Беларуская рэжысёрка, ураджэнка Гомельшчыны, Марыя Булавінская стварае дакументальны відэацыкл «Зона адчужэння», прысвечаны шляхецкім сядзібам у зоне радыёактыўнага забруджвання. У пятніцу, 18 красавіка, на youtube-канале 1142Х выходзіць першая серыя цыклу, другая выйдзе праз тыдзень. Каб зрабіць яшчэ фільмы, Марыі з камандай патрэбная падтрымка. Гутарым з рэжысёркай пра праект і лёс архітэктурных помнікаў у вёсках Гомельскай вобласці, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.
Тэрыторыя, адкрытая толькі 4 дні ў год
– Марыя, у абвестцы пад тызерам да першай серыі гаворыцца, што ўвесь матэрыял да фільмаў здымаўся яшчэ ў Беларусі, а потым чакаў свайго часу, калі будзе вывезены за мяжу. За які час гэтыя здымкі і ці была ўжо тады ідэя такога праекту?
– Так, я здымала гэтыя аб’екты, калі была ў Беларусі. Уся цяперашняя праца над відэацыклам пабудаваная на відэаархіве 2019 – 2020 гадоў. Але на той час яшчэ не было акрэсленай мэты. Я рабіла рэпартажы – працавала тады журналісткай, а паралельна здымала сядзібы. А яшчэ – шляхецкая спадчына Гомельшчыны – мой навуковы інтарэс. Я паводле адукацыі – гісторык, і сядзібам была прысвечаная мая магістарская праца падчас навучання ва ўніверсітэце.
Сама ідэя зрабіць такі відэацыкл нарадзілася летась. У нас быў адмысловы праект, але яго фінансаванне, як і шмат іншых беларускіх ініцыятываў, сёлета было прыпыненае. Аднак праект мы не кінулі – значную яго частку зрабілі на ўласным энтузіязме. Спадзяюся, ён будзе ацэнены гледачамі. Цяпер выходзяць першыя дзве серыі. Ёсць матэрыял для яшчэ дзвюх, але ці атрымаецца іх зрабіць, невядома. Будзем глядзець.
– Зона адчужэння – закрытая тэрыторыя. Як у цябе атрымлівалася туды трапіць?
– Так, так проста туды не праедзеш. Яе адкрываюць толькі на Радаўніцу, на 4 дні. Я карысталася гэтай магчымасцю, тым больш, што ў мяне сваякі з адселенай вёскі ў Веткаўскім раёне – Новых Грамыкаў, таму я магла туды паехаць.

Але мы спрабавалі ездзіць і ў іншы час, хоць і моцна рызыкавалі – за такое можна атрымаць вялікі штраф. Быў выпадак, калі размінуліся з міліцэйскім патрулём літаральна на хвіліны.
Радзіма паўстанца Касцюшкі 1794 года
– Распавядзі пра самі сядзібы. Пра іх мала вядома, іх не ўключаюць у турыстычныя буклеты. Чым яны адметныя?
– Самая вядомая – сядзіба Герардаў у вёсцы Дзям’янкі Добрушскага раёну. Туды, дарэчы, шмат хто ездзіць.
Яшчэ ёсць сядзіба Шульцаў у Веткаўскім раёне ў Рэчках недалёка ад вёскі Старыя Грамыкі.
Руіны дзвюх сядзібаў захаваліся на Палессі. Адна з іх – Аскеркаў і Ваньковічаў у Рудакове ў Хойніцкім раёне. Мясцовыя ўлады лічаць, што гэта адносна чыстая зона, але яна пацярпела ад радыяцыі і цяпер не жылая, проста яе статус пастаянна змяняўся.


І яшчэ ў Астраглядах Брагінскага раёну – сядзіба Прозараў. Гэта цяпер тэрыторыя Палескага радыялагічнага запаведніку.
Сядзібы ў Рудакове і Астраглядах у 2022 годзе трапілі ў зону, дзе падчас наступу на Украіну размяшчаліся расейскія вайскоўцы. Там людзі не жывуць, а вайскоўцаў размясцілі.
