Беларусь гатовая ўзяць на працу 100–150 тысячаў пакістанскіх работнікаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 красавіка пасля перамоваў з прэм'ер-міністрам Пакістану Шэгбазам Шарыфам. Але ці сапраўды яны прыбудуць у Беларусь і што такога дрэннага адбываецца ў беларускай эканоміцы, каб Лукашэнка непрыхавана звяртаўся па дапамогу мігрантаў?
Аляксандр Кныровіч, вядоўца праграмы «Атмасфера» і госць «Двубою» з Віталём Цыганковым адразу супакойвае беларусаў: Лукашэнка «ляпнуў не падумаўшы», што рабіў ужо шматкроць.

Аднак нават калі ўлады Беларусі сапраўды завязуць працаўнікоў з Пакістану, гэта істотна паўплывае на сітуацыю ў краіне: «Наступствы былі б такія, якіх Беларусь яшчэ не ведала. Бо гэта так выглядае – 150 тысяч пакістанцаў на 9 мільёнаў беларусаў. Але давайце прыгледзімся: у нас у эканоміцы занятыя толькі 4 100 000 чалавек, сярод іх прыкладна палова – мужчыны, гэта два з невялікім мільёны. І прыедуць жа мужчыны ў працоўным веку. І таму суадносіны 150 тысячаў да двух мільёнаў выглядаюць ужо зусім іншым чынам, чымся 150 тысячаў да 9 мільёнаў. Па-другое, іх жа не будуць з верталёта скідваць, каб яны роўным слоем размеркаваліся. Яны будуць быццам у некалькіх пунктах. І ў іх суадносіны маглі б быць, калі б гэта адбывалася, адзін да трох. Ведаеце, і ў нас бы з’явіліся пакістанскія гета, трохі змяніўся б культурны ландшафт. Напэўна, для іх трэба было б будаваць рэлігійныя аб’екты. У нас была б трохі іншая краіна, калі б гэта адбылося. Але гэта цалкам, я думаю, немагчыма».

Што ж датычыць сітуацыі ў беларускіх крамах, калі растуць цэны на бульбу і яблыкі, эканамісты называюць гэта вымушаным, але неабходным крокам, каб краіна цалкам не засталася без гэтых прадуктаў. Аднак, як адзначае эканаміст Уладзімір Кавалкін, знікненне прадуктаў – «звычайнае становішча ў саўковай эканоміцы». А менавіта «назад у СССР» і збіраўся вярнуць краіну Аляксандр Лукашэнка пры маўклівай згодзе і поўным падтрыманні былога прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі, сасланага ў Нацыянальны банк. І цяпер гэтую бязладзіцу даводзіцца разграбаць новаму ўраду на чале з Аляксандрам Турчыным.
Аднак чаму менавіта цяпер расце цана на бульбу? Вольга Лойка, галоўная рэдактарка выдання «Plan B», звязвае гэта з пэўным імкненнем паспрыяць павелічэнню пасадкі бульбы найбліжэйшымі месяцамі, бо менавіта «кантраляванне цэнаў» з боку рэжыму Лукашэнкі ў мінулым годзе прывяло да скарачэння плошчаў пад бульбу на 25 %. Аляксандр Кныровіч прыводзіць яшчэ больш шакавальныя звесткі: пры БССР збіралі 13,5 млн т бульбы, сёння – каля 3 млн т. Выходзіць, беларусы ўжо ніякія не «бульбашы».

Што да інфляцыі на 2025 год, то эканаміст Андрэй Махоўскі з выдання «Белорусы и рынок» прагназуе яе на ўзроўні 10 %.
Цалкам дыскусію пра стан эканомікі Беларусі глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым: