памежным пераходзе Торкхам паміж Афганістанам і Пакістанам, у правінцыі Нангаргар. 20 красавіка 2025 года. Фота: Wakil Kohsar / AFP / East News

Як перадае «Al Jazeera», эскалацыя ўжо спрычынілася да падзення індыйскіх і пакістанскіх рынкаў. Больш за тое, праз забойства замежнікаў чакаюцца істотныя праблемы ў Кашміру, які ў 2024 годзе наведалі 3,5 млн турыстаў, прынёсшы ў мясцовы бюджэт 7 % ВУП. А магчымае перакрыццё Індыяй рэк пагражае ўжо эканоміцы і харчовай бяспецы Пакістану.

Вайна магчымая. Паміж ядравымі краінамі

Апроч таго, Пакістан абвясціў аб правядзенні баявой стральбы ВМФ у Арабскім моры, а Індыя перагнала туды свой авіяносец «INS Vikrant». Крыніцы «Al Jazeera» ў пакістанскіх спецслужбах дапускаюць магчымасць вайсковых дзеянняў, але кажуць, што краіна «гатовая да любой індыйскай авантуры».

,,

«Індыя памыляецца, калі думае, што не будзе ніякага зуб за зуб. Аднак мы абедзве ядравыя краіны, і індыйская агрэсія можа прывесці да безадказнай сітуацыі. Мы ўсе мусім дзеяць асцярожна», – заявіла крыніца выдання.


У сваю чаргу міністр абароны Пакістану Хаўаджа Асіф заявіў на прэс-канферэнцыі, што Індыя ўжо «вядзе вайну нізкай інтэнсіўнасці супраць нас, і калі яны павялічаць маштаб, мы будзем гатовыя». Ён таксама абвінаваціў Нью-Дэлі ў планаванні «тэрарыстычных нападаў» у розных гарадах Пакістану. Паводле міністра, калі Індыя здзейсніць «тэрарыстычныя акты», Ісламабад адкажа тым жа і «прымусіць іх заплаціць».

У Індыі, як заяўляюць карэспандэнты «Al Jazeera», праходзяць антыпакістанскія акцыі пратэсту, а прэмʼер-міністр Модзі зазнае велізарны ціск: ад яго чакаюць дзеянняў супраць Ісламабаду, каб адпомсціць за гэты напад.

Аднак былая пасланніца Пакістану ў ААН Маліха Лёдгі заявіла, што ў выпадку ваенных дзеянняў Індыі «можа ўзнікнуць поўнамаштабны крызіс, якога варта пазбягаць, улічваючы відавочную небяспеку, бо абедзве краіны ёсць ядравымі дзяржавамі».

Мігранты з беларускага боку на польска-беларускай мяжы за дзень да меркаванага абвяшчэння буфернай зоны. Белавежа, Польшча. 3 чэрвеня 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Maciej Luczniewski / NurPhoto via Getty Images

Расізм у Беларусі: змяняем палітыку партыі

Меркаваннi

Што з таго беларусам?

Пакістан – хаўруснік Аляксандра Лукашэнкі. Ён наведваў гэтую краіну з афіцыйным візітам у лістападзе 2024 года. А ў красавіку 2025-га ўжо пакістанскі прэм’ер-міністр Шэгбаз Шарыф прылятаў у Менск. Гэты візіт справакаваў вялікую незадаволенасць у беларускага грамадства пасля таго, як Лукашэнка паабяцаў прывезці ў Беларусь 150 тысячаў пакістанскіх працоўных мігрантаў на замену тым, хто з’ехаў праз ягоную палітыку.

Гэта выклікала страх і занепакоенасць у беларусаў, якія не выключаюць росту злачыннасці праз прыезд у краіну такой вялікай колькасці мігрантаў іншай культуры і паходжання. І хоць сілавікі ўжо сталі затрымліваць беларусаў за каментары, а прапагандысты вінавацяць Украіну ў спробах «выклікаць хаос», абвінавачванні Індыі ў датычнасці пакістанцаў да тэракту і пагрозы новай вайны могуць толькі ўзмацніць страхі беларусаў.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10