Сейм Літвы не будзе ўводзіць больш жорсткіх санкцый супраць беларусаў і адбіраць від на жыхарства за паездкі ў Беларусь, аднак падаўжае старыя санкцыі. Пра гэта паведаміў Сейм Літвы.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька адзначыў, што гэтага ўдалося дамагчыся з дапамогай саюзнікаў дэмсіл Беларусі ў Сейме Літвы з групы «За дэмакратычную Беларусь».
,,«Папраўкі па беларусах былі адобраны ў профільных камітэтах Сейма па бяспецы і міжнародных справах. Звычайна гэта азначае адно – Сейм аўтаматычна падтрымлівае змены. Але калі вы верыце ў тое, што вы робіце, вы абавязкова знойдзеце саюзнікаў. І мы іх знайшлі праз сустрэчы, кансультацыі, зборы. Большасць Сейма нас падтрымала», – распавёў Анатоль Лябедзька.
Ён дадаў, што «еўрабеларусы – гэта магчымасць, а не праблема для Літвы».
Беларусы маглі апынуцца без літоўскага ВНЖ разам з расейцамі, у дачыненні да якіх усё ж былі ўведзеныя новыя санкцыі. Яны пачнуць дзейнічаць з 3 траўня 2025 года.
,,«Дазвол на часовае пражыванне, выдадзены расейскаму грамадзяніну ў Літве, будзе ануляваны, калі будзе ўстаноўлена, што за апошнія 3 каляндарных месяца ён больш за адзін раз выязджаў у Расею ці Беларусь», – адзначае Сейм Літвы.
Выключэнне толькі для людзей, якім давялося выехаць па аб'ектыўных незалежных ад іх прычынах, а таксама для супрацоўнікаў сферы перавозак, якія працуюць з транзітам праз Літву.
Разам з тым Сейм Літвы падоўжыў да 2 траўня 2026 года старыя санкцыі ў дачыненні да беларусаў і расейцаў за вайсковую агрэсію супраць Украіны.
Згодна з ужо ўведзенымі абмежаваннямі, беларусы і расейцы не могуць падацца на шэнгенскую візу, калі заявай не займаецца Міністэрства замежных спраў Літвы.
Калі грамадзяне Беларусі заязджаюць у ЕЗ праз Літву, праводзіцца дадатковая ацэнка іх пагрозы для дзяржаўнай палітыкі Літвы, унутранай бяспекі, здароўя насельніцтва або міжнародных адносін любой з дзяржаў-чальцоў Шэнгенскай зоны.
У дачыненні да расейцаў дзейнічае яшчэ шэраг абмежаванняў.
Санкцыі ўведзеныя з 3 траўня 2023 года ў сувязі з вайной Расеі супраць Украіны.
Арсен Рудэнка belsat.eu