Выглядае, што МУС сам напісаў і сам зняпраўдзіў інфармацыю пра злачынствы плыняў мігрантаў.
Міністэрства назвала навіны пра тое, што на тэрыторыю нашай краіны прыбылі 150 тысяч грамадзянаў Пакістану, «фэйкавай і правакацыйнай інфармацыяй».
«Міграцыйныя плыні з Пакістану адсутнічаюць, як і злачынствы, учыненыя выхадцамі з гэтай дзяржавы. МУС мае ўсе неабходныя сілы і сродкі для запэўнівання бяспекі нашых грамадзянаў і сталага кантролю міграцыйных плыняў!» – адзначаецца ў заяве, абнародаванай Міністэрствам унутраных справаў.
Але пра якія злачынствы пакістанцаў, якія яшчэ не прыбылі ў краіну, кажуць сілавікі, няясна. Адзінае, што адбылося апошнім часам, – гэта спрэчка паміж двума мараканцамі праз дзяўчыну ў Гомлі. Тады некаторыя з каментатараў у TikTok выказалі думку, што гэта могуць быць пакістанцы.
Нагадаем: 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з «сваім сябрам», прэм'ер-міністрам Пакістану, наконт «адмыслоўцаў розных галінаў», якія прыедуць у Беларусь працаваць:
«Кіраўніцтва Пакістану дапаможа нам падабраць такіх асобаў. Няхай гэта будзе 100 тысячаў, можа быць, 120–150 тысячаў гэтых адмыслоўцаў. Мы гатовыя прыняць іх у Беларусі і стварыць ім неабходныя ўмовы для працы. Мы дамовіліся з вамі, што зробім усё, каб нашыя пакістанскія сябры, работнікі, сяляне, інтэлігенцыя, ахвочыя змаглі прыехаць у Беларусь і працаваць тут. Мы надамо ім адпаведнае падтрыманне. Мы таксама дамовіліся, што выпрацуем канкрэтны механізм прыезду людзей для працы ў Беларусі. Нам яны будуць вельмі патрэбныя».
На наступны дзень Лукашэнка, адказваючы на пытанні прапагандыстаў падчас суботніку, заявіў: «Беларусь зацікаўленая найперш у прыцягненні адмыслоўцаў, а не проста маладзёнаў, і найлепей – з сем’ямі».
Тэса Анэйда belsat.eu