Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка пасля перамоваў з прэм'ер-міністрам Пакістану Шэгбазам Шарыфам заявіў, што Беларусь гатовая прыняць на працу ад 100 да 150 тысяч пакістанскіх працаўнікоў. Але ці гатовае беларускае грамадства да таго, каб прыняць такую колькасць прадстаўнікоў іншай культуры і ці не чакае нас усплёск ксенафобіі? Пра гэта ў эфіры праграмы «Обычное утро» паразважаў палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.
Аляксандр Фрыман адзначае, што ёсць абсалютна дакладныя праблемы на рынку працы ў Беларусі: яны звязаныя з уцяканнем мазгоў – беларусы ад’язджаюць не толькі на захад, але і на ўсход, у прыватнасці, у Расею. Дэмаграфічная сітуацыя ў нашай краіне, як і ва ўсёй Еўропе, складаная. І калі не рабіць ніякіх намаганняў, то яна будзе пагаршацца, адзначае палітычны аналітык. У такіх умовах патрэбнае працяканне працоўнай сілы, і Пакістан на гэтым спецыялізуецца.
,,«У іх маладое грамадства, сярэдні ўзрост насельніцтва ў Пакістане – крыху за 20 [гадоў. – Заўв. «Белсату»]. Узровень нараджальнасці вельмі высокі: тры з нечым [дзіцяці. – Заўв. «Белсату»] на адну жанчыну. Таму, канечне, яны з задавальненнем экспартуюць сваю працоўную сілу», – кажа Аляксандр Фрыдман.
У сувязі з гэтым, на думку Фрыдмана, абавязкова знойдуцца маладыя людзі, якія захочуць паехаць у Беларусь на працу, нягледзячы на тое, што наша краіна ў параўнанні з Арабскімі Эміратамі, куды могуць ехаць на падпрацоўванне пакістанцы, выглядае не самаю прывабнаю.
,,«Знойдуцца маладыя людзі, якія сапраўды прыедуць і ў Беларусі будуць працаваць. Пытанне, дзе яны будуць працаваць, як гэта ўсё будзе арганізаванае? Бо Беларусь не мае вопыту прыцягнення гасцявых працаўнікоў. Таму як будзе арганізаваная інтэграцыя – гэта ўсё адкрытае пытанне», – кажа Аляксандр Фрыдман.
Палітычны аналітык адзначае, што, хутчэй за ўсё, першапачаткова ў Беларусь прыедуць менавіта маладыя мужчыны, без сем’яў. Але калі ў будучыні пачнуць прыязджаць людзі з сем’ямі, то гэта, у сваю чаргу, выкліча шэраг дадатковых пытанняў.
«Лукашэнка ж цудоўна разумее настроі ў грамадстве. Ён можа вельмі доўга і красамоўна казаць пра талерантнасць, верацярпімасць і гэтак далей. Але ж беларускае грамадства – гэта шмат у чым монаграмадства, дзе дамінуе адна этнічная група. Так, ёсць рэлігійныя адрозненні паміж, дапусцім, каталікамі і праваслаўнымі, але яны не носяць сур’ёзнага характару. Пакістан жа – гэта зусім іншая гісторыя. Гэта не фундаменталісцкая дзяржава, але гэта мусульмане, якім патрэбная адпаведная інфраструктура ў сэнсе харчавання, лагістыкі, рэлігійных установаў і гэтак далей. А калі пасля прыедуць сем’і з дзецьмі, пытанне будзе стаяць, дзе вучыцца дзецям і гэтак далей. Таму Лукашэнка разумее, што гэта тое, чаго беларускае грамадства баіцца», – падагульняе Аляксандр Фрыдман.
У беларускага грамадства была вельмі малая колькасць магчымасцяў сутыкацца з чужым: такіх міграцыйных плыняў у Беларусь не было, яны былі праз Беларусь. А тыя, хто прыедзе з Пакістану, могуць застацца ў Беларусі – будуць браць шлюбы з усімі далейшымі наступствамі.
Але праблема, адзначае Аляксандр Фрыдман, яшчэ і ў тым, што лукашэнкаўская прапаганда нашпігоўвае грамадства выявамі мігрантаў, які чыняць забойствы і гвалтуюць у Еўропе, ёсць «нахлебнікамі» і гэтак далей. А цяпер выходзіць, што ў Беларусь прыедзе даволі вялікая група такіх людзей (пакістанскія СМІ, паводле Фрыдмана, называюць лік 150 тысячаў, у той час як афіцыйныя медыі Беларусі не надта падсвечваюць колькасцьі), і для нашай краіны гэта даволі шмат.
,,«Так што ў рамках міжкультурнага ўзаемадзеяння Лукашэнка пастанавіў зрабіць беларусам яшчэ адну прышчэпку, праверыць беларусаў на талерантнасць. Я думаю, што калі гэта сапраўды будзе рэалізавана, то Беларусь чакае сур’ёзны выбух ксенафобіі, і тады мы якраз убачым, наколькі талерантнае беларускае грамадства», – адзначае Аляксандр Фрыдман.
Бо, на думку палітычнага аналітыка, пра талерантнасць можна лёгка разважаць да тае пары, пакуль у цябе няма міжкультурных праблемаў і ты не сутыкаешся з іх наступствамі.
Раман Шавель belsat.eu