Суботняя школка для дзяцей, што працуе пры Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча, з красавіка гэтага года не мае фінансавання і просіць аб дапамозе. Адпаведная абвестка з’явілася на Фэйсбук-старонцы музею.
Настаўнікі і адміністрацыя школкі гатовыя працаваць на валанцёрскай аснове, каб давесці да канца гэты навучальны год.
«Але што будзе з школкаю налета? Мы не ведаем», – гаворыцца ў абвестцы.
Цяпер адміністрацыя музею актыўна шукае шлях фінансавання школкі. Імаверна, некаторыя гурткі давядзецца перавесці на платную аснову.
,,«Але ўсё ж гурткі па роднай мове, беларусазнаўстве, гісторыі Беларусі мы вельмі-вельмі хочам захаваць бясплатнымі! Бо доступ да адукацыі па гэтых тэмах, пагатоў у эміграцыі, павінен быць бясплатным», – перакананыя стваральнікі школкі.
Музей імя Івана Луцкевіча заклікае ўсіх неабыякавых беларусаў, якія жывуць у Літве, актыўна ўзяць удзел у праграме перадачы 1,2 % падаткаў на некамерцыйныя арганізацыі.
Рэквізіты музею: Luckevičiaus baltarusių muziejus, VšĮ, код установы 110082694.
Музей падрыхтаваў падрабязную інструкцыю, як перавесці грошы ў сваім падатковым кабінеце.
Усе пералічаныя грошы абяцаюць пусціць на фінансаванне школкі на 2025/26 навучальны год, найперш – выкладчыкам беларускай мовы, беларусазнаўства, гісторыі Беларусі.
«Будзем шчыра ўдзячныя за падтрыманне школкі! Яе лёс – у вашых руках. У руках усёй грамадзянскай супольнасці беларусаў Літвы», – рэзюмуе адміністрацыя музею.
У суботняй школцы, а таксама шэрагу гурткоў пры Віленскім беларускім музеі імя І. Луцкевіча дзеці маюць магчымасць вывучаць беларускую мову, літаратуру, культуру, спевы на роднай мове, традыцыйныя рамёствы, беларускі строй. Таксама музей рэгулярна ладзіць разнастайныя культурніцкія імпрэзы, сустрэчы з рознымі дзеячамі, пісьменнікамі, актывістамі.
13 красавіка, у Вербную нядзелю, у музеі імя І. Луцкевіча пройдзе Суседскі фэст пісанак – свята міжкультурнай камунікацыі і творчай рэфлексіі. На фэсце будуць рэпрэзентаваныя беларускія, літоўскія і ўкраінскія традыцыі аздаблення велікодных яек – пісанак. Навучыцца фарбаваць яйкі можна будзе на майстар-класах. Акрамя таго, будуць спевы, танцы і гарбата.
Падтрымаць беларускі музей імя І. Луцкевіча заклікаў ІТ-бізнесовец Аляксандр Куўшынаў, які набыў славуты гадзіннік Франака Вячоркі. Куўшынаў ахвяраў 5000 еўраў на дзве беларускія ініцыятывы: «Razam» – фонд, што дапамагае беларусам у Літве, ладзіць культурніцкія падзеі і вядомы сваёй тэатральнай студыяй, а таксама Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча.
Марыя Міхалевіч belsat.eu