Гэтыя аб’екты цікавыя сваёй гісторыяй. Астрагляды – гэта радзіма паўстанца 1794 года Караля Прозара. Ёсць і іншыя вядомыя асобы, якія нарадзіліся ў гэтых мясцінах.
Аднаўляць ці пакінуць на волю лёсу?
– Як ты думаеш, якая будучыня чакае гэтыя сядзібы? Ці варта іх неяк аднаўляць, захоўваць і паказваць турыстам, ці, паколькі гэта забруджаная зона, лепш не чапаць, і іхны лёс – знікнуць?
– У Дзям’янках, напрыклад, цяпер вядзецца сельскагаспадарчая дзейнасць. Там агулам людзі доўга жылі, да 2000-х гадоў. Потым уладам падалося, што трэба ўсіх адсяліць. Адсялілі, усё пазносілі. А потым прыбралі статус забруджанай тэрыторыі, і ўжо нібыта можна там жыць, і сельскагаспадарчая дзейнасць там вядзецца, і, напэўна, можна і гэты палац аднаўляць.
Рэчкі – гэта зона адсялення, там нельга весці сельскагаспадарчую дзейнасць. Там толькі руіны захаваліся.
У Астраглядах таксама нічога нельга рабіць. Там захаваліся два флігелі ад сядзібнага комлпексу.
Рудакоў па меркаванні ўладаў цяпер – амаль што чыстая зона, таму гэтую сядзібу можна аднавіць.
Агулам, улады вельмі шкодзяць турыстычнаму патэнцыялу гэтых мясцінаў. Яны ўвесь час пад выглядам добраўпарадкавання зносяць хаты, розныя аб’екты.
Рудакоў знаходзіцца каля Палескага радыялагічнага запаведніку, і туды ездзяць турысты. У Рудакове таксама цікава паназіраць за наступствамі Чарнобыльскай катастрофы. Там знаходзіліся шматпавярховыя комплексу ПТВ, руіны сядзібы і гаспадарчыя пабудовы, якія тычыліся гэтай сядзібы. Улады некалькі гадоў таму знеслі ўсе карпусы вучэльні, а разам з імі – гаспадарчыя будынкі, якія ўваходзяць у комлпекс гісторыка-культурнай каштоўнасці, якія нельга было зносіць.
Я глядзела спадарожнікавыя фотаздымкі, і гэтых пабудоваў ужо няма. Стаяць толькі руіны палацу. Яго можна аднавіць, але асяроддзе страчанае.


Але я лічу, што ўсе гэтыя аб’екты можна было б неяк выкарыстоўваць, распавядаць пра іх – было б толькі жаданне. У Палескім запаведніку ёсць некалькі афіцыйных турыстычных маршрутаў, у іх уваходзяць Астрагляды для наведвання, але сядзіба туды не ўключаная.
«Пераапранулася ў бабку і клумках вынесла дыскі»
– Як атрымалася вывезці відэаархіў і чаму ты не забрала яго адразу, калі выязджала?
– Ён прайшоў праз шэраг прыгодаў. Напрыклад, увечары 9 жніўня 2020 года я выносіла дыскі з кватэры маёй маці, калі яна была пад наглядам міліцыянтаў. Гэта было смешнае відовішча. Каб зайсці ў пад’езд, я пераапранулася ў бабку і так у нейкіх старых клумках я вынесла ўсе дыскі, кульгаючы на адну нагу. Гэта было смешна і страшна.
Потым я перавозіла дыскі з кватэры на кватэру. А за мяжу я выехала раптоўна, думаючы, што неўзабаве вярнуся. Дыскі засталіся ў невядомых мне людзей.
Яны былі пад паролямі. Але знешнія дыскі не могуць проста так ляжаць вечнасць, яны проста маглі не адкрыцца пасля доўгага часу невыкарыстання. Таму я рызыкнула. Вярнула іх. Гісторыя доўгая, як гэта адбылося. Пакіну яе пакуль без агучвання.
