У Беларусі працягваюцца затрыманні за перадачу маніторынгавай групе «Беларускі Гаюн» фота- і відэаздымкаў перамяшчэння па краіне расейскай вайсковай тэхнікі і вайскоўцаў. КДБ абнавіў «спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Падрабязней пра рэпрэсіі і палітычны пераслед – у нашым аглядзе.
Да сямі гадоў турмы
Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» абвясціў спыненне сваёй працы 7 лютага 2025 года, аднак затрыманні за супрацу з ім ідуць дагэтуль, як стала вядома радыё «Свабода». Арыштаваным можа пагражаць да сямі гадоў турмы.
Пра тое, што сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў «Беларускага Гаюна», стала вядома 5 лютага 2025 года. З 7 лютага праект больш не публікуе звестак пра дзеянні вайскоўцаў Расеі і Беларусі.
Пра першыя затрыманні за супрацу з «Гаюном» стала вядома ўжо 6 лютага. Тады ў звязаным з ГУБАЗіКам тэлеграм-канале з'явілася відэа з працаўніком Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Максімам Нікіценкам. Больш сілавікі не паведамлялі пра затрыманні ў гэтай справе.
Аднак журналістам радыё «Свабода» стала вядома пра некалькі выпадкаў арыштаў у сакавіку 2025 года, падставай для якіх сталі дасланыя вясной 2022 года ў «Беларускі Гаюн» фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі ды тэхнікай. Затрыманым выставілі абвінавачанні ў «спрыянні экстрэмізму» паводле ч. 4 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі або пазбаўлення волі да сямі гадоў.
Сотні зваротаў у «BYSOL»
Са словаў праваабаронцаў «Вясны», ім таксама вядома пра затрыманні беларусаў, якія дасылалі ў СМІ і тэлеграм-каналы звесткі пра перамяшчэнні расейскіх вайскоўцаў па беларускай тэрыторыі. Большасць эпізодаў прыпадае на вясну 2022 года. Аднак звестак пра хвалю затрыманняў, звязаных менавіта з узломам «Беларускага Гаюна», праваабаронцы пакуль пацвердзіць не могуць.
,,«Амаль усе выпадкі звязаныя з фота ці відэа, – кажуць у праваабарончым цэнтры «Вясна». – Нам таксама вядомы выпадак, калі чалавека арыштавалі за каментары з інфармацыяй пра перамяшчэнні расейскіх вайскоўцаў. Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавачваюць людзей, самыя розныя: 361 («Спрыянне экстрэмісцкім дзеянням»), 368 («Знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 356 («Здрада дзяржаве»), 130 («Рэабілітацыя нацызму»), часам таксама адміністратыўныя. Але ў асноўным усе вядомыя нам выпадкі датычаць арыштаў у 2022 і 2023 гадах. Пасля таго, як сілавікі атрымалі доступ да базы «Гаюна», мы дакладна ведаем толькі пра адзін выпадак. З іншага боку, гэта, вядома, не сведчыць пра тое, што такіх затрыманняў не было».
Кіраўнік фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэй Стрыжак кажа пра сотні просьбаў кансультацыяў і эвакуацыі ад людзей, якія ўвесну 2022 года дасылалі «Гаюну» звесткі пра расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. Стрыжак распавядае таксама пра хвалі арыштаў у гэтай справе і падкрэслівае, што адбываліся яны не ў адзін дзень – базу «Гаюна» адпрацоўваюць паступова.
«Час ад часу мы адзначаем усплёскі ў рэгіёнах. Больш за ўсё гэта тычыцца Гомельшчыны, дзе перамяшчэнняў расейскіх войскаў было больш за ўсё. І вось такімі ўсплёскамі бывае, што сілавікі бяруць з дзясятак чалавек. А пасля зноў зацішша. Мы такое назіраем, і гэта звязана з абмежаваным рэсурсам сілавікоў, на маю думку», – кажа кіраўнік «BYSOL».
Паводле Стрыжака, усплёск затрыманняў на Гомельшчыне меў месца цягам апошняга месца. Але сігналы пра пераслед паступаюць не толькі з Гомельскай вобласці. Са словаў праваабаронцы, па дапамогу ў сувязі са справаю «Гаюна» звяртаюцца людзі з пунктаў, дзе было шмат сухапутных расейскіх войскаў і дзе размешчаныя буйныя чыгуначныя вузлы – гэта Баранавічы, Ворша, Барысаў.
Школьны настаўнік у «спісе тэрарыстаў»
У панядзелак, 21 красавіка, стала вядома пра папаўненне Камітэтам дзяржаўнай бяспекі «Спісу асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» – у яго дадалі 8 асобаў. Сярод іх: Дзмітрый Удовін, Андрэй Дарошка, Вячаслаў Ільіч, Ігар Кісляк, Віталь Папроцкі, Сяргей Зеляноўскі, Сяргей Горлаў і Віктар Кухарчук.
Віктар Кухарчук – школьны настаўнік, жыве ў невялікай вёсцы Столінскага раёну. Яму 66 гадоў. Чалавека з такім імем судзілі 10 сакавіка 2025 года ў Берасцейскім абласным судзе паводле арт. 130 КК РБ – «Распальванне варожасці». Менавіта гэтую крымінальную справу КДБ указаў як прычыну, чаму настаўніка дадалі ў «спіс тэрарыстаў».
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1276 асобаў, з іх 582 – беларусы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu