У Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча 13 красавіка, у Вербную нядзелю, пройдзе Суседскі фэст пісанак – свята міжкультурнай камунікацыі і творчай рэфлексіі.
На фэсце будуць прадстаўленыя беларускія, літоўскія і ўкраінскія традыцыі аздаблення велікодных яек – пісанак. Навучыцца фарбаваць яйкі можна будзе на майстар-класах. Акрамя таго, будуць спевы, танцы і гарбата.
«У цэнтры фестывалю – мастацтва ўпрыгожвання яек. Кожная тэхніка – адлюстраванне душы свайго народу. Аддаяце вы перавагу мінімалісцкай элегантнасці беларускай пісанкі, смелым жыццесцвярджальным узорам украінскага роспісу яек ці містычным матывам літоўскага маргуча – у любым разе ў вас будзе шанец стварыць уласны сімвал абнаўлення. Гэты медытатыўны, амаль магічны працэс запрашае нас спыніцца, паразважаць і стварыць асабістую сувязь з сусветам», – распавядаюць ініцыятары падзеі.
Фэст ладзіцца супольна з Грамадзянскай ініцыятывай. На ім выступяць «EthnoExpert Talk» і Андрусь Такінданг. «Вясна – час для птушак віць гнёзды, а для нас – збірацца на шчырыя святы! Тут мы натанчымся, наспяваемся, знойдзем велікодныя скарбы, пасябруемся ў карагодах ды за гарбатай, паслухаем "EthnoExpert Talk" і зарадзімся энергіяй ад неверагоднага звышэнергічнага сонечнага Андруся Такінданга. І канешне ж, зробім для каго зачуры, для каго арт-аб'екты, для каго пісанкі, але для ўсіх – творчыя шчырыя эксперыменты пра жыццёвую сілу, святло ды надзею», – запрашаюць арганізатары.

Распачнецца фэст аб 11-й гадзіне. Адрас: Viniaus g., 20, Вільня, Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Рэкамендаваны данат – 5 еўраў. Вітаюцца народныя строі.
Запіс на майстар-класы – па спасылцы.
Расклад фэсту: 11:00–12:00 – адкрыццё фэсту, выступ «EthnoExpert Talk»
Майстар-класы:
- 12:00–13:45 – тры майстар-класы: беларуская, украінская, літоўская традыцыі пісанак (для дарослых)
- 11:00–12:00 – майстар-клас дэкору велікоднага яйка (для дзяцей 5+)
- 11:00–12:00 – майстар-клас «Вясновы шалік з набіванкай» (для дзяцей 8+)
Гульні для дзяцей:
- 12:00–13:00 – велікодны пошук яек
- 13:00–14:00 – традыцыйныя вясновыя гульні з дзецьмі
Этнаканцэрт:
- 14:00–15:30 – этнаканцэрт. Выступаюць: Dorotė Girėja, вулічны тэатр «ВІР», аматарскі хор «Навокал», гурт беларускіх традыцыйных спеваў «Беларускі цуд», аматарскі хор «PraDziva», сямейны гурт «Світанак» ды іншыя калектывы.
- 15:30–16:00 – майстар-клас беларускіх, украінскіх, літоўскіх народных танцаў.
- 16:00–16:30 – выступае Андрусь Такінданг | Andruś
- 16:30 -19:00 – народныя танцы да ўпаду з Клубам еўрапейскіх сацыяльных танцаў «Vałoška».
Марыя Міхалевіч belsat.eu