3D-візуалізацыі – асобная даследчыцкая праца
– Якую мэту ты ставіш перад сабой, робячы фільмы на матэрыяле з Беларусі пяцігадовай даўніны? Нагадаць беларусам пра гэтыя мясціны, лёс закінутай спадчыны? Ці, паколькі ты цяпер у Польшчы, магчыма, распавесці жыхарам еўрапейскіх краінаў пра гэты бок наступстваў аварыі на ЧАЭС?
– Мая мэта – папулярызацыя гісторыі. Гэта маладасяжныя аб’екты, пра якія ў мяне ёсць інфармацыя. Пры чым, шмат якая інфармацыя ўнікальная, здабытая мной падчас навучання, напісання магістарскай працы. Таму я хачу распавесці пра тое, што ў мяне атрымалася адкрыць.
– У фільмах выкарыстоўваецца багатая 3D-візуалізацыя. Можаш распавесці, хто яе аўтар і як яна рабілася: на падставе архіўных дакументаў альбо адноўлены выгляд сядзібаў – аўтарская фантазія?
– 3D-візуалізацыі рабіў вулічны мастак StreetWind. Выявы вельмі блізкія да таго, як гэтыя сядзібы выглядалі ў мінулым, таму што яны рабіліся па апісаннях, старых фотаздымках. Яны вельмі дасканалыя, я лічу. Гэтыя сядзібы даследавалі польскія аўтары, захаваліся апісанні ад былых гаспадароў маёнткаў. Мы падымалі ўсе вядомыя крыніцы, аналізавалі, шукалі.
Таму гэтыя 3D-візуалізацыі – гэта асобная даследчыцкая праца, пошук. Напрыклад, чагосьці няма на фотаздымках, значыць, шукаюцца аналагі, нешта падобнае, што магло быць у той час. Таму гэта таксама сур’ёзная навуковая праца.
Як можна дапамагчы?
– Якая дапамога цяпер патрэбная табе і камандзе?
– Нам патрэбнае фінансаванне, каб выйшлі яшчэ серыі. Дакладную суму я пакуль не магу назваць, але, магчыма, яна будзе пазней. Што тычыцца маёй працы, я сабе кампенсавала толькі падаткі і сацыяльныя ўзносы, у астатнім я працавала за ідэю. Нейкай сметы зараз няма.

У нас ёсць напрацоўкі па 3D-візуалізацыі для 3-й серыі пра Дзям’янкі, але яшчэ няма ні сцэнару, ні мантажу. Для 4-й серыі пакуль нічога ўвогуле няма, акрамя відэаматэрыялу, працу па ёй пакуль не пачыналі ўвогуле. То бок, зроблена шмат, колькі было магчыма запланаваць у бягучых умовах.
Мы робім таксама польскамоўны варыянт. Я не ведаю, ці будзе шмат жадаючых падтрымаць гэта фінансава. Але будзем удзячныя за любую падтрымку, і калі будзе магчымасць, зробім 3 і 4 серыі.
– Вы робіце польскамоўны варыянт? А наколькі цікавая гэтая частка беларускай гісторыі палякам?
– Не ведаю, ці будзе гэта цікава палякам. Але ў фільмах закранаюцца нейкія моманты нашай агульнай гісторыі: гэта і падзеі часоў Рэчы Паспалітай, і шляхецкая спадчына. Як для мяне, любыя такія маладасяжныя аб’екты могуць быць цікавыя шмат каму. Як і тэма наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, як яно выглядае цяпер, як яно было... Але які поспех гэты кантэнт будзе мець сярод палякаў, на сённяшні дзень не магу сказаць.
Першая серыя відэацыклу – тут.
Падтрымаць праект можна праз спасылку.
Наўпроставы кантакт з аўтаркай праекту: 1142xh@gmail.com
Марыя Булавінская – рэжысёрка, журналістка, гісторык. Аўтарка шматлікіх дакументальных стужак, пераможца творчага конкурсу Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова» ў намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры» за фільм «Над сістэмай». Марыя вымушана з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе. У студзені 2025 года рэжысёрка даведалася, што ейны дом на Гомельшчыне арыштаваны.
Ганна Ганчар belsat.eu